Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта ЗША і Эўропе браць удзел у «бітве за Ўкраіну»?


ЗША ня маюць ва Ўкраіне ніякіх жыцьцёва важных інтарэсаў. Было б добра, калі б Беларусь і Ўкраіна заставаліся «вайсковым буфэрам», якія разьдзяляе блёк НАТО і Расею, але калі так ня станецца, Вашынгтону ня варта накручваць новую сьпіраль ядзернага супрацьстаяньня і ўмешвацца ў расейска-ўкраінскі канфлікт з выкарыстаньнем сілы.

Так лічыць амэрыканскі палітоляг Бэры Позэн, прафэсар Масачусэцкага тэхналягічнага інстытуту. Прапануем пераклад фрагмэнтаў артыкулу, які Позэн апублікаваў у амэрыканскім двухмесячніку The National Interest:

«Што б маглі значыць жыцьцёвыя інтарэсы, калі б яны тут прысутнічалі? Жыцьцёвыя інтарэсы ўплываюць на бясьпеку, сувэрэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасьць і сілу ЗША ці, агульна кажучы, любой іншай краіны. Калі, у горшым выпадку, уся Украіна «перападзе» Расеі, гэта будзе мець нязначны ўплыў на бясьпеку ЗША. Расея ўжо не такая моцная краіна, якой калісьці быў СССР: яе валавы ўнутраны прадукт выглядае карлікам у параўнаньні з ВУП Злучаных Штатаў. Яе звычайны вайсковы патэнцыял зьяўляецца недастатковым для заваёвы важных дзяржаў Эўразіі. Анэксаваньне Крыму, захоп ўсходніх рэгіёнаў Украіны або нават акупацыя ўсёй Украіны нічога ня зьменіць. Насамрэч вайсковы захоп Украіны акажацца для Расеі задарагім, таму што ў меру прасоўваньня на захад, расейцы будуць сутыкацца з штораз больш нацыяналістычна настроенымі ўкраінцамі, якія маюць большую гістарычную традыцыю барацьбы. Расейскія войскі, прасоўваючыся на захад, атрымаюць пятую калёну ў сваім тыле.
Калі б Украіна была Мэксыкай, Злучаныя Штаты былі б зацікаўлены ў абароне яе ад Расеі ці каго-небудзь яшчэ.


Жыцьцёвыя інтарэсы вынікаюць выключна зь геаграфіі. Калі б Украіна была Мэксыкай, Злучаныя Штаты былі б зацікаўлены ў абароне яе ад Расеі ці каго-небудзь яшчэ. Украіна зьяўляецца Мэксыкай для Расеі, і ў вачах Расеі гэта Злучаныя Штаты ды іхныя заходнія саюзьнікі няўмольна падпаўзалі ў бок Расеі, пачынаючы з канца «халоднай вайны». Расейскія інтарэсы ва Ўкраіне хутчэй за ўсё перавышаюць інтарэсы НАТО, і менавіта таму сьціплыя санкцыі наўрад ці прымусяць Расею адступіцца. Расейцы ня хочуць заходняга палітычнага, эканамічнага і вайсковага ўплыву на сваіх межах. Безумоўна, усходнія краіны-сябры НАТО не хацелі б, каб расейскія войскі апынуліся на іхным парозе, але паколькі ўсе яны занадта слабыя, каб абараніць сябе, або занадта ўпэўненыя ў моцы Злучаных Штатаў, іхная бясьпека залежыць у большай ступені ад таго, ці ЗША выканаюць свае саюзьніцкія абавязаньні, чым ад таго, ці маюць яны агульную мяжу з Расеяй.

Аднак у Злучаных Штатаў ёсьць адзін інтарэс ва Ўкраіне — ён зьвязаны зь бясьпекай. Хоць ён і не адносіцца да сфэры жыцьцёва важных інтарэсаў, то захаваньне незалежнай нэўтральнай зоны паміж узброенымі сіламі НАТО і Расеі было стабілізуючым чыньнікам у адносінах Усходу і Захаду. Падчас «халоднай вайны», асабліва ў Нямеччыне, сілы НАТО і савецкія войскі стаялі тварам у твар. Нават іхныя звычайныя сілы мелі магутныя наступальныя магчымасьці — тысячы танкаў і самалётаў маглі нанесьці ўдар глыбока ў тэрыторыю другога боку. Абодва бакі таксама валодалі вялікай колькасьцю ядзернай зброі і мелі сыстэмы камандаваньня і кантролю ды пляны для таго, каб выкарыстаць яе у выпадку неабходнасьці. Гэта былі нэрвовыя адносіны, якія пагражалі эскаляцыяй напружаньня і ўзаемнай катастрофай. Гэта той сьвет, узнаўленьня якога ні мы, ні расейцы не павінны жадаць, нават беручы пад увагу паменшаную вайсковую моц Расеі. Злучаным Штатам і іхным саюзьнікам удавалася спраўляцца з гэтым на працягу сарака гадоў, і мы маглі б справіцца з гэтым і цяпер, калі б было трэба. То бок, добра было б прадухіліць паўтор такога супрацьстаяньня і цяпер, але неадкладнай патрэбы ў гэтым няма. Насамрэч, спрабуючы прадухіліць гэта сілай, мы маглі б прывесьці да сытуацыі, якой хочам пазьбегнуць. Але ўтрыманьне шырокай вайсковай буфэрнай зоны належыць да сфэры інтарэсаў нашай бясьпекі — і гэта адзіны інтарэс, які мы маем ва Ўкраіне».
Плюралістычная рэвалюцыя ва Ўкраіне стала шокавай паразай для Масквы, і Масква адказала атакай на эўрапейскую гісторыю

У сваю чаргу амэрыканскі гісторык Ціматы Снайдэр, прафэсар Ельскага ўнівэрсытэту, у сваім артыкуле «Бітва ва Ўкраіне — бітва за ўсё», апублікаваным у амэрыканскім двухтыднёвіку The New Republic, пераконвае, што Ўкраіна належыць да Эўропы, і Захад не павінен дазволіць, каб Расея сьцерла краіну з палітычнай мапы сьвету:
«Плюралістычная рэвалюцыя ва Ўкраіне стала шокавай паразай для Масквы, і Масква адказала атакай на эўрапейскую гісторыю. Нават цяпер, калі эўрапейцы зь трывогай, неадрыўна сочаць за пераходам расейскіх спэцназаўцаў з Крыму ў Данецкую і Луганскую вобласьці, прапагандысты Уладзіміра Пуціна імкнуцца перацягнуць эўрапейцаў ў альтэрнатыўную рэчаіснасьць, у сваё бачаньне гісторыі, якое даволі моцна адрозьніваецца ад таго, што думае большасьць украінцаў, і ад таго, што зьяўляецца гістарычнай праўдай. Украіна ніколі не існавала ў гісторыі, заяўляюць яны, а калі і існавала, дык толькі як частка Расейскай імперыі. Украінцы не існуюць як народ; самае большае — яны маларосы. Калі пагадзіцца, што Ўкраіны і ўкраінцаў не існуе, то трэба пагадзіцца, што не існуе ні Эўропы, ні эўрапейцаў. Калі Украіна зьнікне зь гісторыі, то зьнікне зь гісторыі і месца найвялікшых злачынстваў як сталінскага, так і нацысцкага рэжымаў. Калі Украіна ня мае мінулага, то Гітлер ніколі не спрабаваў збудаваць сваю імпэрыю, а Сталін ніколі не ажыцьцяўляў тэрору голадам.
Украіна ня мае гісторыі без Эўропы, але і Эўропа ня мае гісторыі без Украіны.

Ва Ўкраіны, вядома ж, ёсьць свая гісторыя. Тэрыторыю сучаснай Украіны можа вельмі лёгка адшукаць ў кожнай важнейшай эпосе эўрапейскага мінулага. Гісторыя ўсходнеславянскай дзяржаўнасьці пачынаецца ў Кіеве тысячу гадоў таму. Сустрэча Кіева з Масквой наступіла стагодзьдзі пасьля таго, як Украінай кіравалі з такіх месцаў, як Вільня і Варшава. Уключэньне ўкраінскіх зямель у склад Савецкага Саюзу наступіла толькі пасьля вайсковага і палітычнага змаганьня, якое пераканала саміх бальшавікоў, што Ўкраіну трэба разглядаць у якасьці асобнай палітычнай адзінкі. Пасьля таго, як акупанты ў Кіеве памяняліся з тузін разоў, перамагла Чырвоная Армія, і Савецкая Украіна стала часткай Савецкага Саюзу ў 1922 годзе.

Украіна ня мае гісторыі без Эўропы, але і Эўропа ня мае гісторыі без Украіны. Украіна ня мае будучыні без Эўропы, але і Эўропа ня мае будучыні без Украіны. На працягу стагоддзяў гісторыя Ўкраіны выяўляла ўсе пераломныя моманты ў гісторыі Эўропы. Гэтае адносіцца і да сёньняшняга дня. Зразумела, што тое, у які бок павернуцца справы, залежыць, прынамсі цяпер, і ад эўрапейцаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG