Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Актывіста Алега Кероля вызвалілі з суду, але ня выпусьцілі зь міліцыі


Алег Кероль

Алег Кероль

14 траўня ў Першамайскім судзе Менску разглядалася справа актывіста «Альтэрнатывы» Алега Кероля, якога затрымалі за плякат салідарнасьці з арыштантамі Акрэсьціна.

У калідоры суду ўдалося ўзяць кароткае інтэрвію ў Алега Кероля, якога напярэдадні арыштавалі непадалёк ад Нацыянальнай бібліятэкі пасьля таго, як ён вывесіў на рэклямнай тумбе плякат ў абарону прэвэнтыўна затрыманага напярэдадні хакейнага чэмпіянату Зьмітра Дашкевіча. Вось што пасьпеў распавесьці Алег Кероль пра ноч, якую правёў у пастарунку міліцыі Першамайскага раёну:

«Бэтонная падлога. Холадна, як зімой. Не пакармілі ніводнага разу. У прыбіральню выводзяць нібыта раз на 4 гадзіны, але не дагрукаесься, каб цябе вывелі. Абвінавачваюць мяне ў дробным хуліганстве (нецэнзурная лаянка) і непадпарадкаваньні міліцыі, чаго не было. А насамрэч я вывесіў плякат са словамі «Свабоду Зьмітру Дашкевічу».

У судзе супроць актывіста Кероля сьведчылі амапаўцы Жарскі і Бык, якія ўказвалі зусім іншы час і месца затрыманьня актывіста. Алег Кероль хадайнічаў, каб суд праглядзеў запісы відэакамэраў на месцы ягонага затрыманьня, а таксама на будынку Першамайскага РУУС, бо і з часам дастаўкі ў міліцыю таксама быў нязгодны. Судзьдзя Юры Гарбатоўскі адправіўся на вырашэньне гэтых хадайніцтваў і праз паўгадзіны абвясьціў, што адпраўляе справу на дарасьсьледаваньне. У выніку актывіст Алег Кероль быў вызвалены і замест Акрэсьціна, як чакалі журналісты і сябры актывіста, паехаў у міліцыю па асабістыя рэчы. Аднак, паводле сяброў, з управы Першамайскай міліцыі Алег Кероль гэтак і ня выйшаў. Не выключаецца, што міліцыянты пераробяць пратакол, і суд над актывістам адновіцца.
Абноўлена: Суд над Алегам Керолем працягнецца 15 траўня а 9-й гадзіне. З пастарунку яго так і ня выпусьцілі.


Якая абстаноўка цяпер у ізалятары на Акрэсьціна? Паводле Ірыны Сьмеян-Семянюк зь «Вясны», на Акрэсьціна цяпер 30 чалавек, чыё затрыманьне праваабаронцы зьвязваюць з чэмпіянатам сьвету па хакеі. Пры гэтым Ірына кажа, што лічба прэвэнтыўна затрыманых можа быць большай, бо зьяўляюцца зьвесткі пра затрыманых, пра якіх раней не было вядома.

«Сёньня да нас прыйшоў хлопец, пра якога мы ня ведалі. Ён сказаў, што там нашмат больш людзей, пра якіх мы ня ведаем. Прыкладам, яму далі 5 сутак, а затрымалі на вуліцы, калі ён выйшаў паліць», — кажа Ірына Сьмеян-Семянюк.

Малады чалавек перадаў зьвесткі ад Юрыя Рубцова, актывістка з Гомеля, якога затрымалі пасьля Чарнобыльскага шляху за антылукашэнкаўскую майку. Юры Рубцоў працягвае галадоўку пратэсту. Нядаўна яму выклікалі хуткую дапамогу, як паведаміў чалавек, які сядзеў зь ім ў камэры.

Паводле праваабаронцы Ірыны Сьмеян-Семянюк, 14 траўня ў ізалятары на Акрэсьціна не прымалі перадачы для тых вязьняў, каму перадачы прыносілі не сваякі. Раней гэтае абмежаваньне ня дзейнічала, заўважае праваабаронца. Чарговае масавае вызваленьне вязьняў Акрэсьціна чакаецца 16 траўня. Партрэт Зьмітра Дашкевіча, за які затрымалі Алега Кероля

Партрэт Зьмітра Дашкевіча, за які затрымалі Алега Кероля

Акцыя салідарнасьці 13 траўня. Улётка пра Юр’я Рубцова

Акцыя салідарнасьці 13 траўня. Улётка пра Юр’я Рубцова

Улётка пра Андрэя Цянюту

Улётка пра Андрэя Цянюту

XS
SM
MD
LG