Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская мова як мода ваеннага часу


Ва Ўкраіне сфармаваўся модны трэнд, калі расейскамоўныя патрыёты сьвядома пераходзяць на ўкраінскую. Сытуацыю разглядае карэспандэнтка ўкраінскай службы нашага радыё Яна Палянская.

Экспэрты ўсё ж сумняваюцца, ці сапраўды гэтыя расейскамоўныя будуць працягваць гаварыць на дзяржаўнай мове пасьля таго, як сытуацыя ў краіне стабілізуецца. На думку псыхолягаў, толькі моцныя асобы вытрымаюць ціск атачэньня і ня вернуцца да звычайнай мовы зносінаў.

Харкаўчанін Лекс Грында заўсёды размаўляў на расейскай, аднак перайшоў на ўкраінскую мову, калі пачалася агрэсія з боку Расеі. На яго думку, калі б пераважная колькасьць насельніцтва на ўсходзе краіны мела зносіны на дзяржаўнай мове, Расея ня мела б зачэпкі абараняць расейскамоўных ўкраінцаў.

Лекс лічыць, што менавіта пераход на ўкраінскую можа падняць нацыянальную самасьвядомасьць. Раней хлопец ужо спрабаваў мець зносіны выключна на дзяржаўнай мове і заклікаў да гэтага сяброў, аднак атрымалася толькі цяпер.

«Кожны раз, калі я размаўляў на ўкраінскай мове, хтосьці, элемэнтарна, не разумеў; нехта лічыў, што я гэта раблю наўмысна, каб пахваліцца або вылучыцца з асяродзьдзя. І неяк яно ня склалася. Я такі чалавек, што ня вельмі залежу ад меркаваньня большасьці людзей, але нават ня гледзячы на гэта, мне не ўдалося цалкам перайсьці», — распавядае Лекс.

На гэты раз пераход на ўкраінскую таксама даецца хлопцу нялёгка: то слова расейскае трапляецца, то акцэнт ў вымаўленьні. Аднак Лекс працягвае практыкавацца і не плянуе вяртацца да расейскай, нават калі сытуацыя на ўсходзе і поўдні Ўкраіны стабілізуецца.

«Я радзіму не выбіраў. Таму гэта, наадварот, паспрыяе таму, каб я гаварыў на ўкраінскай мове. Я ня супраць расейскай мовы і ня супраць расейскіх грамадзянаў. Я супраць таго бязладзьдзя, якое мае месца апошнім часам», — дадае харкаўчанін.

На думку псыхатэрапэўта Натальлі Глухенькай, патрыятычная моладзь спрабуе самасьцьвердзіцца, пераходзячы на ўкраінскую мову. Адчуваючы падтрымку аднадумцаў, яны фармуюць своеасаблівы модны трэнд. Аднак экспэрт перакананая, што толькі моцныя асобы будуць працягваць гаварыць па-ўкраінску пасьля таго, як сытуацыя ў краіне стабілізуецца.

«Чалавек, якому не хапае самаўпэўненасьці, які ўнутрана слабы, заўсёды будзе там, дзе большасьць. І такім чынам ён будзе самасьцьвярджацца. Але калі ўсе гэтыя працэсы скончацца, то такія людзі, як правіла, вяртаюцца да свайго папярэдняга жыцьця», — падсумоўвае Глухенькая.

На думку псыхоляга Алены Ляшчынскай, цяпер усё больш расейскамоўных ўкраінцаў ўсьведамляюць сябе патрыётамі. Такім чынам, сьвядомы пераход на ўкраінскую мову — гэта іх рэакцыя на падзеі ў краіне.

«Ня факт, што яны будуць прытрымлівацца гэтага і надалей, хоць погляды і патрыятызм ды пачуцьці ня зьменяцца», — лічыць псыхоляг.

Экспэрты адзначаюць, што чым больш будзе палітычных пагрозаў Украіне з боку іншых дзяржаваў, тым больш востра людзі будуць адчуваць нацыянальную самаідэнтыфікацыю.
XS
SM
MD
LG