Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ня выйдзе так, што прававая дзяржава, правы чалавека і справядлівы суд неяк самі «вырастуць» з добрых гатэляў і элітных рэстаранаў. За дэмакратыю давядзецца змагацца.

Чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менску ажывіў «вечныя» беларускія дыскусіі на тэмы маральнасьці спорту і сьвятаў у той час, калі ў краіне ёсьць палітвязьні, а на суткі беззаконна саджаюць палітычных актывістаў. Я хацеў бы пакінуць за дужкамі дыскусіі сам хакейны чэмпіянат у Менску (надта спэцыфічны гэты выпадак) і абмеркаваць значна больш агульны і «вечны» стратэгічны тэзіс – «рост дабрабыту набліжае нас да дэмакратыі».

У прэсе і дыскусіях у сацыяльных сетках неаднаразова гучалі аргумэнты пра тое станоўчае, што прынёс у Беларусь хакейны чэмпіянат: маўляў, з-за яго пабудавана столькі новых гатэляў з эўрапейскім дызайнам і сэрвісам, уладкаваныя дарогі, пабудаваныя арэны – і кожны такі гатэль міжволі набліжае нас да Эўропы. Іншымі словамі, «спачатку дайце народу дабрабыт (у больш прыземленай вэрсіі – «хлеба і відовішчаў»), а на ягоным падмурку неяк сама вырасьце і дэмакратыя».

Давайце разьбярэмся.
І для пачатку задамося простым пытаньнем: «Калі ў Беларусі было больш дэмакратыі і свабоды – у 1994-ым альбо ў 2014-ым?»
І для пачатку задамося простым пытаньнем: «Калі ў Беларусі было больш дэмакратыі і свабоды – у 1994-ым альбо ў 2014-ым?» Так, дваццаць гадоў таму заробак у Беларусі быў каля 30 даляраў за месяц, у краіне фактычна не было ніводнага супэрмаркету і ніводнага хаця б 4-зоркавага гатэлю. Але на выбарах перамагаў той, хто атрымліваў больш галасоў, людзі не баяліся гаварыць, што думаюць, існаваў незалежны ад дзяржавы буйны бізнэс, і немагчыма было нават уявіць, што суд можа адправіць чалавека на 20 сутак проста таму, што ўлада дала такі загад, а міліцыянты выступілі ў ролі ілжэсьведкаў.

Калі не зацыклівацца на беларускай «анамаліі», то гісторыя апошніх дзесяцігодзьдзяў дае багата іншых прыкладаў. Савудаўская Арабія ды іншыя арабскія эміраты багацеюць рэкорднымі тэмпамі, але пры гэтым ніяк не становяцца бліжэй да дэмакратыі і правоў чалавека. Рост дабрабыту Кітаю пакуль ніяк не ўплывае на палітычную сыстэму краіны, панаваньне камуністычнай партыі ў новых, рынкавых умовах. Я ўжо не кажу пра самы блізкі да нас расейскі прыклад, дзе даўно хапае 5-зоркавых гатэляў, шыкоўных рэстаранаў, біржаў, алігархаў, а з дэмакратыяй і свабодай відавочныя праблемы.

Яшчэ гадоў 20 таму панавала перакананьне, што прыход у любую краіну заходніх каштоўнасьцяў – вобразна кажучы, Макдональдса, Галівуда і рок-музыкі – праз пэўны час нязьменна прывядзе да палітычных пераменаў. Найбольш канцэнтравана гэты погляд быў выказаны ў знакамітым эсэ Фрэнсіса Фукуямы пра «Канец гісторыі», дзе аўтар сьцьвярджаў, што лібэральная дэмакратыя перамагла, бо ёй не засталося сур’ёзнай ідэйнай альтэрнатывы. Аднак выглядае, што на сёньняшнім гістарычным этапе рацыю мае іншы аўтар – Самуэль Хантынгтан зь ягоным «Сутыкненьнем цывілізацыяў».
Проста схема – чым больш мы багацеем, тым хутчэй набліжаемся да справядлівага і раўнапраўнага грамадзтва – аўтаматычна не працуе.
Сёньняшнія палітолягі прызналі, што факт наяўнасьці сярэдняй клясы ў нейкай дзяржаве аўтаматычна не прыводзіць да дэмакратыі, як гэта здавалася многім аналітыкам раней. Проста схема – чым больш мы багацеем, тым хутчэй набліжаемся да справядлівага і раўнапраўнага грамадзтва – аўтаматычна не працуе.

Дэмакратыя – а гэта свабода выбару, справядлівы суд, падзел уладаў, свабода слова, правы грамадзян і мяншыняў – не прыходзіць аўтаматычна з добрымі дарогамі і чыстымі вуліцамі. Добрыя дарогі былі і ў фашысцкай Нямеччыне, а самыя чыстыя вуліцы, як кажуць, цяпер у Паўночнай Карэі. І 10 новых гатэляў і рэстаранаў эўрапейскага ўзроўню ў Беларусі нічым вам не дапамогуць, калі вы раптам не спадабаецеся ўладзе, і яна захоча пасадзіць вас альбо адабраць ваш бізнэс.

Не атрымаецца так, што прававая дзяржава, правы чалавека і справядлівы суд неяк самі «вырастуць» з добрых гатэляў і элітных рэстаранаў. За гэта трэба... змагацца. Не абавязкова выключна палітычнай – праваабарончай, грамадзкай, культурніцкай дзейнасьцю.

І, дарэчы, чым менш будзе змагароў, якія выклікаюць у многіх іронію і кпіны, тым менш будзе ў астатніх шанцаў «спакойна рабіць сваю справу, рэальна працаваць, штосьці мяняць да лепшага». Бо ў значнай ступені дзякуючы існаваньню тых самых змагароў, палітычна актыўных людзей і структураў Захад зьвяртае яшчэ нейкую ўвагу на Беларусь, і гэта трымае рэжым у рамках нейкіх «приличий».

Пакуль улада займаецца змагарамі, вы можаце спакойна «рабіць сваю справу» – а калі іх ня стане, яна зоймецца вамі, «памяркоўнымі» і «патрыятычнымі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG