Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Турчынаў: антытэрарыстычную апэрацыю спыняць, калі тэрарысты складуць зброю


Антытэрарыстычная апэрацыя на ўсходзе Ўкраіны можа быць спыненая толькі пры ўмове складаньня тэрарыстамі зброі і вызваленьня закладнікаў.

Пра гэта выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны, старшыня Вярхоўнай Рады Аляксандр Турчынаў заявіў на паседжаньні парлямэнта ў адказ на патрабаваньні дэпутатаў ад Партыі рэгіёнаў і Кампартыі Ўкраіны неадкладна спыніць антытэрарыстычную апэрацыю.

Турчынаў адзначыў, што апэрацыя праводзіцца з мэтай абароны мірных жыхароў, паведамляе УНІАН. Паводле словаў Турчынава, сёньня на паседжаньні Пагаджальнай рады абмяркоўвалася, што «не выключаецца прыняцьце дэклярацыі Вярхоўнай Рады, і на падставе гэтай дэклярацыі можа быць створана група з прадстаўнікоў кожнай фракцыі, якая ўнясе прапанову, што антытэрарыстычная апэрацыя можа быць спыненая, калі будзе складзеная зброя, калі будуць вызваленыя закладнікі».

Ён падкрэсьліў, што «выступае за тое, каб вырашаць пытаньні мірным шляхам з тымі, хто гатовы да супрацоўніцтва, да размовы, да дыялёгу». У той жа час ён падкрэсліў, што «тыя, хто вядзе вайну супраць Украіны, будуць атрымліваць адэкватны адказ».

Перад гэтым лідэр фракцыі КПУ Пятро Сіманенка запатрабаваў тэрмінова спыніць апэрацыю і неадкладна вывесьці войскі з Луганскай і Данецкай абласьцей. З такім жа патрабаваньнем учора выступіў кіраўнік баевікоў у Славянску Вячаслаў Панамароў.

Народны дэпутат ад Партыі рэгіёнаў Мікалай Леўчанка патрабаваў на час мірных перамоваў спыніць антытэрарыстычную апэрацыю, расфармаваць Нацыянальную гвардыю і батальён «Днепр». А затым фракцыя «Партыі рэгіёнаў» у поўным складзе пакінула залю пасяджэньняў Вярхоўнай Рады.
XS
SM
MD
LG