Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША не прызнаюць «незаконныя рэфэрэндумы ў Данбасе»


Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША выступіў з заявай пра «незаконныя рэфэрэндумы ва ўсходняй Украіне».

Заява была распаўсюджаная ад імя прэс-сакратара Дзярждэпартамэнту Джэн Сакі перад правядзеньнем рэфэрэндумаў 11 траўня.

У ёй Злучаныя Штаты Амэрыкі называюць рэфэрэндумы, арганізаваныя ўзброенымі групамі сэпаратыстаў 11 траўня ў некаторых частках усходу Ўкраіны, незаконнымі з пункту гледжаньня ўкраінскага заканадаўства. На погляд ЗША, гэта спроба працягу расколу і беспарадкаў, парушэньне міжнароднага права і тэрытарыяльнай цэласнасьці Украіны.

«Злучаныя Штаты не прызнаюць вынікаў гэтых незаконных рэфэрэндумаў. Акрамя гэтага, мы расчараваныя тым, што расейскія ўлады не выкарыстоўвалі свой уплыў, каб прадухіліць правядзеньне рэфэрэндумаў, улічваючы, што прэзыдэнт Пуцін прапанаваў 7 траўня іх адкласьці і тады ж заявіў пра адвод расейскіх войскаў ад украінскай мяжы.

На жаль, мы дагэтуль ня бачым ніякага адыходу расійскіх войскаў ад мяжы. Сёньня сацыяльныя сеткі і органы інфармацыі, якія падтрымліваюцца Крамлём, заахвочвалі ўдзел жыхароў усходніх абласьцей Украіны ў заўтрашнім галасаваньні, а адзін СМІ нават прапаноўваў інструкцыі для выбарчых участкаў у Маскве. Расейскія дзяржаўныя СМІ таксама працягвалі ўзмоцнена падтрымліваць рэфэрэндумы, ня згадваючы пра заклік Пуціна да іх адтэрміноўкі.

Зараз міжнародная супольнасьць павінна засяродзіцца на падтрымцы пасьлядоўных намаганьняў украінскага ўраду па правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў 25 траўня. Міжнародныя аглядальнікі адзначаюць, што падрыхтоўка да гэтых выбараў ідзе хуткімі тэмпамі і ў адпаведнасьці зь міжнароднымі нормамі, што дасьць усяму народу Ўкраіны голас у вызначэньні будучыні сваёй краіны. Паводле нядаўніх незалежных апытаньняў, пераважная большасьць грамадзян Украіны маюць намер прыйсьці на выбары 25 траўня. Любыя намаганьні сарваць гэты дэмакратычны працэс зь відавочнасьцю выдадуць сваю сутнасьць як спробы пазбавіць украінскіх грамадзян права на свабоднае выказваньне сваёй палітычнай волі.

Як заявілі 2 траўня прэзыдэнт ЗША Барак Абама і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, расейскае кіраўніцтва павінна ведаць, што калі яно працягне дэстабілізаваць сытуацыю на ўсходзе Ўкраіны і сарве прэзыдэнцкія выбары ў гэтым месяцы, мы хутка прымем меры да таго, каб Расея адчула яшчэ больш сур’ёзныя наступствы.

Расейскія ўлады ўсё яшчэ маюць магчымасьць узяць курс на выкананьне сваіх жэнэўскіх абавязаньняў і на выкананьне сказанага прэзыдэнтам Пуціным 7 траўня. Мы заклікаем іх да гэтага», — гаворыцца ў заяве.

XS
SM
MD
LG