Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледаваньне: амаль кожны трэці ў Беларусі — антысэміт


38% людзей у Беларусі маюць антысэміцкія погляды, пра гэта гаворыцца ў дасьледаваньні, якое правяла Антыдыфамацыйная ліга (Anti-Defamation League), праваабарончая габрэйская арганізацыя. Паводле яе 26% усіх дарослых у сьвеце маюць антысэміцкія настроі, і амаль палова ніколі ня чула пра Галакост.

Антыдыфамацыйная ліга назвала вынікі дасьледаваньня ўзроўню і інтэнсіўнасьці варожасьці да габрэяў беспрэцэдэнтнымі.

Паводле дасьледчыкаў, на Заходнім беразе Ярдану і ў Паласе Газы — найвялікшая колькасьць людзей з антысэміцкімі поглядамі — 93%. Па-за гэтымі тэрыторыямі найбольш антысэмітызму назіраецца ў Іраку(93%), Іране(56%).

Ва Ўкраіне прарасейскія і празаходнія групы абвінавачваюць адзін аднаго ў антысэмітызме. Пры гэтым абодва бакі адмаўляюць гэта. Габрэйскія лідэры Ўкраіны з большага адкідваюць такія абвінавачваньні. Паводле дасьледчыкаў, 38% жыхароў Украіны і Беларусі маюць антысэміцкія погляды, у Расеі і Малдове — 30%, у Грузіі 32%, Азэрбайджане 37%, Армэніі 58%.

Кіраўнік Юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Беларусі Рыгор Хайтовіч у камэнтары для Радыё Свабода зазначыў, што, на яго думку, гэтая лічба завышаная:
Тое, што, напрыклад, людзі ня любяць габрэяў, гэта не зьяўляецца антысэмітызмам


«Лічбы я не рызыкнуў бы называць, бо для гэтага трэба рабіць дасьледаваньні. Але інтуітыўна я так не лічыў бы. Апроч таго трэба ведаць, што маецца на ўвазе — дзяржаўны ці побытавы антысэмітызм. Як ён праяўляецца? Тое, што, напрыклад, людзі ня любяць габрэяў, то гэта не зьяўляецца антысэмітызмам. Таму інтуітыўна я думаю, што гэта ня так. Гадоў 30 таму — так, такое магчыма было. Цяпер жа, я думаю, што 38% няма. Я думаю, гэта перабольшаная лічба. Але дакладана сьцьвярджаць не магу, бо гэтае дасьледаваньне не рабіў. Ва ўсякім разе, сярод тых людзей, зь якімі я маю зносіны, я з антысэмітызмам не сутыкаюся і ва ўладаў ня бачу нічога такога».

У 2007 годзе ў інтэрвію Свабодзе Старшыня Зьвязу беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і абшчынаў Леанід Левін зьвяртаў ўвагу на тое, што ў Беларусі нікога не пакаралі за антысэміцкія выказваньні й вандалізм датычна габрэйскіх памятных знакаў і пахаваньняў. «Мы лічым, што дзяржаўнага антысэмітызму ў нас няма, але ёсьць асабісты антысэмітызм. Напрыклад, той жа Скобелеў і ягоная антысэміцкая газэта „Русский вестник“. Ён працуе ў дзяржаўных структурах», — казаў тады Леанід Левін.

У 2007 годзе вялікі розгалас і дыпляматычны скандал выклікалі выказваньні Аляксандра Лукашэнкі пра Бабруйск. Падчас прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў кіраўнік Беларусі заявіў: «Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад. У яго страшна было зайсьці! Сьвінушнік быў! Гэта ў асноўным быў яўрэйскі горад. Ну, вы ведаеце, як яўрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG