Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Данбасе будзе горш, чым у Прыднястроўі, — лідэр прафсаюзу шахцёраў


Кіраўнік незалежнага прафсаюзу гарнякоў Данбасу Мікалай Валынка ў інтэрвію Свабодзе заявіў, што словам Рыната Ахметава пра адзіную Ўкраіну верыць ня варта.


Данецкі мільярдэр Рынат Ахметаў праігнараваў учарашні «круглы стол» у Кіеве наконт адзінства дзяржавы, але прыслаў свой відэазварот, у якім, у прыватнасьці, заявіў:

«Дэцэнтралізацыя ўлады — гэта тады, калі ўлада з Кіева пераходзіць у рэгіёны. Гэта тады, калі ўлада не прызначаецца, а выбіраецца. І гэта тады, калі мясцовая ўлада бярэ адказнасьць за сучаснасьць і будучыню перад людзьмі. Я глыбока перакананы, што шчасьлівым Данбас можа быць толькі ў адзінай Украіне», — сказаў самы багаты ўкраінец Рынат Ахметаў.

Гэтыя словы мільярдэра, уласьніка шматлікіх актываў у Данбасе Свабода папрасіла пракамэнтаваць старшыню незалежнага прафсаюзу гарнякоў Данбасу Мікалая Валынку.

— Мікалай Мікалаевіч, ці можна верыць гэтым словам Рыната Ахметава?

— Для таго каб у гэта паверылі, Ахметаў мусіць пацьвердзіць гэта ня толькі словамі, але і справамі.

— Як вы думаеце, ці могуць гарнякі ў Данбасе стаць стабілізуючай сілай, як тое здарылася з мэталістамі ў Марыюпалі, дзе яны разабралі блёк-пасты дывэрсантаў, у той час як сілавікі ўкраінскай арміі пакінулі горад, каб не ператвараць апэрацыю ў мясарубку?

— Калі шахцёры зразумеюць да канца, што тут творыцца і што прапаноўваецца, то яны выступяць стабілізатарам сытуацыі, як гэта здарылася ў Марыюпалі. Але ўсяму свой час, і пакуль ён не прыйшоў.

— Гэта значыць, што шахцёры пакуль яшчэ вераць расейскай прапагандзе і падтрымліваюць лёзунгі дывэрсантаў?

— Многія ўжо цяпер пачынаюць разумець. Раней шахцёры ў сваёй большасьці думалі, што ўсё добра, што пойдзем у Расею і будзем жыць прыпяваючы. Але цяпер стала ясна, што гэтыя шахты Расеі не патрэбныя, што гэты народ ёй таксама не патрэбны. Расеі патрэбная толькі тэрыторыя. І ўсё.

— Ёсьць шмат інфармацыі пра тое, як сэпаратысты рабуюць людзей у Данбасе. Чаму шахцёры паводзяць сябе пасіўна ў гэтай сытуацыі? Чаму не даюць адпор?

— Таму што 23 гады нам упарта гаварылі пра тое, што ўсё добра, Расея — наш добразычлівы сусед і мы з расейцамі браты. А выявілася, што ўсё наадварот.

— Чым можа скончыцца канфлікт на ўсходзе Ўкраіны?

— Я кажу з самага пачатку канфлікту, што Данбас у выніку можа ператварыцца ў «шэрую зону», такую, як Прыднястроўе, толькі яшчэ горшую ў некалькі разоў.
XS
SM
MD
LG