Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падзеі ў Данбасе нагадваюць масавае самазабойства, — данецкі журналіст


Дзяніс Казанскі

Дзяніс Казанскі

Ці адлюстроўваюць «рэфэрэндумы» рэальную сытуацыю ў Данецкай і Луганскай абласьцях Украіны? Што будзе далей пасьля рэфэрэндуму, ці стане ён падставай для аддзяленьня Данеччыны ад Украіны паводле крымскага сцэнару?



На пытаньні Радыё Свабода адказвае журналіст сайту «Новости Донецка» Дзяніс Казанскі.

Карэспандэнт: «Сэпаратысты заявілі, што за дзяржаўную самастойнасьць Данецкай вобласьці выказалася амаль 90% выбарцаў. За самастойнасьць Луганскай народнай рэспублікі прагаласавалі 96% выбарцаў. Ці адлюстроўваюць гэтыя лічбы рэальную сытуацыю?»

Казанскі
: «Мы ня можам ведаць, адлюстроўваюць ці не, бо хоць нейкіх аб’ектыўных дадзеных няма. Не было назіральнікаў, не праводзілася экзыт-полаў, журналістам працаваць там не давалі. Зразумела, што зацікаўлены бок цьвердзіць, што была такая яўка. Але ў гэта верыцца вельмі мала. Не валодаючы фактамі і грунтуючыся на сваіх уражаньнях, я мяркую, што такой яўкі не было. Хаця ў пэўнай частцы насельніцтва гэты рэфэрэндум выклікаў ажыятаж. Былі кадры, дзе людзі выстройваюцца ў чэргі да выбарчых участкаў. Паказвалі натоўпы людзей, якія галасуюць. Але трэба разумець, што адчынілася ўчасткаў у разы меней, чым на звычайных выбарах. Напрыклад, на ўвесь Марыюпаль было толькі чатыры ўчасткі, пры тым, што там жыве амаль 500 тысяч жыхароў. Таму абсалютна немагчыма скласьці нейкае аб’ектыўнае ўражаньне».

Карэспандэнт: «Атрымліваецца, што сэпаратысты дамагліся хоць нейкага „рэфэрэндуму“. Але ці гэта неяк паўплывае на сытуацыю, ці яна будзе далей абвастрацца?»

Казанскі: «Мяркуючы па ўсім, нічога не адбылося. Бо цяпер нейкіх бачных зьменаў няма, то бок ніхто ня робіць нейкіх актыўных рухаў. Таму што без прызнаньня ніякім чынам ня можа функцыянаваць гэтае так званае дзяржаўнае ўтварэньне. Насамрэч нічога не памянялася. Людзі як звычайна выйшлі на працу, ходзіць транспарт, горад выглядае звычайна. Ёсьць там нейкія людзі пад абласной адміністрацыяй, як і раней. І нават самі прадстаўнікі «ДНР» сказалі, што гэты рэфэрэндум яшчэ не азначае незалежнасьці, маўляў, мы яшчэ паглядзім«.

Карэспандэнт: «Ці можа гэты „рэфэрэндум“ стаць падставай для аддзяленьня Данеччыны ад Украіны паводле крымскага сцэнару?»

Казанскі:
«Крымскі сцэнар тут ніяк не гуляе, бо крымскі сцэнар — гэта проста акупацыя рэгіёну Расеяй. Цяпер мы бачым, што няма акупацыі, ва ўсякім разе яўнай. Тут проста ўзброілі мясцовы крымінальны элемэнт, узброілі нейкія мясцовыя атрады незадаволеных, прыехалі нейкія добраахвотнікі, наёмнікі,
нейкія баевікі кантралююць цэлыя гарады
нейкія цьмяныя асобы. Але няма акупацыі рэгулярнай арміяй. Тут творыцца нейкая вакханалія. Украінскую дзяржаву гэтыя ўзброеныя атрады спрабуюць скінуць. Расеі тут няма, яна афіцыйна не прыйшла. Тут творыцца невядома што, то бок нейкія баевікі кантралююць цэлыя гарады. Магчыма, гэта выглядае эфэктна, калі яны ходзяць са зброяй, езьдзяць на БТРах і так далей. Але эканамічнае жыцьцё пагасае, яно проста развальваецца, і нічога ня будзе ўзамен. Гэта відавочна. І невядома, што будзе далей. Таму гэта нагадвае нейкае масавае самазабойства. Калі крымчане насамрэч былі акупаваныя і канкрэтна галасавалі за тое, каб быць у складзе Расеі, і яны разумелі, што ім трэба неяк узаконіць гэтую акупацыю — то бок яны падыгралі Пуціну, калі ішлі галасаваць, — то тут наагул нічога ня ясна. Тут проста ўтварылася нейкая Руанда, езьдзяць узброеныя банды, адзін аднаго страляюць і мала зразумела, што будзе далей».

Карэспандэнт: «Ці магчымы дыялёг з сэпаратыстамі?»

Казанскі: «Тут, як на любой вайне, адбываецца такая рэч: чым далей, тым страшней,чым далей, тым больш злачынстваў і крыві. Відаць, дамаўляцца можна было. І варта было гэта рабіць напачатку, калі гэта мела форму адносна мірных мітынгаў, без забойстваў і тэрарыстычных дзеяньняў. Але цяпер дамовіцца зь людзьмі, якія забівалі і ўспорвалі жываты, — я не ўяўляю, як гэта будзе выглядаць і як гэта будзе адбывацца».

Карэспандэнт: «Эўразьвяз і ЗША заявілі пра нелегітымнасьць гэтага рэфэрэндуму. Тады на што сэпаратысты разьлічваюць?»

Казанскі: «Гэта пытаньні, якія мы самі сабе задаём. Відаць, мясцовыя эліты спрабуюць таргавацца з Кіевам, спрабуюць стварыць сабе нейкую аўтаномію, якую хочуць легітымізаваць такім чынам. А людзі гавораць са шклянымі вачыма, яны проста начытваюць у мікрафон, што „галасавалі за лепшае жыцьцё, нам трэба аддзяліцца і не карміць Заходнюю Ўкраіну“. Гэта падобна да рэлігіі: людзі проста робяць нейкія рытуальныя дзеяньні і спадзяюцца на нейкую Божую ласку. Але гэта матэматычна не пралічана. Ніхто з ДНР не паказаў нам
людзі гавораць са шклянымі вачыма, яны проста начытваюць у мікрафон, што „галасавалі за лепшае жыцьцё, нам трэба аддзяліцца і не карміць Заходнюю Ўкраіну“
разьлікаў, як будзе функцыянаваць эканоміка і калі яна адновіцца. Ніякіх размоваў пра эканоміку цяпер не вядзецца».

Карэспандэнт: «Засталася надзея на Расею?»

Казанскі: «Гэтая надзея насамрэч і засталася, яны ёй жывуць. І гэтая надзея мае характар рэлігійнага пачуцьця. Як Расея будзе дапамагаць, навошта Расеі датаваць шахты Данбасу, калі яна — нафтагазавая краіна? І калі ў Расеі няма такой зьявы, як датацыя шахтаў? Калі шахты на тэрыторыі Растоўскай вобласьці даўно зачыненыя? То бок тое, што тут кажуць людзі, гэта неэканамічныя меркаваньні. І калі гэта сутыкнецца з грубай эканамічнай рэчаіснасьцю, то пачнецца крах. Але людзі слухаюць гарлапанаў, якія вылазяць на трыбуну і абяцаюць рай на зямлі і Пуціна-збавіцеля».

Карэспандэнт: «Ці пройдуць прэзыдэнцкія выбары ў Данецкай і Луганскай абласьцях?»

Казанскі: «Пакуль мне складана ў гэта паверыць. Бо я ня бачу, як гэта тут змогуць арганізаваць. Калі кажуць, што выбараў ня будзе, мне здаецца гэта праўдай. Бо на гэты момант улады не кантралююць сытуацыю».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG