Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы Менску і Брусэля пра Шэнген затрымліваюцца


Экспэртныя кансультацыі аб спрашчэньні візавага рэжыму паміж Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу, якія плянавалася правесьці ў Менску ў другой палове траўня, пройдуць пазьней.

Пра гэта Свабодзе сёньня паведаміў прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык:

«Цяпер мы знаходзімся ў працэсе ўдакладненьня з Эўракамісіяй гэтага дакладнага часу. Эўрапейская камісія не пасьпела сфармаваць сваю экспэртную дэлегацыю, якая магла б пачаць перамовы ў сярэдзіне траўня. Таму не выключаю, што гэтыя кансультацыі пачнуцца крышачку пазьней.

Беларускі бок гатовы для працэдураў. У магчымым спазьненьні няма ніякіх палітычных матываў. Гэта чыста тэхнічныя моманты. І мы спадзяемся, што іх хутка ня стане».

Дамоўленасьць пра ўзаемныя кансультацыі была дасягнутая напрыканцы красавіка падчас паездкі ў Будапэшт намесьніцы міністра замежных спраў Беларусі Алены Купчыной. Там яна ўдзельнічала ў сустрэчы міністраў замежных спраў краін-удзельніц Вышаградзкай групы і «Ўсходняга партнэрства».

Грамадзяне Беларусі, якія жадаюць наведаць эўрапейскія краіны, знаходзяцца ў горшых умовах, чым суседзі з Расеі і Ўкраіны. Тыя за шэнгенскую візу плацяць 35 эўра, беларусы — 60.

Дарэчы, спрашчэньне візавых працэдур і транспамежная мабільнасьць — галоўныя тэмы круглага стала, які ладзіць 15–16 траўня ў Вене Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ. Афіцыйная беларуская дэлегацыя на ім выступіць «за неабходнасьць максымальнага спрашчэньня візавага рэжыму на прасторах арганізацыі, зыходзячы з таго, што краіны-чальцы ўжо заклалі ў базавых дакумэнтах АБСЭ аснову для дасягненьня гэтай мэты».

З прапановамі аб спрашчэньні візавага рэжыму да Брусэля раней ня раз зьвярталіся прадстаўнікі беларускай апазыцыі і дэмакратычнай супольнасьці. У адказ яны чулі, што афіцыйныя беларускія ўлады адмаўляюцца весьці такія перамовы. Апазыцыя нават прапаноўвала кіраўніцтву Эўразьвязу і Эўракамісіі ўвесьці бязьвізавы рэжым для грамадзянаў Беларусі. «Але ў Брусэлі не гатовыя да такіх радыкальных крокаў візавай лібэралізацыі», — кажа дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

А палітоляг Андрэй Фёдараў адзначае:
Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

«Беларускія ўлады раней не імкнуліся да такога вольнага перамяшчэньня сваіх грамадзянаў. Найперш, у Эўропу. Так што патрэбны час, каб паглядзець, наколькі шчырыя іхнія апошнія заявы».

Афіцыйную згоду на перамовы аб візавым спрашчэньні даў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей на апошнім саміце краін «Усходняга партнэрства» ў Вільні. Пасьля прагучала і пажаданьне скончыць перамовы не пазьней за пачатак 2015 году.
XS
SM
MD
LG