Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рагозін наведаў Прыднястроўе: «Зялёныя чалавечкі» могуць зьявіцца і ў Малдове


Дзьмітры Рагозін у Прыднястроўі

Дзьмітры Рагозін у Прыднястроўі

На мінулым тыдні віцэ-прэм’ер Расеі Дзьмітры Рагозін наведаў самаабвешчанае Прыднястроўе.

Пры яго вяртаньні ў Маскву пры пасадцы самалёта ў Кішынёве спэцслужбы Малдовы зрабілі ператрус самалёт і сканфіскавалі вялікую колькасьць подпісаў жыхароў Прыднястроўя пад зваротам да прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна аб прызнаньні Прыднястроўя.

«Малдоўскім спэцслужбам, якія затрымалі і абшукалі наш борт у Кішынёве, дасталася толькі малая частка грузу. Аб асноўным грузе мы паклапаціліся. Таксама дэлегацыя Расеі прывезла дадому і самы зварот прыднястроўцаў да кіраўніцтва Расеі. І хай яно мае, хутчэй, сымбалічны, а не юрыдычны сэнс, зараз для нас гэта важна. Так ці інакш, правакацыя Кішынёва будзе мець сур’ёзныя наступствы для нашых двухбаковых стасункаў», — заявіў віцэ-прэм’ер РФ.

«Гэтыя матэрыялы былі затрыманыя кампэтэнтнымі органамі Рэспублікі Малдова для аналізу іх законнасьці ў адпаведнасьці з дзейным заканадаўствам», — гэтак пракамэнтавалі інцыдэнт у МЗС Малдовы.


Падчас падарожжа расейскага віцэ-прэм’ера Ўкраіна і Румынія не далі самалёту Рагозіна дазволу на пралёт над іх тэрыторыяй. «У наступны раз палячу на ТУ-160», — напісаў Рагозін у сваім Twitter.

ТУ-160 — гэта расейскі стратэгічны бамбардавальнік. Паводзіны і заявы расейскага чыноўніка пракамэнтаваў для нашага радыё прэм’ер-міністар Малдовы Юрые Лянке:
«На жаль, з заяваў і паводзінаў сп-ра Рагозіна вынікае, што ён, ня ведаю чаму, мяркуе, што мы не зьяўляемся сувэрэннай дзяржавай, суб’ектам міжнароднага права. Ужо час спадару Рагозіну зразумець, што да Малдовы трэба ставіцца з павагай. Што да яго заяваў, то гаварыць ад імя дзяржавы могуць прэзыдэнт краіны, прэм’ер -міністар і міністар замежных спраў. І таму я хацеў бы яшчэ раз удакладніць пазацыю Масквы. І нездарма амбасадар Расеі ўчора ўвечары быў ізноў запрошаны ў МЗС».

Кіраўнік ураду патлумачыў інцыдэнт з канфіскацыяй подпісаў, сказаўшы, што не разумее, як перавозка гэтых подпісаў сумяшчаецца з афіцыйнай пазыцыяй Расейскай Фэдэрацыі, якая заўсёды заяўляла пра павагу прынцыпу тэрытарыяльнай цэласнасьці Малдовы.

Расейскі чыноўнік пасьля вяртаньня ў Маскву зрабіў шэраг рэзкіх заяваў наконт Малдовы ў інтэрвію газэце «Коммерсант».

«Я буду настойваць на пераглядзе эканамічных адносін з Малдовай, калі яна пойдзе на асацыяцыю з Эўразьвязам», — сказаў Рагозін у інтэрвію. Дамову аб асацыяцыі з Эўразьвязам Кішынёў разьлічвае падпісаць у гэтым месяцы.

«Ранейшых адносін ужо ня будзе. Я перакананы, што асацыяцыя з ЭЗ — гэта зьмена нэўтральнага статусу Малдовы. Ёсьць пэўнае правіла, яго ведаюць усе натаўцы: Каб уступіць у ЭЗ, неабходна ўступіць у НАТА. Гэта правіла пад малдаванаў ня будзе мяняцца. Таму асацыяцыя з ЭЗ — гэта момант, калі Малдова бярэцца за ручку дзьвярэй пад назвай НАТА. Заўтра гэтыя дзьверы адкрыюцца», — патлумачыў сваю пазыцыю віцэ-прэм’ер Расеі.


Ён ня выключыў, што Расея можа ўвесьці візавы рэжым з Малдовай:
«Для гэтага павінны скласьціся пэўныя абставіны. Для нас малдоўскія працоўныя мігранты не праблема. Гэта блізкі да нас народ. Пытаньне ў тым, чаму Расея павінна будзе захоўваць цяперашні статус-кво, калі Малдова, якая корміцца ​, папаўняе свой бюджэт праз працоўную міграцыю, перастане быць блізкай, дружалюбнай ці нават нэўтральнай у адносінах да Расеі дзяржавай», — падкрэсьліў ён.

Віцэ-прэм’ер РФ ня выключыў таксама магчымасьці зьяўленьня ў Прыднястроўі «зялёных чалавечкаў», але падкрэсьліў, што гэта магчыма ў выпадку «пагрозы фізычнай бясьпецы жыхарам рэгіёну». Аднак, паводле яго, зараз параўноўваць гэты рэгіён з Крымам нельга, «мы ня бачым пагрозы фізычнага характару ў адносінах да Прыднястроўя», — сказаў ён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG