Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новае Прыднястроўе


Палітычнае становішча на ўсходзе Ўкраіны пасьля так званага «рэфэрэндуму» становіцца ўсё больш заблытаным. Дасюль здавалася, што сытуацыя там разьвіваецца паводле крымскага сцэнару. Але пасьля таго, як Масква крыху дыстанцыявалася ад дзеяньняў сэпаратыстаў у Данецкай і Луганскай абласьцях, прагназаваць далейшую хаду падзей становіцца цяжэй.

«Рэфэрэндумы» ў двух украінскіх рэгіёнах выглядаюць яшчэ менш легітымнымі, чым у Крыме. З многіх вызначэньняў дэмакратыі мне падабаецца вось якое: дэмакратыя — гэта працэдура. Дык вось у Данецкай і Луганскай абласьцях падчас правядзеньня «рэфэрэндумаў» былі парушаны ўсе працэдуры. Калі ў Крыме плебісцыт усё ж праводзілі тамтэйшыя ўлады, яго арганізоўвала абраная народам Вярхоўная Рада паўвострава, дык у двух згаданых рэгіёнах «рэфэрэндум» ладзілі мясцовыя атаманы сярод сваіх прыхільнікаў. І няхай ня ўводзяць у зман паказаныя па расейскіх тэлеканалах чэргі людзей, жадаючых прагаласаваць. Калі адзін выбарчы ўчастак — на цэлы раён, то зьяўленьне чэргаў з пары соцень прыхільнікаў непазьбежнае.

Чаму «рэфэрэндумы» ўсё ж прайшлі насуперак просьбе Пуціна іх адкласьці? Нельга цалкам выключаць кансьпіралягічнай вэрсіі, што гэта гульня Крамля на заходнюю публіку. Але больш верагодна, што лідэры сэпаратыстаў, іх палявыя камандзіры зразумелі са словаў прэзыдэнта Расеі простую рэч: іх проста «зьліваюць». Пра гэта сьведчыць і тон некаторых расейскіх тэлеканалаў — напрыклад, нядзельнай перадачы Ўладзімера Салаўёва, які тонкім нюхам штатнага прапагандыста адчувае крамлёўскія настроі.

Але калі, паводле Пуціна, рэфэрэндум спыняецца, замест яго павінны адбыцца выбары прэзыдэнта Ўкраіны — то гэта азначае, што сытуацыя вяртаецца ў легітымныя межы ўкраінскага заканадаўства. Але ў такім выпадку сэпаратысты аказваюцца злачынцамі: яны паднялі зброю супраць улады, выступілі за аддзяленьне ад Украіны. І ў іх няма іншых варыянтаў, як ісьці да канца. Інакш іх чакае турма.

Што далей? Зразумела, што выбары прэзыдэнта Ўкраіны на большай частцы Данецкай і Луганскай абласьцей правесьці ня ўдасца. Што дасьць Маскве падставу казаць пра нелегітымнасьць абраньня новага кіраўніка ўкраінскай дзяржавы. Сілай узяць пад кантроль гэты рэгіён у кіеўскай улады бліжэйшым часам не атрымаецца.
Адразу пасьля перамогі Майдану шмат хто з публіцыстаў узьнёсла пісаў пра пасіянарны выбух, цудоўнае ўваскрашэньне ўкраінскай нацыі. І куды што падзелася
Адразу пасьля перамогі Майдану шмат хто з публіцыстаў узьнёсла пісаў пра пасіянарны выбух, цудоўнае ўваскрашэньне ўкраінскай нацыі. І куды што падзелася. Тое, што мы назіраем сёньня, ёсьць параліч нацыянальнай волі. Цэлы месяц рэгулярнае ўкраінскае войска, падразьдзяленьні МУС, СБУ спрабуюць выбіць некалькі дзясяткаў баевікоў з маленькага гораду Славянску. Вынік — нулявы. Гэта было б сьмешна, калі б не было так сумна. Магчыма, пасьля абраньня прэзыдэнта нешта памяняецца.

Мяркуючы па ўсім, Расея не гатовая далучыць Данецкую і Луганскую вобласьці да сваёй тэрыторыі па крымскай схеме. Па розных прычынах. І з-за заходніх санкцый, і таму, што гэтыя вобласьці запатрабуюць шмат грошай з расейскага бюджэту.

Масква будзе імкнуцца выкарыстаць гэтыя «рэфэрэндумы» як казырную карту ў перамовах з Кіевам. Маўляў, вы не ўступаеце ні ў НАТО, ні ў асацыяцыю з ЭЗ, далучаецеся да інтэграцыйных утварэньняў пад эгідай Расеі, а мы наўзамен не рэагуем на зварот «Данецкай Рэспублікі» аб прыняцьці яе ў склад РФ.

А яшчэ расейскае кіраўніцтва настойвае на перамовах паміж украінскімі ўладамі і прадстаўнікамі мяцежных рэгіёнаў. Пытаньне толькі ў тым, з кім весьці дыялёг? Бо невядома каго, якую частку насельніцтва прадстаўляюць самаабвешчаныя «народныя губэрнатары», «мэры», мясцовыя атаманы, палявыя камандзіры. Там ёсьць легітымныя органы ўлады — абласныя саветы. Але цяпер ня бачна ніякіх прыкметаў іх існаваньня.

У выніку, сёньня выглядае верагодным стварэньне тут рэгіёну па мадэлі Прыднястроўя ці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Альбо як апякаемы Турэччынай Паўночны Кіпр. То бок нікім не прызнаная самаабвешчаная тэрыторыя з назвай Наваросія.

Але ж нават у такім выпадку ўзьнікае пытаньне: хто іх будзе карміць? Гэта густанаселеныя датацыйныя, дэпрэсіўныя рэгіёны, яны ня ў стане жыць на самаакупнасьці. А калі яшчэ Захад, украінскі ўрад увядуць эканамічныя санкцыі, то сытуацыя там будзе проста драматычная. Хто заплаціць за банкет?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG