Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Мы гатовыя аказаць Украіне любую дапамогу, акрамя пасярэдніцтва


Беларусь гатова аказаць Украіне любую дапамогу і падтрымку, але катэгарычна супраць пасярэдніцтва, заявіў Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з паслом Украіны ў Беларусі Міхаілам Ежэлем.

«Калі вам будзе патрэбна нейкая дапамога ад нас — акрамя пасярэдніцтва, вось гэта выключана, я цярпець не магу пасярэдніцтва — калі патрэбна будзе дапамога як ад чалавека, які вельмі блізка да сэрца ўспрымае ўсё, што адбываецца ва Украіне, я гатовы ў любы момант падтрымку, гэтую дапамогу аказаць, калі яна будзе патрэбна», — цытуе Лукашэнку Інтэрфакс.

Аляксандар Лукашэнка выказаў пажаданьне, каб тыя падзеі, якія яшчэ адбываюцца ва Ўкраіне і маюць нэгатыўнае разьвіцьцё, хутчэй скончыліся:

«Каб Украіна разьвівалася як адзіная цэласная дзяржава, каб гэта была наша Ўкраіна. Ніколі мы нават не ўяўляем сабе, каб Украіна займала нейкую пазыцыю, адваротную Беларусі. І я адкрыта казаў па пытаньнях, якія нас вельмі хвалююць, у тым ліку зьвязаных з НАТО. Вы як чалавек ваенны, напэўна, разумееце мяне ў гэтым пляне. Няма неабходнасьці ўцягваць Украіну ў нейкія блёкі, уводзіць туды нейкія войскі, ні з аднаго, ні з другога, ні з трэцяга, ні з дзесятага боку».

«Украіна павінна быць Украінай. Гэта 45 мільёнаў насельніцтва, блізкі нам народ. Гэта самадастатковая краіна, і калі ёй дапамагчы, а не перашкаджаць, то гэта будзе вельмі ўплывовая краіна. Ну, можа, камусьці не хочацца, каб яна была моцнай і ўплывовай, але гэта не мая пазыцыя і не беларускага народа. Мы хочам бачыць моцную Украіну, зь якой можна супрацоўнічаць, гандляваць, як мы рабілі гэта апошнія гады. У нас быў пэўны прырост. Мы спадзяемся, што вернемся да гэтых аб’ёмах, і мы гатовыя у гэтым кірунку зрабіць максымум. Вы ў гэтым павінны быць упэўнены», — падкрэсьліў кіраўнік Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG