Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У інтэрнэце распаўсюджаны сьпіс 300 супрацоўнікаў расейскіх СМІ, якіх нібыта маюць узнагародзіць дзяржаўнымі ўзнагародамі Расеі за асьвятленьне падзеяў у Крыме.


Сярод прозьвішчаў два супрацоўнікі карпункта ВГТРК (расейскай тэлерадыёкампаніі) ў Беларусі: кіраўнік карпункта Андрэй Качура і апэратар Сяргей Пушкін. Паводле сьпіса, іх мяркуецца ўзнагародзіць мэдалём 1-2 ступені «За заслугі перад Айчынай».

Сам Андрэй Качура з гэтай нагоды заявіў «Свабодзе»:

«Я пакуль не магу ані абвергнуць, ані пацьвердзіць гэтую інфармацыю».

Падобны адказ даў па тэлефоне і апэратар Сяргей Пушкін:

«Я не атрымліваў яшчэ такой інфармацыі».

Абодва журналісты цяпер знаходзяцца ў Маскве. Паводле інфармацыі, разьмешчанай у інтэрнэце, сёньня мае адбыцца першы этап узнагароджаньня расейскіх журналістаў «за Крым».

Прэсавая служба ВГТРК паведаміла Радыё Свабода, што зьмест указу Ўладзімера Пуціна трымаецца ў сакрэце і яны ня могуць нічога камэнтаваць.
Цікава, што, паводле сьпісу, узнагароджваюць усіх супрацоўнікаў СМІ: ад кіроўцаў і дызайнэраў, да журналістаў і рэдактараў.

Андрэй Качура ўзначальвае карпункт ВГТРК у Беларусі ужо шмат гадоў. У 2004 карпункт уступіў у канфлікт зь беларускімі ўладамі за сюжэт з апазыцыйнага мітынгу і спыніў працу. У гэты час Андрэй Качура працаваў дарадцам прэм’ер-міністра Чачэнскай рэспублікі. Пазьней карпункт узнавіў працу.

Указ Пуціна № 269 «Аб узнагароджаньні дзяржаўнымі ўзнагародамі РФ» быў падпісаны яшчэ 22 красавіка, але публічна аб ім не паведамлялася.
Як паведамляе маскоўская газэта «Ведомости», згодна з указам, супрацоўнікі расейскіх СМІ ўзнагароджаныя «за высокі прафэсіяналізм і аб’ектыўнасьць у асьвятленьні падзей у Рэспубліцы Крым».

Усяго ўзнагароджаныя больш за 300 чалавек, у тым ліку каля 90 карэспандэнтаў. Маштаб узнагароджаньняў беспрэцэдэнтны, пасьля падзей 2008 году ў Паўднёвай Асэтыі тагачасны прэзыдэнт Мядзьведзеў ўзнагародзіў толькі 11 журналістаў.

Паводле інфармацыі газэты, каля сотні узнагароджаных прадстаўляюць ВГТРК, больш за 60 — «Першы канал», па некалькі дзясяткаў — тэлеканалы НТВ, Russia Тoday і холдынг Life News.

Вышэй за іншых ацэнены заслугі гендырэктара НТВ Уладзімера Кулісьцікава, які атрымаў ордэн «За заслугі перад Айчынай» II ступені«. Адзначанае таксама кіраўніцтва ВГТРК, агенцтва «Россия сегодня», «Комсомольской правды», холдынгу Life News, агенцтва ІТАР- ТАСС.

Ордэн «Дружбы» сярод іншых атрымалі вядучыя тэлеканала «Расея» Андрэй Кандрашоў і Эрнэст Мацкявічус.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG