Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баі пад Славянскам і Краматорскам


Пад Краматорскам мінулай ноччу адбыўся бой украінскіх сіл антытэрарыстычнай апэрацыі і прарасейскіх баевікоў. Сярод украінскіх вайскоўцаў ёсьць параненыя. Яшчэ адзін бой адбыўся ў раёне тэлевежы ля Славянска.

У Міністэрстве абароны Ўкраіны паведамляюць, што ў сераду ўвечары ў рамках антытэрарыстычнай апэрацыі пад Краматорскам адбыўся бой паміж украінскімі вайскоўцамі і ўзброенымі прарасейскімі баевікамі.

Пра гэта агенцтву «Інтэрфакс-Україна» паведамілі ў прэсавай службе Мінабароны Ўкраіны ў сераду позна ўвечары.

«Сапраўды там цяпер ідзе бой», — адзначылі ў Мінабароны.

Паводле інфармацыі Мінабароны, у выніку апэрацыі сярод украінскіх вайскоўцаў ёсьць параненыя. Бой адбываўся на ўскраіне вёскі Стараварвараўка, у 30 кілямэтрах ад Краматорска. Сілавікі антытэрарыстычнай апэрацыі спрабавалі ліквідаваць групу ўзброеных людзей, якія заселі ў лесе. У гэтае месца былі сьцягнутыя вялікія сілы ўкраінскай арміі, над вёскай кружлялі верталёты.

Мяркуецца, што гаворка ідзе пра зьнішчэньне той групоўкі, якая ў аўторак у суседнім Славянскім раёне зрабіла засаду на ўкраінскіх дэсантнікаў, у выніку чаго загінулі 7 ўкраінскіх вайскоўцаў.

Тым часам у Славянску спэцназ зачысьціў ад баевікоў тэрыторыю вакол тэлевышкі.

«Група спэцназаўцаў, высадзіўшыся на двух верталётах на гары, правяла зачыстку мясцовасьці, праціўнік выбіты з занятых пазыцый, зона бясьпекі пашырана да 5 кілямэтраў у радыюсе ад тэлевышкі, на ёй лунае ўкраінскі сьцяг»,— паведамляе УНІАН.

Дэсантнік асобнай аэрамабільнай брыгады Сяргей Шаўчук і гвардзеец Нацыянальнай гвардыі Міраслаў Гай паднялі сьцяг Украіны на самай высокай кропцы горада Славянска --- тэлевежы на гары Карачун.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG