Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фан-зоны без хакейных трансьляцый — адметнасьць менскага чэмпіянату


Матчы чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску трансьлююцца ня толькі тэлеканаламі, але і ў клюбах, спорт-барах, якія падпісалі адпаведнае пагадненьне зь Белтэлерадыёкампаніяй. А вось гульні ў зонах гасьціннасьці і ў фан-зонах ля хакейных арэнаў на вялікіх экранах не паказваюць — маўляў, каб не адбіваць ахвоту набываць квіткі на гульні.

Здаўна павялося, што заўзець за любімую каманду гуртом нашмат весялей. Таму і намагаюцца аматары сабрацца вялікай кампаніяй, падтрымліваючы настрой півам ды сьпевамі. Але ў выпадку зь менскім чэмпіянатам такая магчымасьць істотна звужаная. Ад пачатку плянавалася, што, апроч паходу на арэны і хатняга тэлепрагляду, будзе магчымасьць калектыўнага перажываньня перад экранамі ў фан-зонах «Чыжоўкі» і «Менск Арэны», а таксама ў зонах гасьціннасьці каля Палацу спорту на праспэкце Пераможцаў, каля Лядовага палацу на вуліцы Прытыцкага і ў Студэнцкай вёсцы ў Шчомысьліцы. Аднак, прызнаецца старшыня Беларускай фэдэрацыі хакею Яўген Ворсін, літаральна за дзень да пачатку першынства пляны былі перагледжаныя:
Яўген Ворсін

Яўген Ворсін

«Мы плянавалі арганізаваць трансьляцыю матчаў у трох зонах гасьціннасьці і на двух фан-зонах, разьмешчаных непасрэдна на тэрыторыях „Менск Арэны“ і „Чыжоўка Арэны“. Адносна зонаў гасьціннасьці Менгарвыканкам вёў перамовы зь Белтэлерадыёкампаніяй, паколькі сыгнал на права перадачы трансьляцый у нас мае Нацыянальная тэлерадыёкампанія — яна заключыла адпаведнае пагадненьне зь міжнароднай кампаніяй „Інфронт“. Што тычыцца фан-зонаў, папярэдне мы таксама думалі трансьляваць наўпроставыя эфіры, аднак нашы калегі зь Міжнароднай фэдэрацыі хакею парэкамэндавалі нам не рабіць гэтага па адной простай прычыне — каб прыцягнуць больш заўзятараў на трыбуны. Тым больш, што дастатковая колькасьць месцаў яшчэ ёсьць у наяўнасьці. Хіба фрагмэнтарна будуць трансьлявацца асобныя эпізоды».

Падобна на тое, што дзяржаўныя ўстановы, якія курыруюць ваколхакейную інфраструктуру, не да канца інфармаваныя пра межы сфэраў сваёй адказнасьці. Прадстаўніца Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Сьвятлана Краскоўская кажа, што БТ ня мае дачыненьня да забесьпячэньня карцінкай так званых зонаў грамадзкага прагляду, і адсутнасьць вулічных трансьляцый — недапрацоўка Менгарвыканкаму:

«Белтэлерадыёкампаніяй былі набытыя правы на тэлевізійную трансьляцыю. Трансьляцыі ў зонах гасьціннасьці і фан-зонах — правы грамадзкага прагляду, і гэтых правоў у нашай кампаніі не было ад пачатку, яны не набываліся. Таму пытаньне ўвогуле не да нас. Бо яшчэ ў сакавіку, калі Менгарвыканкам зьвярнуўся да нас з нагоды зонаў гасьціннасьці і трансьляцыі ў фан-зонах, яны былі праінфармаваныя, што ў нас няма правоў грамадзкага прагляду. Таму парэкамэндавалі гарвыканкаму, адказнаму за згаданыя зоны, зьвярнуцца да кампаніі-праваўладальніцы „Інфронт“, каб набыць правы грамадзкага прагляду. То бок, зоны гасьцінасьці і фан-зоны — гэта пытаньне гарвыканкаму. У нас правы толькі на тэлевізійныя трансьляцыі, для тэлегледачоў — праз агульнадаступны пакет і кабэльнае тэлебачаньне».

Ці можна завабіць гледачоў на трыбуны, пазбавіўшы іх магчымасьці назіраць за хакейным сьвятам у непасрэднай блізкасьці ад эпіцэнтру спартовых баталіяў? Намесьнік дырэктара расейскай Вышэйшай хакейнай лігі Мікалай Карповіч перакананы, што падобная самадзейнасьць перакрэсьлівае ранейшыя дэклярацыі ўладаў пра неабсяжную беларускую гасьціннасьць:

Мікалай Карповіч

Мікалай Карповіч

«Як па мне, дык гэта вялікае глупства. Нідзе такога ў Эўропе на буйных спартовых спаборніцтвах не было і ня будзе. Безумоўна, трэба паказваць хакей у фан-зонах, бо ўсё гэта задумваецца перадусім для гледача, толькі дзеля яго. А тое, што абмяжоўваюцца аргумэнтам — маўляў, больш людзей будзе на трыбунах — дык ён не працуе. Дастаткова зірнуць на цэньнік, выстаўлены на квіткі. Хачу памыліцца, але ў мяне такое ўражаньне, хіба што забясьпечаныя расейцы могуць дазволіць сабе наведваць больш за адзін матч гэтага турніру. І ёсьць засьцярога, што на матчы 20 траўня Беларусь-Расея расейскіх заўзятараў будзе нашмат больш, чым заўзятараў беларускіх. Што называецца, ліміт паходаў на хакей для многіх беларусаў ужо вычарпаны».

У адсутнасьць магчымасьці калектыўна назіраць на вулічных экранах за матчамі іншых зборных фанаты кінуліся ў бліжэйшыя кавярні ды бары. Зоны гасьціннасьці, якія плянавалася зрабіць цэнтрамі інтэрнацыянальнага братэрства, пустуюць. Праўда, далёка заўзятары не разышліся: прыкладам, расейцы акупавалі начны клюб «Овэртайм» у Палацы спорту, дзе добра «разаграваюцца» перад паходам на гульні сваёй зборнай. Дарэчы, яшчэ перад чэмпіянатам сьвету кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі папярэджвала гаспадароў забаўляльных установаў, што будзе спыняць несанкцыянаваны паказ хакейных паядынкаў. Ці давялося ўжываць карныя захады — Сьвятлана Краскоўская:

«Што тычыцца бараў і рэстаранаў: паколькі ў нас маецца эксклюзіўнае права на ТБ-трансьляцыю, то падобныя ўстановы мусяць набыць у нас адпаведныя правы. Трэба сказаць, што да нас да гэтага часу вельмі шмат зьвяртаюцца, тэлефануюць арганізатары, заснавальнікі, уладальнікі бараў і рэстаранаў, заключаюць дамовы зь Белтэлерадыёкампаніяй. То бок, ёсьць вызначаны кошт, чалавек падпісвае дамову і атрымлівае права на трансьляцыю матчаў у сваёй установе. На самай справе радуе, што нашы грамадзяне намагаюцца працаваць выключна ў прававым полі. Але пры высьвятленьні таго, што нехта будзе „пірацтваваць“, канечне ж, будуць ужытыя санкцыі. Пра гэта наша кіраўніцтва адкрыта заяўляла яшчэ да пачатку чэмпіянату».

У сваю чаргу, у Менгарвыканкаме ад «завалу» працы з арганізацыяй трансьляцый у зонах гасьціннасьці адхрысьціліся, заявіўшы, што ня ў іх кампэтэнцыі забясьпечваць заўзятараў відэкарцінкай.
XS
SM
MD
LG