Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія войскі гатовыя адбіваць верагодны напад Расеі, заявіў у нядзелю сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Украіны Андрэй Парубій.

«Калі Расея прызнае „рэфэрэндум“ і пачне актыўныя дзеяньні, я яшчэ раз заяўляю: калі будзе акт агрэсіі, Украіна абараняцьме сваю тэрыторыю і сваю дзяржаву», — сказаў ён у інтэрвію брытанскай тэлерадыёкампаніі ВВС.
«Мы не прызнаем „рэферэндуму“ і не прызнаем, калі гэтую палітычную авантуру нейкім чынам можна расцэньваць як законную. Мы разумеем, што напад можа адбыцца ў любы дзень, і ўкраінскія войскі гатовыя адказаць на верагодную атаку або акт агрэсіі з боку Расеі», — паўтарыў чыноўнік.

У нядзелю ў некаторых частках Данецкай і Луганскай абласьцей, якія цяпер кантралююць узброеныя прарасейскія сэпаратысты з груповак «Данецкая народная рэспубліка» і «Луганская народная рэспубліка», спрабуюць правесьці незаконныя «рэфэрэндумы» па «незалежнасьці» гэтых тэрыторый. Украіна і дзяржавы сьвету ўжо заяўлялі, што гэтыя захады незаконныя і нелегітымныя, і іх правядзеньне ня мае ніякіх наступстваў. Затое Расея надае гэтым захадам шырокую інфармацыйную і, як лічаць, і фінансавую ды арганізацыйную падтрымку — нягледзячы на тое, што яе прэзыдэнт Уладзімір Пуцін на словах заклікаў сэпаратыстаў адкласьці гэтыя «рэферэндумы».

Некаторыя з кіраўнікоў сэпаратыстаў раней заяўлялі, што пасьля абвяшчэньня вынікаў цяперашняга «рэфэрэндуму» па «незалежнасьці» яны маюць намер ў бліжэйшую нядзелю правесьці і наступны «рэфэрэндум», ужо аб уступе ў склад Расеі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG