Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква пачынае адаптацыю лукашэнкаўскіх дамоваў пра нафту


Нафтавае мыта, якое Беларусь у наступным годзе разьлічвала пакінуць у сваім бюджэце, можа скласьці не паўтара мільярда даляраў, а значна менш.

Гэта вынікае з пазыцыі расейскага ўраду, якую агучыў віцэ-прэм’ер Аркадзь Дварковіч. У Маскве ён заявіў, што Расея рыхтуе паступовае зьніжэньне экспартнага мыта на нафту і нафтапрадукты, адначасова павялічваючы нафтавы падатак. Гэты працэс, паводле Дварковіча, можа паскорыцца.

Навіну, што Беларусь у 2015 годзе будзе пераводзіць у расейскі бюджэт толькі палову нафтавага мыта, Аляксандар Лукашэнка абвясьціў у Менску 9 траўня, вярнуўшыся з Масквы. Тады ж ён назваў і «цану пытаньня» — у бюджэце Беларусі будзе дадаткова паўтара мільярда даляраў.

Але ўжо тады некаторыя экспэрты адмаўляліся камэнтаваць гэтае паведамленьне, спасылаючыся на тое, што трэба дачакацца пацьверджаньня з Масквы.

Выказваньні Аркадзя Дварковіча сьведчаць — ня ўсё з нафтавым мытам так проста і адназначна. Па-першае, незразумела, калі адбудзецца яго зьніжэньне. Расейскія мэдыі ўжываюць розныя тэрміны: «паступова», «працэс можа быць паскораны», «цягам бліжэйшых месяцаў». Па-другое, не ўдакладняецца, як гэта будзе зроблена — адразу ці ў некалькі этапаў? Арыенцір — ровень Казахстану. А гэта прыкладна ў 4,7 раза таньней, чым цяпер, і мыта можа апусьціцца да 80 даляраў за тону нафты.

Калі такое адбудзецца хутка і аднамомантна, то гэта прынясе Беларусі вялікія фінансавыя непрыемнасьці, — кажа Свабодзе аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй Елісееў:
Андрэй Елісееў

Андрэй Елісееў

«Гэтая схема, пры якой Расея зьмяншае мыта на нафту і нафтапрадукты да казахстанскага роўню і адначасова падвышае падатак на здабычу карысных выкапняў, хавае беларускую нафтаперапрацоўку. У такім выпадку нафта становіцца вельмі дарагой, і будзе непрыбыткова беларускім прадпрыемствам яе купляць і перапрадаваць пасьля прадукты зь яе.

Але такая схема нанясе шкоду і расейскай нафтаперапрацоўцы. Таму Расея не хацела ўжываць так званы вялікі падатковы манэўр вельмі хутка. Таму, мабыць, Дварковіч кажа пра гэта — як бы „зь цягам часу“. Зь яго цытаты я не магу зразумець, калі гэта дакладна адбудзецца».

Падаецца, што цяпер пачынаецца працэс адаптацыі дамоўленасьцяў Аляксандра Лукашэнкі, якія ён зрабіў напярэдадні Дня Перамогі ў Маскве. І тут могуць узьнікнуць пэўныя складанасьці, — мяркуе дырэктар Лібэральнага клюбу па дасьледаваньнях Яўген Прэйгерман:
Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман

«Праблема ў тым, што, паводле падлікаў некаторых органаў дзяржкіраваньня Расеі, дамоўленасьці, якія агучыў Лукашэнка, могуць выклікаць адток 30–35 мільярдаў даляраў з расейскага бюджэту. Таму Расея мусіць на гэта неяк рэагаваць.

З таго, што заявіў Дварковіч, бачна — найверагодней, каб кампэнсаваць гэтыя страты, будзе падвышацца падатак на здабычу карысных выкапняў. Для Беларусі гэта значыць, што нафта, якую мы набываем, будзе даражэйшая. Гэта, у сваю чаргу, азначае, што прадукты зь яе (і тыя, што мы прадаём тут, і тыя, што экспартуем) таксама падаражэюць. Ну, і, зразумела, маржа, якую мы можам пераводзіць у свой бюджэт, будзе меншай».

Прапановы Дварковіча вядуць да таго, што нафтавае мыта будзе цалкам адменена. І гэта абсалютна правільны шлях. Усё пытаньне — як хутка гэта будзе зроблена? — падкрэсьлівае кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:
Леанід Заіка

Леанід Заіка

«Гэта азначае, што беларусы будуць зарабляць за кошт перапрацоўкі нафты. А цана гэтай нафты будзе прыкладна гэткая, як і сусьветная цана. І ніякай асаблівай розьніцы ня будзе. Ня будзе амаль і прыбытку. Вось і ўсё. Так і павінна быць».

Цяпер Расея пастаўляе нафту ў Беларусь бяз мыта па спэцыяльнай квоце. Але прадукты, якія вырабляюць з гэтай нафты і якія прадаюцца па-за межамі Беларусі і Расеі, абкладаюцца нафтавым мытам. Яно цалкам павінна паступаць у бюджэт Расеі, што не задавальняе беларускія ўлады.
XS
SM
MD
LG