Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі музычны плякат прадстаўлены ў Менску


Каля двух дзясяткаў польскіх плякатаў са збору майстэрні Акадэміі выяўленчых мастацтваў у Катавіцах выстаўлены ў адной з заляў менскай ратушы.

Экспазыцыя «Jazz. Blues. Rock. Fusion» паказвае творы выпускнікоў акадэміі, старэйшы зь якіх пачаў працаваць у жанры музычнага плякату яшчэ напрыканцы 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя.


Старшыня Беларускага саюзу дызайнэраў Зьміцер Сурскі, які ўзяў слова на адкрыцьці выставы, адзначыў:

— Выстава цікавая ўжо хоць бы таму, што многія нашыя плякатысты вырасьлі на школе польскага плякату. У іх творчасьці бачны ўплыў гэтай школы, калі ўзяць пад увагу хоць бы тое, што робяць, прыкладам, Міхал Анэмпадыстаў ці Андрэй Шалюта. І я вельмі ўдзячны Польскаму інстытуту за тое, што ён прыкладае такія намаганьні, каб два разы на год паказваць у Менску лепшыя творы з даробку польскіх плякатыстаў.

Выкананыя ў розных тэхніках, плякаты з экспазыцыі «Jazz. Blues. Rock. Fusion» ствараліся з розных нагодаў: для рэклямы канцэртаў, фэстываляў. Некаторыя зь іх прысьвечаныя асобным музыкам (Ян Гарбарак, Джон Калтрэйн, Білі Холідэй, Элвіс Прэсьлі), музычным калектывам («Rolling Stones») ці культавым музычным кінастужкам («Yellow Submarine»).

Куратар выставы з польскага боку пані Дарота Новак-Радзіньска патлумачыла:

— Частка гэтых плякатаў былі надрукаваныя ў майстэрні шоўкаграфіі, у якой я працую. Роман Калярус і Вальдэмар Сьвежы — гэта асобы, якіх спэцыяльна прадстаўляць няма патрэбы. Ужо хаця б таму, што яны былі аднымі з пачынальнікаў польскага музычнага плякату. Моніка Старовіч прадстаўляе крыху больш маладое пакаленьне, яшчэ маладзейшы — Філіп Цісьляк. Усе гэтыя творы дэманструюць разьвіцьцё польскага музычнага плякату, у прыватнасьці, школы плякату Акадэміі выяўленчых мастацтваў у Катавіцах.

Плякатаў, прысьвечаных такому рэвалюцыйнаму стылю сучаснай музыкі як ф’южн, у экспазыцыі гэтай выставы няма. Аднак, гэты тэрмін, як падкрэсьліла пані Дарота, зьявіўся ў назьве выставы невыпадкова, таму што паказаныя творы насамрэч прадстаўляць сплаў (fusion) творчасьці мастакоў-дызайнэраў розных узростаў, індывідуальных тэхнік і творчых манэраў.

На адкрыцьці выставы прамаўляла дырэктар Польскага інстытуту ў Менску Ўрсула Дарашэўска. З уласнымі аранжаваньнямі клясыкі джазу ды папулярнай музыкі падчас вэрнісажу выступіў менскі квартэт саксафаністаў «Saxas».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG