Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пад санкцыі Эўразьвязу трапілі нафтавая кампанія «Феадосія» і «Чарнаморнафтагаз»


Эўразьвяз пашырыў сьпіс расейцаў, супраць якіх уведзеныя санкцыі за агрэсію ва Ўкраіне.

У гэты пералік цяпер уваходзіць 61 асоба, у тым ліку намесьнік кіраўніка адміністрацыі Пуціна Вячаслаў Валодзін і камандзір расейскіх дэсантных войскаў Уладзімер Шаманаў. У «чорны сьпіс» Эўразьвязу таксама патрапілі крымскія кампаніі «Чарнаморнафтагаз» і «Феадосія».

У аўторак былі апублікаваныя дадатковыя прозьвішчы расейцаў і назвы кампаній, якія трапілі пад эўрапейскія санкцыі, згодна з учарашнім рашэньнем Эўрапейскай рады.

У абноўлены сьпіс ЭЗ на гэты раз ўвайшлі тры высокапастаўленых расейца: першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Вячаслаў Валодзін, камандуючы ВДВ Расеі Уладзімір Шаманаў і дэпутат Дзярждумы, старшыня камітэта па канстытуцыйным заканадаўстве Уладзімір Плігін.

Акрамя таго, у сьпіс трапілі кіраўнік крымскага ўпраўленьня Фэдэральнай міграцыйнай службы Пётр Яраш, кіраўнік севастопальскага ўпраўленьня Фэдэральнай міграцыйнай службы Алег Лупіна, «народны мэр» Славянска Вячаслаў Панамароў, кіраўнік «народнай міліцыі» Горлаўкі Ігар Безьлер, адзін з лідэраў сіл самаабароны ў Данецка Ігар Какіджанаў, дэпутат Вярхоўнай Рады Алег Цароў, кіраўнік выбаркама «Данецкай народнай рэспублікі» Раман Лягін, кіраўнік выбаркама «Луганскай народнай рэспублікі» Аляксандр Малыхін, пракурор Крыма Натальля Паклонская і пракурор Севастопаля Ігар Шаўчэнка.

«Чорны сьпіс» фізычных асоб, якія падпадаюць пад абмежавальныя захады Эўрапейскага зьвязу ў сувязі з украінскім крызысам, упершыню распаўсюджаныя на дзьве юрыдычныя асобы — кампаніі з Севастопаля і Крыма — нафтавая кампанія «Феадосія» і «Чарнаморнафтагаз».

У Эўразьвязе заяўляюць, што абедзьве кампаніі былі фактычна канфіскаваныя новымі ўладамі ў Крыме пасьля захопу паўвострава Расеяй.

ЗША ўжо ўвялі санкцыі супраць «Чарнаморнафтагаза» 11 красавіка, фактычна зрабіўшы кампанію недасягальнай для падкантрольнага расейскай дзяржаве «Газпрома», які, як чакалася, захоча набыць у ёй долю.

Прадстаўнікі ЗША заявілі, што ўвядзеньне санкцый накіравана на тое, каб зрабіць немагчымымі дзелавыя адносіны «Газпрома» і «Чарнаморнафтагаза».
XS
SM
MD
LG