Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марэк Мігальскі: У Беларусь мяне не ўпусьцілі па ўказаньні з Расеі


Марэк Мігальскі

Марэк Мігальскі

У ноч зь нядзелі на панядзелак эўрадэпутат з Польшчы Марэк Мігальскі разам з двума сваімі супрацоўнікамі спрабаваў уехаць у Беларусь, але беларускія памежнікі не прапусьцілі яго празь мяжу. Эўрадэпутату са спадарожнікамі давялося вярнуцца ў Варшаву.



Марэк Мігальскі ў эксклюзіўным інтэрвію распавёў Радыё Свабода пра мэты свайго візыту ды падрабязнасьці інцыдэнту зь беларускімі памежнікамі:

«Ехалі мы ў цягніку. І пры кантролі папрасілі ў нас пашпарты. Потым прыйшла спадарыня памежніца і паведаміла, што я не магу ехаць і павінен выйсьці, а мае спадарожнікі могуць ехаць далей. Мы на такую прапанову не пагадзіліся, выйшлі ўсе ўтраіх і прайшлі да транзытнай зоны. Там мы чакалі пэўны час, пакуль не падышоў беларускі афіцэр-памежнік. Ён распавёў, што гэта было расейскае рашэньне — што я ня мог уехаць у Беларусь. Гэта было для мяне цікава — чаму расейскае рашэньне? І чаму тычылася менавіта мяне, а мае супрацоўнікі маглі ехаць далей? Мы запыталіся, чаму ёсьць такое рашэньне. Нам не адказалі, сказалі толькі, такое рашэньне ёсьць і рашэньне менавіта расейскае. Мы вырашылі, што ніхто з нас не паедзе ў Беларусь, бо для маіх супрацоўнікаў гэта можа быць небясьпечна. Нас праводзілі да іншага цягніка, які ехаў у Варшаву, і мы вярнуліся ў Польшчу».

Карэспандэнтка: «Спадар Марэк, а як памежнікі абыходзіліся з вамі — ветліва, карэктна?»

«Так, усё было вельмі ветліва, вельмі карэктна, не было ніякай штурханіны, ніякага выкарыстаньня сілы. Рашэньне было даведзена да нас тактоўна і канчаткова.

Мы вельмі шкадуем, таму што спадар Лукашэнка абяцаў, што падчас чэмпіянату па хакеі любы замежнік можа ўехаць па пашпарце і купленых квітках на матчы. Насамрэч словы Лукашэнкі чарговым разам выявіліся хлусьнёю, ня кожны можа ўехаць. Відавочна, што Лукашэнка баіцца наплыву людзей з Захаду, бо такія кантакты б паказалі, як далёка ад заходніх стандартаў знаходзіцца краіна, што ён сапраўды дыктар і наколькі недэмакратычны рэжым пануе ў Менску».

Карэспандэнтка: «Спадар Мігальскі, а ці ведалі вы, што да вас ужо не ўпусьцілі ў Беларусь праваабаронцаў з Нарвэгіі, са Швэцыі?»

«Так, канечне, мы ведалі, што некалькі чалавек, праваабаронцаў, не ўпусьцілі ў вашу краіну. І вырашылі мы не ляцець самалётам, а ехаць цягніком і мець магчымасьці паразмаўляць зь людзьмі ў Беларусі. Але гэта аказалася немагчыма».

Карэспандэнтка: «Спадар Мігальскі, а што вы везьлі з сабой, што было ў вашым багажы?»

«У нас былі майкі з партрэтам Статкевіча, майкі з партрэтам Бяляцкага, мелі таксама беларускія сьцягі. Але ніхто нас не абшукваў, ніхто не аглядаў наш багаж. Рашэньне не пускаць нас у краіну было абвешчана без агляду багажу, нас не запытвалі, што мы вязем з сабой».

Карэспандэнтка: «А якія мэты паездкі ў вас былі, акрамя хакею?»

«Мы хацелі сустрэцца зь сем’ямі палітвязьняў, хацелі сустрэцца з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і хацелі публічна стаць у нейкім месцы з гэтымі майкамі з партрэтамі Статкевіча і Бяляцкага. Але гэта, відаць, было занадта для спадара Лукашэнкі».

Карэспандэнтка: «А ці будзеце вы працягваць працаваць, нягледзячы на такое няветлівае стаўленьне беларускіх уладаў да вас?»

«Вядома, мы будзем працягваць працаваць дзеля вольнай і дэмакратычнай Беларусі. Бо я перакананы, што Беларусь заслугоўвае свабоды і дэмакратыі, як і іншыя эўрапейскія народы».

Карэспандэнтка: «Дзякуй вам вялікі, і я спадзяюся, што вы яшчэ абавязкова трапіце ў нашу краіну».

«Я таксама вельмі спадзяюся. І ўсяго найлепшага вашым слухачам!»
XS
SM
MD
LG