Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз зноў заклікаў Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня


Кэтрын Эштан, архіўнае фота

Кэтрын Эштан, архіўнае фота

У Эўразьвязе рашуча асуджаюць прывядзеньне ў выкананьне ў Беларусі сьмяротнага прысуду Рыгору Юзэпчуку, асуджанаму на сьмерць у красавіку 2013 году, заявіла ў сераду прэс-служба Вярхоўнага камісара Эўразьвязу па зьнешняй палітыцы Кэтрын Эштан.

«Мы ўсьведамляем сур’ёзны характар злачынстваў, за якія ён быў асуджаны. Эўрапейскі Зьвяз выступае супраць сьмяротнага пакараньня, паколькі яно ня можа быць апраўданае ні пры якіх абставінах», — адзначаецца ў камюніке, распаўсюджаным у Брусэлі.

Эўрапейская зьнешнепалітычная служба падкрэсьлівае, што сьмяротнае пакараньне «зьяўляецца жорсткім і бесчалавечным пакараньнем, якое ня ў стане дзейнічаць у якасьці стрымліваючага фактару і ўяўляе сабой непрымальнае адмаўленьне чалавечай годнасьці».

У дакумэнце адзначаецца, што гэта ўжо другое выкананьне сьмяротнага пакараньня ў Беларусі ў 2014 годзе.

«Мы заклікаем Беларусь, адзіную краіну ў Эўропе, якая па-ранейшаму прымяняе такую меру пакараньня, далучыцца да ўсясьветнага мараторыю на пакараньне сьмерцю ў якасці першага кроку да яго ўсеагульнай адмены», — заявіла прэс-служба Кэтрын Эштан.

45-гадовы Рыгор Юзэпчук быў судзімы сем разоў. Апошні тэрмін (25 гадоў) атрымаў за падвойнае забойства. На сьмерць быў асуджаны за забойства сукамэрніка, які «прайграў яму жыцьцё» ў даміно. Ахвярай Юзэпчука стаў былы дзятдомавец, 22-гадовы Ігар Ходак, які быў асуджаны на 18 гадоў пазбаўленьня волі за забойства свайго дзядзькі-апекуна падчас сваркі.

Сьмяротны прысуд Рыгору Юзэпчуку быў вынесены 25 красавіка 2013 году, ён ня выклікаў у Беларусі шырокага грамадзкага рэзанансу. Днямі Юзэпчука расстралялі, паведаміў Магілёўскі абласны суд.

Рыгор Юзэпчук быў судзімы сем разоў. Апошні тэрмін (25 гадоў) атрымаў за падвойнае забойства.

У 2009 годзе прозьвішча Юзэпчук ўжо фігуравала ў «расстрэльных сьпісах». Тады да сьмяротнага пакараньня прысудзілі Васіля Юзэпчука, стрыечнага брата Рыгора, таксама цыгана па нацыянальнасьці. Яго абвінавацілі ва ўчыненьні сэрыі забойстваў пэнсіянэрак.

У красавіку 2014 году Вярхоўны суд Беларусі пакінуў у сіле два сьмяротныя прысуды — 26-гадоваму гамельчуку Аляксандру Грунову за жорсткае забойства студэнткі і 54-гадоваму Эдуарду Лыкаву за пяць забойстваў, учыненых на працягу дзевяці гадоў.
XS
SM
MD
LG