Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітрапаліт Павал: «Набыў сабе буквар беларускай мовы»


Мітрапаліт Менскі і Слуцкі, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Павал правёў першую прэсавую канфэрэнцыю ад часу, калі яго прызначылі кіраваць праваслаўнай царквою ў Беларусі.

Мітрапаліт Менскі і Слуцкі, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Павал правёў першую прэсавую канфэрэнцыю ад часу, калі яго прызначылі кіраваць праваслаўнай царквою ў Беларусі. Падзеі ва Ўкраіне мітрапаліт Павал назваў сутыкненьнем падманутых інтарэсаў, кіраўніка Беларусі — веруючым чалавекам, а таксама паведаміў пра сваё жаданьне вучыць беларускую мову.

Перад пачаткам прэсавай канфэрэнцыі мітрапаліт Павал прывітаў журналістаў як «аднадумцаў-праваслаўных» і прапанаваў разам памаліцца на ўшанаваньне сьвята Уваскрашэньня Хрыстовага. У кароткім расповедзе пра азнаямляльныя візыты ў праваслаўныя прыходы Беларусі герарх ухваліў сапраўдную прыхільнасьць прыхаджанаў да веры. Мітрапаліт адзначыў заўважную прысутнасьць у цэрквах вернікаў-мужчын, што не характэрна для цэркваў у Расеі. Але адно зь першых пытаньняў ад журналістаў было пра Ўкраіну, а менавіта — пра ўдзел у кровапраліцьці людзей адной веры:

«Тое, што сёньня адбываецца ва Ўкраіне, — гэта яшчэ адно сьведчаньне распаду ў асяродку праваслаўных людзей. Праваслаўная царква і сьвятары кананічнай праваслаўнай царквы не бяруць удзелу ў гэтых палітычных і вайсковых групоўках. Але раскольнікі гэтым займаюцца. Як вы разумееце — сутыкнулі людзей па інтарэсах: адным паабяцалі добрыя пэрспэктывы, калі павернуцца на Захад, іншым паабяцалі добрыя пэрспэктывы, калі павернуцца на Ўсход. Ведаеце, нездарма ж у Польшчы кажуць: паны б’юцца, а з халопаў шапкі ляцяць. Вось гэта ж самае цяпер адбываецца і ва Ўкраіне».
Мітрапаліт Павал: Сытуацыя на Ўкраіне — сьведчаньне расколу царквы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:35 0:00

Мітрапаліт Павал заявіў, што праваслаўная царква будзе супрацоўнічаць з прадстаўнікамі ўсіх рэлігіяў, «якія працуюць на яднаньне», але цяперашнія адносіны з каталіцкім касьцёлам назваў ні гарачымі, ні халоднымі. У той жа час герарх выказаў задаволенасьць супрацоўніцтвам праваслаўнай царквы зь дзяржаўнымі ўладамі Беларусі, але паведаміў і пра адсутнасьць нейкіх новых супольных плянаў ці праектаў. Герарх адзначыў паразуменьне з боку кіраўніка краіны, а на пытаньне пра пазыцыю Лукашэнкі як «праваслаўнага атэіста» адказаў, што меў зь ім гаворку на гэтую тэму:
«Ён нармальны, веруючы, праваслаўны чалавек, і погляды ягоныя зразумелыя. Аднойчы ён выказаўся і гэтым хацеў падкрэсьліць, што ён мала практыкуе, што ня ходзіць у царкву кожны дзень ці кожны тыдзень, як вы. Вось і ўсё».

Кіраўнік праваслаўнай царквы ў Беларусі паўтарыў свае ранейшыя заявы наконт прыхільнага стаўленьня да беларускай мовы. А менавіта — што ня будзе перашкаджаць беларускамоўнаму навучаньню ў нядзельных школах і правядзеньню набажэнстваў. Аднак пра адмысловыя захады дзеля пашырэньня беларускай мовы ў праваслаўнай царкве герарх не паведаміў. Мітрапаліт Павал падкрэсьліў, што і сам хоча вучыць беларускую мову, хоць ня мае часу, каб чытаць творы беларускіх літаратараў. Але прынамсі адну беларускую кнігу ўжо набыў:

«Я крыху нават разумею, што людзі кажуць, хоць і ня ўсё. Я нават буквар сабе набыў — самавучак — і нават некалькі разоў яго ўжо разгортваў. Я ніколькі не адмаўляюся, шчыра хачу вучыць мову, і ўжо мы так настроіліся, што мне будуць дапамагаць, паказваць і навучаць. Але, ведаеце, я нават не спадзяваўся, што тут такая загружанасьць — чым далей у лес, тым болей дроў. Вядома, калі б я прыехаў сюды вывучаць беларускую літаратуру, то я аддаваў бы гэтаму больш часу. Сёньня мая галоўная скіраванасьць — асьветніцкая і рэлігійная дзейнасьць».
Belarus - Metropolitan of Minsk and Slutsk Pavel at the meeting with journalists, (cropped), Minsk, 13May2014
Belarus - Metropolitan of Minsk and Slutsk Pavel at the meeting with journalists, (cropped), Minsk, 13May2014

Патрыяршы экзарх нэгатыўна выказаўся наконт абраньня пераможцам конкурсу Эўрабачаньня Канчыты Вурст ды заклікаў не дапусьціць выступленьня ў Беларусі польскага рок-гурту Behemoth, які, паводле мітрапаліта, прапагандуе сатанізм.

На завяршэньне сустрэчы мітрапаліт Павал паабяцаў, што прэсавыя канфэрэнцыі для журналістаў будуць традыцыйнымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG