Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Варанку» з Вайцюшкевічам па ўсёй Беларусі


Зьміцер Вайцюшкевіч сьпявае “Варанка”

Зьміцер Вайцюшкевіч сьпявае “Варанка”

Зьміцер Вайцюшкевіч распачаў тур па Беларусі ў падтрымку свайго альбому беларускага шансону «Варанок».

На гэтым тыдні адбыліся выступленьні Вайцюшкевіча ў Гомелі і Магілёве. Паслухаць жыўцом песьні з альбому, які сам Вайцюшкевіч называе зборнікам беларускага турэмнага шансону, прыйшло нямала людзей. Радыё Свабода вяла наўпроставую відэатрансьляцыю зь першай прэзэнтацыі зборніка ў Менску. 14 траўня ў Магілёве Зьміцер Вайцюшкевіч ня толькі сьпяваў, але і адказваў на пытаньні.

Зьміцер Вайцюшкевіч прэзэнтаваў «Варанок» пры канцы мінулага году. Натхніў на працу музыку і напісаў большасьць тэкстаў для зборніка паэт Генадзь Бураўкін. Паводле Зьмітра Вайцюшкевіча альбом пазытыўна прыняты крытыкамі і аўдыторыяй. Некаторыя песьні зь яго сталі папулярнымі ў кіроўцаў і бізнэсоўцаў — напрыклад загалоўная песьня альбому «Варанок», а таксама песьня «Мама».

Вайцюшкевіч заўважае, што «Варанок» — праект, які разьлічаны на шырокую аўдыторыю, што часам ня можа двух слоў зьвязаць па-беларуску:

«Варанок» — гэта спроба зрабіць нешта сваё, адаптаваць тэму пад беларускія рэаліі, — даводзіць музыка, — У нас шмат людзей, якія сядзяць. Хто крымінальнік, а хто невінаваты сядзіць. Хто палітычны сядзеў ці будзе сядзець. У Гомелі на канцэрце ўзялі дыск «Варанок» для маладафронтаўца, якога неўзабаве павінны вызваліць. Такі вось іранічны падарунак«.

Многія беларускамоўныя музыкі дагэтуль застаюцца пад негалоснай забаронаю ўладаў. Яны ня могуць выступаць у вялікіх залях і ў адкрытую гастраляваць. Наяўнасьць «чорных сьпісаў» улада не прызнае. Зьміцер Вайцюшкевіч адзначае, што такія сьпісы ёсьць і яны істотна перашкаджаюць творчасьці беларускіх артыстаў — і ён не выключэньне:

«Гэтыя «чорныя сьпісы» для нацыянальнай культуры, беларускай песьні, якая гучыць па беларускім радыё ўсё меней і меней, — ня добрая зьява. Я дужа хацеў бы, каб зьніклі гэтыя «сьпісы». Яны — перажытак «царызму», — кажа сьпявак. — Я хацеў бы плаціць падаткі з канцэртнай дзейнасьці і існаваць у беларускім творчым працэсе. Сустракацца з той аўдыторыяй, якая патрабуе беларускую песьню. Гэтага мне асабіста не хапае. Мая творчасьць падсякаецца гэтымі "чорнымі сьпісамі"ды адсутнасьцю эфіру на радыё«.

«Калі такая моцная ўлада, то навошта столькі ўвагі нам. Каб мы не былі такія таленавітыя, то даўно б займаліся іншымі справамі, — адзначае Вайцюшкевіч, — Пакуль талент гартуецца цяжкасьцямі — у нас ёсьць будучыня».
Паслухаць беларускі турэмны шансон ад Вайцюшкевіча і Бураўкіна прыйшло каля паўсотні чалавек

Паслухаць беларускі турэмны шансон ад Вайцюшкевіча і Бураўкіна прыйшло каля паўсотні чалавек



Слухачы спыталі Вайцюшкевіча:

«Ці упадабаў бы "Варанок" Аляксандар Лукашэнка? Што б са свае творчасьці музыка параіў кіраўніку дзяржавы паслухаць? І ці слухаў бы ён беларускае?»

«Я мяркую, што ён ня супраць песень з рэпэртуару ансамбля „Бяседа“. У мяне таксама такія песьні ёсьць, — пасьля непрацяглага роздуму адказвае Зьміцер Вайцюшкевіч, — Цяпер пішацца песьня на верш Максіма Танка „Дамоў“. Запісаная песьня на верш Уладзімера Някляева „Падраньне“. Але ж гэтыя песьні не для Аляксандра Лукашэнкі, скажам так наўпрост.

Гэта песьні для тых, у каго сэрцы адгукаюцца на беларускія матывы. У яго сэрца таксама адкрываецца, але, ня думаю, што ад песень. Калі віншуюцца з днём народзінаў расейскія артысты, то я гэта вітаю, але трэба і таго ж Ніла Гілевіча і Рыгора Барадуліна шанаваць. Ніхто ж ня кажа: „Дайце ім грошы!“, але напісаць што-небудзь, сказаць, што-небудзь варта было б. Згадваць пра нацыянальную ідэю варта часьцей, а ня толькі пад час узнагароджаньня прэміяй за духоўнае адраджэньне».

Магілёўская публіка цёпла прыняла сьпевака. Паслухаць песьні Вайцюшкевіча ў грамадзкі цэнтар «Кола» прыйшло каля паўсотні чалавек. Калі канцэрт скончыўся Зьміцер Вайцюшкевіч заўважыў:

«Беларускай песьні цяпер складана. Яна патрабуе ўвагі. За яе варта ваяваць — хаця б для сябе самога. Каб сорамна не было».
Аўтограф на памяць

Аўтограф на памяць

XS
SM
MD
LG