Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША і Эўразьвяз вітаюць круглы стол у Кіеве


Аднак, шмат спадзяваньняў на спробу дыялёгу паміж цэнтрам і ўсходам Украіны ў Вашынгтоне і Брусэлі не ўскладаюць.

14 траўня ў Кіеве пачаўся круглы стол для ўрэгуляваньня крызісу ва Ўкраіне. Дыскусія адбываецца пад кіраўніцтвам былых прэзыдэнтаў Леаніда Краўчука і Леаніда Кучмы, а таксама выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандра Турчынава.

У сустрэчы, якая праходзіць пад эгідай АБСЭ, бяруць удзел палітыкі з усіх рэгіёнаў Украіны, прадстаўнікі духавенства і замежныя дыпляматы. Праўда, лідэры сэпаратыстаў з так званых Данецкай і Луганскай народных рэспублік, як і данецкі бізнэсмэн Рынат Ахметаў, удзелу ў ёй не бяруць. Аднак рэгіён, акрамя іншых, прадстаўлены народным дэпутатам і кіраўніком Луганскай абласной арганізацыі Партыі рэгіёнаў Аляксандрам Яфрэмавым.

Круглы стол у Кіеве — першая з сэрыі дыскусій, якія павінны прайсьці з мэтай спыненьня гвалту. Паводле словаў Аляксандра Турчынава, задачай круглага стала ёсьць захаваньне Ўкраіны.

«Кажуць, што мы ня хочам чуць Данецкі рэгіён. Мы хочам пачуць. Але для таго, каб быць пачутым, ня трэба страляць, ня трэба рабаваць, ня трэба захопліваць дамы. Мы адкрытыя да дыялёгу, і Кабінэт міністраў гатовы пачаць істотныя рэформы», — сказаў, адкрываючы круглы стол в.а. прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандр Турчынаў.

У ЗША і ЭЗ вітаюць спробу весьці дыялёг паміж рознымі палітычнымі сіламі Ўкраіны. У той жа час шмат надзей на рашэньне ўкраінскага крызісу, выкліканага, у першую чаргу, агрэсіяй Расеі, на яго не ўскладаюць.

«Мы вітаем намаганьні ўкраінскага ўрада пачаць дыялёг для нацыянальнага прымірэньня і адзінства пад эгідай АБСЭ, у якім бяруць удзел таксама ўкраінцы з ўсходніх і паўднёвых рэгіёнаў. Мы заклікаем Расею падтрымаць гэтыя намаганьні. Зрэшты, мы, вядома, разумеем нежаданьне ўкраінскага ўрада весьці дыялёг з тымі, у каго, у прамым сэнсе слова, рукі па локаць у крыві», — сказаў падчас штодзённага брыфінгу прадстаўнік Белага дома Джэй Карні.

Пра гэта паведамляе служба навінаў «Голасу Амэрыкі».

Сытуацыю ва Ўкраіне абмяркоўвалі таксама ў Парыжы міністры замежных спраў Францыі і Нямеччыны. Да іх павінны далучыцца іх калегі з ЗША і Вялікабрытаніі.

«Мы зробім папярэднюю ацэнку пачатку нацыянальнага дыялёгу ва Ўкраіне і затым, зь дня на дзень, будзем глядзець, што мы можам зрабіць, каб паўплываць на ход падзей з тым, каб было магчыма арганізаваць сумленныя выбары ва Ўкраіне 25 траўня», — заявіў падчас брыфінгу для прэсы міністар замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер.

Адначасова ў заходніх краінах ідзе дыскусія адносна наступнага раўнду санкцыяў супраць Расеі. Напярэдадні міністар замежных спраў Францыі Ларан Фабіюс растлумачыў у Вашынгтоне, пры якіх умовах Парыж гатовы ўвесьці санкцыі супраць Расеі:

«Калі будуць існаваць перашкоды ў правядзеньні выбараў, мы будзем рэагаваць. Магчыма, увядзеньнем дадатковых санкцыяў. Новыя санкцыі могуць быць у фінансавым сэктары, энэргетычным і абаронным», — сказаў ён падчас прэс-канфэрэнцыі ў Інстытуце Брукінгса.

Прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Герман ван Ромпэй заявіў, што ЭЗ застанецца адданым сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны:

«Пасьля нелегальнай анэксіі Крыма і Севастопаля Эўрапейскі зьвяз увёў санкцыі супраць шэрагу фізычных асобаў і прадпрыемстваў. У выпадку далейшай дэстабілізацыі, Эўрапейскі зьвяз застаецца адданым ідэі павелічэньня цаны, якую давядзецца заплаціць Расеі за свае дзеяньні».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG