Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Марціну Углу прыпісалі «плюшавы дэсант»


Беларусь адказала Міжнароднай фэдэрацыі хакею, чаму швэдзкага праваабаронцу Марціна Углу не пусьцілі ў краіну, піша швэдзкая газэта Svenska Dagbladet.

Паводле швэдзкага інфармацыйнага агенцтва ТТ, Угла быў датычны да «плюшавага дэсанту» ў Беларусі ў 2012 годзе. Праваабаронца назваў гэта поўным абсурдам, паколькі «абсалютна ня ўдзельнічаў ў гэтай акцыі».

Праваабаронца Марцін Угла шчыльна супрацоўнічае з дэмакратычным рухам у Беларусі. Яму адмаўлялі ў выдачы візаў у Беларусь з 2006 году.

І хаця ён купіў білет на матч на чэмпіянат сьвету па хакеі, яму адмовілі ва ўезьдзе ў Беларусь. Праваабаронца вымушаны быў ляцець назад у Швэцыю за свой кошт, пасьля чаго зьвярнуўся да Міжнароднай фэдэрацыі хакею, каб тая запатрабавала ад Беларусі тлумачэньняў.

Паводле прадстаўніка Міжнароднай фэдэрацыі хакею Адама Стэйса, Беларусь заявіла, што Угла знаходзіцца пад сьледзтвам за злачынства.

Паведамляецца, што гэта зьвязана з інцыдэнтам лета 2012 году, калі прадстаўнікі швэдзкай піяр-кампаніі незаўважна для беларускіх памежнікаў праляцелі беларуска-літоўскую мяжу і скінулі ў беларускія гарады плюшавых мядзьведзяў з інфармацыяй пра палітвязьняў і парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. У выніку гэта прывяло да таго, што беларускі бок не працягнуў акрэдытацыю швэдзкаму амбасадару Стэфану Эрыксану, і той быў вымушаны зьехаць зь Беларусі.

Марцін Угла кажа, што ня мае ніякага дачыненьня да «плюшавага дэсанту», нічога ня ведаў пра пляны і ня меў кантактаў з піяр-кампаніяй, якая яго зрабіла.

Яго таксама не зьдзіўляюць тлумачэньні Менску. Угла кажа, што «ўлады Беларусі добра вядомыя стварэньнем фальшывых крымінальных абвінавачваньняў».

Прадстаўнік Міжнароднай фэдэрацыі хакею адказаў Углу, што «мы зьяўляемся спартовай арганізацыяй і ня можам аспрэчыць законы іншай краіны», піша швэдзкая газэта Svenska Dagbladet.
XS
SM
MD
LG