Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі: Менск зацікаўлены ў прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне


Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык, адказваючы на пытаньні журналістаў, агучыў афіцыйную пазыцыю Беларусі па ўкраінскай праблеме.

Дзьмітры Мірончык, у прыватнасьці, сказаў:

«Пазыцыя Беларусі па пытаньні фэдэралізацыі Ўкраіны была выказаная кіраўніком нашай дзяржавы даўно і застаецца нязьменнай. Мы неаднаразова зьвярталіся да ўсіх бакоў канфлікту з прапановай усьвядоміць сваю адказнасьць за краіну і, не зацягваючы, сесьці за стол перамоваў. Рашэньне гэтага канфлікту павінна мець аб’яднальны, а не разьяднальны прынцып. Яго неабходна ў першую чаргу вырашаць у рамках шырокага грамадзкага дыялёгу, у якім былі б прадстаўленыя інтарэсы ўсіх сілаў, якія цяпер знаходзяцца па розныя бакі барыкадаў.

Што тычыцца выбараў, дык самастойнае вызначэньне кірунку свайго разьвіцьця — гэта неад’емнае сувэрэннае права ўкраінскага народа. Выбары — гэта лепшая і найбольш прыймальная форма дэмакратыі, дэмакратычная форма рэалізацыі такога права. Мы думаем, што ў той сытуацыі, якая склалася цяпер, у краіне крайне неабходная стабільная ўлада, легітымнасьць якой бы базавалася на выніках выбараў. Разам з тым важна, каб права свабоднага волевыяўленьня мелі грамадзяне ўсіх рэгіёнаў Украіны».

Дзьмітры Мірончык сказаў, што прадстаўнікі Беларусі будуць удзельнічаць у назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі — як у нацыянальнай якасьці, так і па лініі рэгіянальных арганізацыяў.
XS
SM
MD
LG