Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільм «Авэль» пераназавуць


Кінакампанія Nonstop MEDIA сумесна з кінастудыяй «Беларусьфільм» плянуюць прэзэнтаваць фільм «Авэль» у нацыянальным павільёне падчас 67-га Канскага кінафэстывалю, які пройдзе з 14 па 25 траўня.

«Тут будзе раскрытая інтрыга № 1 нашага фільму: стане вядома імя галівудзкай зоркі, занятай у праекце», — апавёў генэральны прадусар кінакампаніі Nonstop MEDIA і фільму «Авэль» Сяргей Ждановіч у інтэрвію БЕЛТА.

На Канскі кінафэстываль прыедзе амэрыканская акторка, якая выконвае адну з галоўных роляў у «Авэлі». Затым з Францыі яна прыедзе ў Менск, дзе адбудуцца здымкі зь яе ўдзелам.

У Францыі будзе агучаная назва беларускага фільму, пад якой ён выйдзе ў пракат. Паводле прадусара фільму Юр’я Ігрушы, першапачаткова фільм «Авэль» пазыцыянаваўся пад працоўнай назвай. Але яна «не да канца адлюстроўвала сутнасьць гісторыі, паказанай у фільме, яго місію».

Фільм «Авэль» ствараецца на замову Міністэрства культуры Беларусі прыватнай кінакампаніяй «Нонстоп Мэдыя». Аўтар сцэнару — расейскі драматург Раман Макушаў. Сюжэт расказвае пра варажнечу і замірэньне двух братоў — а-ля «Каін і Авэль» — на фоне палітычных падзеяў у Беларусі. Пры гэтым паваротным пунктам стане шматтысячная акцыя пратэсту ў Менску 19 сьнежня 2010 году. Гэты фільм лічаць адказам беларускіх уладаў на польскі фільм пра падзеі 2010-га «Жыве Беларусь!».

Здымкі фінансуе Міністэрства культуры Беларусі. Кошт праекту — 2 мільёны даляраў.
XS
SM
MD
LG