Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кібэрнэтычныя войскі ў Расеі і Беларусі


Ва Ўзброеных сілах Расеі сфармаваныя войскі інфармацыйных апэрацый.

Іх галоўнай задачай стане абарона расейскіх вайсковых сыстэмаў кіраваньня і сувязі ад кібэртэрарызму, а таксама забесьпячэньне бясьпекі інфармацыі, якая праходзіць праз гэтыя сыстэмы, ад верагоднага праціўніка. Пра гэта паведамляе ИТАР-ТАСС са спасылкай на крыніцу ў Міністэрстве абароны РФ.

У склад войскаў інфармацыйных апэрацый увойдуць падразьдзяленьні, укамплектаваныя матэматыкамі, праграмістамі, інжынэрамі, крыптографамі, сувязістамі, афіцэрамі радыёэлектроннай барацьбы, перакладчыкамі і іншымі спэцыялістамі. Кіраўніком новай структуры прызначаны ваеначальнік у генэральскім званьні, імя яго не называецца.

«Прапанова аб стварэньні такой структуры, прызначанай для кібэрнэтычнага і інфармацыйнага проціборства зь верагодным праціўнікам, знаходзілася ў прапрацоўцы не адзін год. Леташнія выкрыцьці экс-супрацоўнікам ЦРУ Эдвардам Сноўдэнам глябальнага электроннага сачэньня з боку АНБ ЗША толькі паскорылі працэс прыняцьця рашэньня» – адзначыла крыніца агенцтва.

Варта згадаць, што яшчэ ў 2010 годзе міністар абароны Беларусі Юры Жадобін у інтэрвію выданьню «Российское военное обозрение» назваў адной з задачаў узброеных сілаў РБ «распрацоўку канцэптуальных асноваў і стварэньне сілаў для вядзеньня проціборства ў кібэрнэтычнай прасторы». Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін



Паводле ваеннага экспэрта Аляксандра Алесіна, такія сілы ў Беларусі ўжо створаныя.

Алесін: У нас нядаўна рассакрэцілі існаваньне такіх войскаў. Яны ўжо існуюць пэўны час, сфармаваная арганізацыйная структура і нават наша моладзь, якая вучыцца, скажам, ва ўнівэрсытэце радыёэлектронікі і інфарматыкі, мэтавым чынам рыхтуецца да вядзеньня такога кшталту апэрацый.

РС: А што вядома пра гэтыя войскі, колькі іх, хто імі кіруе?

Алесін: Гэта надзвычай сакрэтныя войскі. Зараз не «халодная», а кібэрнэтычная вайна і яна ідзе кожны дзень. Тут варта прыгадаць посьпех ізраільскіх кібэратакаў на ядзерныя аб'екты ў Іране. Мы бачым нечаканае раскрыцьцё крыніцаў ва Ўкраіне, калі перахопліваюцца нават закрытыя каналы сувязі. З аднаго боку, гэта абарона сваіх інфармацыйных сетак, як было абвешчана, першая задача беларускіх кібэрнэтычных войскаў – гэта абарона сваіх базаў дадзеных ад несанкцыянаванага ўварваньня. У Беларусі даўно ідуць дасьледаваньні ў гэтым накірунку, Беларусь нават прапаноўвае сыстэмы абароны ад несанкцыянаванага доступу на міжнародным рынку. Шэраг пасольстваў карыстаюцца паслугамі беларускіх распрацоўшчыкаў.

РС: А размова ідзе менавіта пра вайсковую структуру? Інфармацыйна-аналітычны цэнтар пры адміністрацыі прэзыдэнта займаецца, здаецца, прыкладна тым жа самым.

Алесін: Гэта пачыналася па лініі органаў дзяржбясьпекі. Я ведаю, што адпаведная праца ў МУС вялася, там былі адпаведныя аддзелы. Так выглядае, што гэтыя аддзелы, якія былі ў розных сілавых ведамствах, аб'ядноўваюцца ў адзіную структуру. Пытаньне, хто тут будзе кіраваць. Але калі гэта называецца кібэрнэтычнымі войскамі, можна меркаваць, што гэта будзе міністэрства абароны. Адной з функцыяў гэтай структуры, як вынікае з маіх гутарак з дасьведчанымі людзьмі, будзе ўнясеньне дэзінфармацыі верагоднаму праціўніку.
XS
SM
MD
LG