Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турчынаў зьвярнуўся да Мін’юсту адносна забароны кампартыі


Старшыня Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аляксандар Турчынаў зьвернецца да Міністэрства юстыцыі з просьбай разгледзець пытаньне аб датычнасьці кампартыі да сэпаратыстаў і магчымасьці забараніць партыю.

Пра гэта Турчынаў заявіў пасьля пазбаўленьня слова лідэра КПУ Пятра Сіманенкі за ілжывыя выказваньні пра падзеі ў Марыюпалі падчас выступу ў парлямэнце.

«Сіманенка паўтарае хлусьню і прапаганду, якую распаўсюджваюць расейскія сродкі масавай інфармацыі», — сказаў Турчынаў і дадаў, што гэта «цынічная хлусьня».

Старшыня Рады заявіў, што зьвернецца да Міністэрства юстыцыі адносна інфармацыі і матэрыялаў пра «саўдзел прадстаўнікоў Камуністычнай партыі ў арганізацыі тэрарыстычнай і сэпаратысцкай дзейнасьці».

«Я б прасіў Міністэрства юстыцыі разгледзець гэтае пытаньне і пры наяўнасьці доказаў падаць у суд матэрыял адносна забароны Кампартыі Ўкраіны», — сказаў Турчынаў.

Старшыня фракцыі КПУ Пётар Сіманенка ў канцы свайго выступу заявіў, што ў Марыюпалі Данецкай вобласьці забілі і расстралялі асабісты склад гарадзкога аддзелу міліцыі за адмову ўжываць зброю супраць мірных грамадзян, якія выйшлі на дэманстрацыю 9 траўня.

Пасьля гэтага Турчынаў спыніў выступ Сіманенкі і абвінаваціў яго ў хлусьні і дэзынфармацыі.

«Злачынцы і тэрарысты напалі на ўпраўленьне ўнутраных спраў у Марыюпалі. Сядайце на сваё месца. Вы хлусіце нахабна», — дадаў Турчынаў.

Тым часам ля трыбуны сабраліся каля 50 дэпутатаў. Некаторыя з дэпутатаў выкрыквалі: «Брехун» (хлус).

9 траўня група сэпаратыстаў, узброеных аўтаматычнай зброяй, напала на гараддзел міліцыі ў Марыюпалі. У будынку адбыўся бой, у якім бралі ўдзел падразьдзяленьні Нацгвардыі, унутраных сіл, спэцпадразьдзяленьня МУС «Азоў».

Паводле дадзеных дэпартамэнту аховы здароўя Данецкай абласной дзяржаўнай адміністрацыі, падчас антытэрарыстычнай апэрацыі ў Марыюпалі загінулі 9 чалавек, параненыя 42.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG