Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працяг гістарычнага цыклю паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных юбілею Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004-х і ў 2009 годзе.

2008 год у гісторыі Радыё Свабода адзначыўся закрыцьцём яшчэ адной нацыянальнай службы — румынскай, ад якой засталася маленькая малдоўская сэкцыя. Бадай, самай гучнай падзеяй стала кібэратака супраць інтэрнэт-сайтаў радыё, якая, як выявілася, была скіраваная менавіта супраць беларускай службы. Гэта адбылося 26 красавіка, якраз у той момант, калі ў Менску пачаўся традыцыйны Чарнобыльскі шлях. Калі нашыя тэхнічныя службы паспрабавалі мяняць сэрвэры, на якіх ляжаць сайты розных рэдакцыяў, нападнікі кожны раз пераносілі атаку на той сэрвэр, куды перамяшчаўся беларускі сайт. Атака працягвалася некалькі дзён, пацярпелі і іншыя сайты, але ў выніку былі ўжытыя адпаведныя захады, каб у будучыні такое не магло паўтарыцца.

Якім быў 2008 год для Беларускай Свабоды? Гэта высьвятляла ў гутарках з маімі калегамі Алена Ціхановіч.


Наша радыё чым далей тым болей аспрэчвае старую прыказку — слова вылецела не паймаеш. Наша радыё можна слухаць, чытаць, бачыць. Як гэта спрацоўвала ў 2008-м годзе раскажа дырэктар беларускай службы Аляксандр Лукашук.
Аляксандар Лукашук на прэзэнтацыі кнігі мэмуараў Івонкі Сурвілы "Дарога" на ўправе БНФ у Менску

Аляксандар Лукашук на прэзэнтацыі кнігі мэмуараў Івонкі Сурвілы "Дарога" на ўправе БНФ у Менску

«Такі звыклы зварот, які я на працягу ўжо дзесяці гадоў скарыстоўваю, калі вітаю вас у навагоднія, калядныя дні, гаворачы пра здабыткі і пляны — ён састарэў. Бо напэўна сярод тых, хто зараз слухае нашу перадачу, ёсьць і нашы чытачы — наведнікі сайту svaboda.org, і нават нашы гледачы — тыя, хто глядзіць на тэлеканале „Белсат“ праграму „Тыдзень з Радыё Свабода“, якая выходзіць кожную суботу і паўтараецца па панядзелках».

— Дык якое выйсьце? Можна ж зьвяртацца «шаноўнае спадарства» ці «сябры»...

«Чаму не? Але сёньня давайце ўпершыню я зьвярнуся да нашай аўдыторыі зусім па-новаму: „Шаноўныя калегі!“ Так, калегі, бо гэта ваша Свабода. Вы прысылалі нам свае фота і СМСкі пра падзеі ў Беларусі, як грамадзкія рэдактары давалі заданьні нам, журналістам, якія тэмы дасьледаваць, як удумлівыя і неабыякавыя грамадзяне прысылалі свае камэнтары да артыкулаў, апублікаваных на сайце svaboda.org, удзельнічалі ў дыскусіях. Дарэчы, ня толькі з аўтарамі Свабоды, але спрачаліся і з намі, і паміж сабой. Бралі ўдзел у галасаваньні на сайце, задавалі пытаньні падчас онлайн-канфэрэнцыяў, напрасткі, без удзелу журналістаў, бралі інтэрвію ў гасьцей Свабоды — палітыкаў, дыпляматаў, пісьменьнікаў і сьвятароў. Дзякуй за плённую сумесную працу».

— Год быў даўгі, давайце ўспомнім — што ў 2008 годзе адзначала эфір Свабоды.

«Як заўсёды, галоўным было імкненьне як мага больш дакладна і апэратыўна паведамляць пра важныя падзеі ў Беларусі і сьвеце і ўсебакова аналізаваць іх. У праграме дамінавалі тэмы дэмакратыі, правоў чалавека, нацыянальнай культуры, а таксама эканомікі, асабліва калі крызіс пачаў наўпрост біць па нашых слухачах.

Надзвычайнай падзеяй году для нас, напрыклад, стала кібэратака на сайт Свабоды падчас Чарнобыльскага шэсьця — амаль тры дні наша аўдыторыя ня мела доступу да Свабоды. Пацярпелі і іншыя сайты радыё. Атака на свабоду слова была асуджаная ў Кангрэсе ЗША і ў АБСЭ, яна выклікала словы салідарнасьці ў замежным друку. Напрыклад, уплывовая амэрыканская газэта The Wall Street Journal назвала нас „адважным радыё“...»

— Салідарнасьць праявілі і нашы калегі ў Беларусі — 23 розныя сайты сталі публікаваць заблякаваныя матэрыялы, і такім чынам атака захлынулася і стала бессэнсоўнай.

«Мы вельмі ўдзячныя калегам, і, карыстаючыся нагодай — дзякуй усім, хто спрыяе пашырэньню нашай працы, распаўсюджвае каляндарыкі з хвалямі, перадрукоўвае нашыя публікацыі, дае на іх спасылкі. Свабода — гэта праца, якую трэба рабіць штодня».

— Відаць, варта згадаць аднаго нашага спэцыяльнага слухача — гэты чалавек слухаў Радыё Свабоды ў няволі, у калёніі, і калі пад ціскам міжнароднай дыпляматыі яго адпусьцілі на пахаваньне жонкі, ён на працягу 72 гадзінаў на волі выкраіў час і прыйшоў у студыю Свабоды, каб адказаць на пытаньні слухачоў.

«Так, гэта вельмі важная згадка. Аляксандр Казулін... У нашай праграме было шмат матэрыялаў, прысьвечаных барацьбе за яго вызваленьне, праявам салідарнасьці зь ім, зь іншымі беларускімі палітвязьнямі, у тым ліку ад прэзыднта ЗША Джорджа Буша.
Аляксандар Лукашук задае пытаньне Кандалізе Райс, 8.07.2008

Аляксандар Лукашук задае пытаньне Кандалізе Райс, 8.07.2008

І нагадаю яшчэ адну падзею — як дзяржсакратар Злучаных Штатаў Кандаліза Райс тлумачыла нашаму радыё — а значыць, вам, паважаныя слухачы, чаму ў Менску не была зачыненая амбасада ЗША пасьля ўвядзеньня эканамічных санкцыяў і ўдару ў адказ афіцыйнага Менску, які запатрабаваў скараціць штат да 5 чалавек».

— Так, Кандаліза Райс адказала на ваша, Аляксандар, пытаньне і сказала: «Я не хацела, каб амэрыканскі сьцяг у Беларусі апусьціўся. Вось што спыніла закрыцьцё пасольства. Я лічу, што амэрыканскі сьцяг, які працягвае лунаць у Менску, ёсьць важным сыгналам таго, што Злучаныя Штаты будуць падтрымліваць тых, хто працягвае змагацца за свабоду.

«Шаноўныя сябры, мы лічым вельмі важным мець такую магчымасьць — даваць менавіта нашай аўдыторыі чуць адказы тых, хто прымае рашэньне, зь першых вуснаў, непасрэдна.

Сярод некаторых іншых здабыткаў 2008 году я б назваў выпуск дзьвюх кніг у сэрыі „Бібліятэка Свабоды“. „Дарога“ — так называліся ўспаміны старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы. А кніга першага амбасадара Беларусі ў Нямеччыне, дэпутата Вярхоўнага Савету легендарнага 12-га скліканьня Пётры Садоўскага называлася крыху загадкава „Мой шыбалет“ і стала XV томам нашай бібліятэчнай сэрыі».

***
Год 2008 у сьвеце

У выніку абвалу іпатэчнага рынку ў ЗША ў сьвеце выбухнуў фінансавы крызіс. — Косава ў аднабаковым парадку абвясьціла незалежнасьць ад Сэрбіі. — Фідэль Кастра саступіў пасаду прэзыдэнта Кубы свайму брату Раулю. — Прэзыдэнтам Расеі абраны Дзьмітры Мядзьведзеў. — У Бялградзе арыштаваны былы прэзыдэнт Рэспублікі Сэрбскай Радаван Караджыч, які 12 гадоў хаваўся ад міжнароднага суду. — Расея і Грузія ўступаюць ва збройны канфлікт у Паўдзённай Асэтыі, у выніку якога Абхазія і Паўдзённая Асэтыя ў аднабаковым парадку абвяшчаюць незалежнасьць ад Грузіі. — У адмысловым аб’екце каля Жэнэвы запушчаны Вялікі Гадронны Калайдэр. — Прэзыдэнтам ЗША ўпершыню абраны афраамэрыканец Барак Абама. — Ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры становіцца францускі пісьменьнік Жан­Мары Гюстаў ЛёКлезіё.

***

А зараз зноў слова Алене Ціхановіч з аглядам гісторый Беларускай Свабоды ў 2008 годзе.

У расповядзе Аляксандра Лукашука было згадана, што бібліятэка Свабоды папоўнілася дзьвума кнігамі. Рэдактарам кнігі ўспамінаў Івонкі Сурвілы быў Сяргей Навумчык:
Сяргей Навумчык і Івонка Сурвіла на прыёме ў Вацлава Гаўла, 20.03.2008

Сяргей Навумчык і Івонка Сурвіла на прыёме ў Вацлава Гаўла, 20.03.2008

«Кніга Івонкі Сурвілы „Дарога“ працягвае мэмуарную традыцыю беларускай літаратуры і пацьвярджае, дарэчы, тую тэзу, што эмігранцкая мэмуарыстыка пасьпяхова канкуруе з мэмуарнай літаратурай мэтраполіі. Цікавы такі момант: большасьць большасьць дзеячоў, якія жылі ў самой Беларусі, не пакінулі мэмуараў, а вялікая колькасьць дзеячоў дыяспары мэмуары пакінулі. Магчыма, таму, што жылі ў вольным сьвеце і маглі казаць са спадзяваньнем быць прачытанымі тое, што ў савецкай Беларусі было казаць забаронена. Але справа, вядома, ня ў колькасьці. Кніга старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы — якраз сьведчаньне таго, што падзел беларусаў на тых, хто ў Беларусі, і тых, хто жыве ў замежжы, вельмі ўмоўны. Сурвіла піша пра дзяцінства, пра юнацтва, пра свайго мужа Янку, пра блізкіх і знаёмых — і ўсё гэта зьвязана думкамі зь Беларусьсю. З кнігі разумееш, што тыя, хто аб’яднаны ідэяй 25 сакавіка, жывуць і дыхаюць адной радзімай, адной Бацькаўшчынай.

І скажу яшчэ пра адну праграму, якая гучала ў чэрвені. Месяц чэрвень зьвязаны для нас з Васілём Быкавым. У чэрвені ўрыўкі з быкаўскіх твораў чыталі палітыкі, літаратары, мастакі, а ў 2009 годзе мы будзем адзначаць 85-ю гадавіну з дня нараджэньня Васіля Быкава, і слухачоў Свабоды чакае ўнікальны падарунак».

***

Год, які адыходзіць, у Чэхіі, дзе месьціцца штаб кватэра нашага радыё, назвалі годам лёсаносных васьмёрак. Чэхі заўважылі, што шмат якія вызначальныя для гэтай нацыі падзеі здараліся ў гадах, якія заканчваюцца на васьмёрку. так у 1348-м быў заснаваны Карлаў унівэрсітэт, у 1918-м абвешчаная Чэхаславакія, у 1948-м да ўлады прыйшлі камуністы, у 1968-м —савецкая акупацыя, у 1988-м адбыліся першыя масавыя дэманстрацыі , якія сталі прадвесьнем аксамітнай рэвалюцыі. Мая калега Ганна Соўсь была куратаркай праекту, які прыгадваў знамянальнасьць 1988 году для Беларусі:
Ганна Соўсь

Ганна Соўсь

«Да 20-годзьдзя адкрыцьця праўды пра расстрэл у Курапатах Радыё Свабода наладзіла конкурс „Мае фота — мае Курапаты“. Нагадаю, што 20 гадо таму, 3 чэрвеня 1988 году ў тыднёвіку „Літаратура і мастацтва“ быў надрукаваны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва „Курапаты — дарога сьмерці“. Мы зьвярнуліся да нашых слухачоў і наведнікаў сайту з просьбай даслаць фатаздымкі з урочышча Курапаты, зробленыя цягам гэтых 20 гадоў. Грамадзкім рэдактарам гэтага конкурсу мы папрасілі стаць адкрывальніка Курапатаў Зянона Пазьняка. Фатаконкурс працягваўся адзін месяц — ад 3 траўня да 3 чэрвеня, кожны тыдзень Зянон Пазьняк адбіраў і камэнтаваў найбольш цікавыя і характэрныя здымкі. Усяго было даслана каля 250 фота, каля 150 былі выстаўленыя і пракамэнтаваныя Зянонам Пазьняком на нашым сайце svaboda.org. Што да саміх дасланых фатаздымкаў, то іх можна падзяліць на некалькі групаў: архіўныя фота першых акцыяў у Курапатах, у тым ліку знакамітых „Дзядоў“ 1988 году, фота талокаў, якія ладзіліся ва ўрочышчы цягам гэтых 20 гадоў, здымкі намётавага лягеру, які паўстаў у Курапатах у часе будаўніцтва кальцавой дарогі, партрэты розных людзей у Курапатах, акцыі з нагоды дня памяці продкаў апошніх гадоў і проста фота Курапатаў. Дадам, што 3 чэрвеня, дакладна ў 20-ю гадавіну выхаду ў сьвет артыкулу „Курапаты — дарога сьмерці“, ва ўрочышчы адбылося ўганараваньне пераможцаў фатаконкурсу. Пераможцамі сталі 11 чалавек, яны атрымалі кнігі ад Зянона Пазьняка, а ад Радыё Свабода — апараты, радыёпрыймачы і 14 кнігаў з сэрыі „Бібліятэка Свабоды“ ў pdf-фармаце, а таксама ўсе фотаматэрыялы конкурсу „Мае фота — мае Курапаты“ на флэш-карце. Фотаматэрыялы конкурсу можна паглядзець на сайце і цяпер. Таксама можна знайсьці ўнікальны аўдыёзапіс мітынгу ў полі, зроблены 30 кастрычніка 1988 году — ён быў выстаўлены роўна праз 20 гадоў, 30 кастрычніка 2008 году».

***

Яшчэ адна паралель з лёсаноснымі васьмёркамі — гэта беларуска-чэскія згадкі 1918 году, калі на мапе сьвету зьявіліся дзьве новыя дзяржавы — з нутра Аўстра- Вугорскай імпэрыі нарадзілася Чэхаславаччына, а на развалінах Расейскай імпэрыі спрабавала паўстаць БНР. Сяргей Абламейка як гісторык браў удзел у праскай канфэрэнцыі, прысьвечанай 90 годзьдзю БНР:

— Чаму беларусы ўжо 90 гадоў у розных краінах і ў розных умовах нязьменна адзначаюць чарговыя ўгодкі абвяшчэньня БНР?
Канфэрэнцыя ў Празе, 22.03.2008

Канфэрэнцыя ў Празе, 22.03.2008

«Таму што гэта галоўная падзея 1000-гадовай беларускай гісторыі. Менавіта 25 сакавіка 1918 году беларусы заявілі цэламу сьвету, што яны ёсьць, што яны самастойны народ і што яны хочуць мець сваю незалежную дзяржаву. Няважна, што было пасьля — нямецкая, польская і савецкая акупацыі, фальсыфікацыя гісторыі БНР і схаваньне праўды пра яе. Насамрэч БНР так ці йначай адбылася, зь ёю лічыліся, яе прызналі больш за дзесяць краінаў і яе баяліся нашы непрыяцелі — таму і змагаліся зь ёй ды з памяцьцю пра яе. Калі б не было БНР, не было б і БССР, і сёньняшняй Рэспублікі Беларусь».

— На сакавіцкай канфэрэнцыі ў Празе вы выступалі з дакладам, які пасьля быў перадрукаваны ў Менску і выклікаў рэзананс у мэдыяльнай прасторы і ў інтэрнэце. Чаму на канфэрэнцыі з нагоды гадавіны БНР вы гаварылі аб сёньняшніх праблемах беларускай культуры?

«У сваім выступе я зьвяртаўся найперш да прысутных чэскіх палітыкаў і беларускай моладзі. Мне хацелася патлумачыць ім важнасьць клопату аб беларускай культуры сёньня, ва ўмовах татальнай русыфікацыі, якая цяпер мае месца ў Беларусі. Тыя, хто хоча на Захадзе дапамагчы дэмакратызацыі Беларусі, не разумеюць важнасьці для гэтай справы беларускай культуры — яны дбаюць пра абстрактную дэмакратыю. Тым часам калі б кожны беларус добра ведаў нацыянальную гісторыю і здабыткі нацыянальнай культуры, у яго б не паўставала пытаньня выбару куды кіравацца яго краіне — на Захад або на Ўсход, бо гістарычна Беларусь — гэта эўрапейская краіна. Менавіта таму тыя, хто зацікаўлены ва ўсходнім кірунку разьвіцьця Беларусі, змагаюцца зь беларускай мовай, культурай і беларускай гістарычнай спадчынай».

***
2008 год у Беларусі

У акцыях пратэсту прадпрымальнікаў бяруць удзел некалькі тысячаў чалавек. — На патрабаваньне беларускіх уладаў ЗША адклікаюць амбасадара зь Менску і скарачаюць штат дыпляматычнай місіі ў Беларусі. — «Працэс 14-ці»: моладзевых актывістамі караюць штрафамі і абмежаваньнем волі без заключэньня пад варту. — Палата прадстаўнікоў прымае новы больш жорсткі Закон аб СМІ. — Выбух у Менску: каля 50 параненых, тысячы дапытаных. — Ніводзін прадстаўнік апазыцыі не трапіў ў Палату прадстаўнікоў у выніку парлямэнцкіх выбараў. — Недзяржаўныя газэты вяртаюць у дзяржаўную сыстэму распаўсюду і падпіскі. — Аляксандар Лукашэнка заяўляе пра лібэралізацыю ва ўмовах эканамічнага крызісу.

***

2008 год у гісторыі нашага радыё. Алена Ціхановіч працягвае...

Цалкам сто аўтараў ахапіў праект Начная чытанка, ідэя якой нарадзілася ў Аляксея Знаткевіча.
«Цягам 2008 году ў нашым эфіры скончылася другая частка праекту „Начная чытанка“. Цягам гэтага і папярэдняга гадоў на нашых хвалях гучалі яшчэ 50 аўтараў і перакладчыкаў. Як і ў першай частцы „Начной чытанкі“, тут ёсьць і паэзія, і проза, і ўласныя творы, і пераклады ад літаратараў розных пакаленьняў. Назаву некаторыя імёны: Славамір Адамовіч, Уладзімер Арлоў, Наталка Бабіна, Генадзь Бураўкін, Пятро Васючэнка, Галіна Дубянецкая, Павал Касьцюкевіч, Алег Мінкін, Людміла Рублеўская, Тацяна Сапач, Васіль Сёмуха, Сяргей Законьнікаў. На пачатку наступнага году творы гэтай паўсотні аўтараў разам зь іх біяграфіямі і фатаздымкамі маюць выйсьці на дыску. Але ўжо цяпер тыя, хто мае доступ да інтэрнэту, могуць паслухаць аўтараў зь першага дыску „Начной чытанкі“, які выйшаў у сьвет у 2007 годзе. Наклад 1000 асобнікаў тады даволі хутка разышоўся, але цяпер можна спампаваць або дыск цалкам, або запісы асобных аўтараў з нашага сайту svaboda.org. Выбраць там таксама ёсьць з чаго, рэчы там практычна на любы густ, розных жанраў. Да прыкладу, Лявон Вольскі і Адам Глобус чыталі свае казкі, Віктар Шалкевіч — міні-п’есы, Альгерд Бахарэвіч, Ева Вежнавец і Югася Каляда — апавяданьні. Ёсьць таксама і пераклады. А найбольш у „Начной чытанцы“ паэзіі — свае вершы там чыталі паэты розных пакаленьняў, сярод іх — Рыгор Барадулін, Уладзімер Някляеў, Алесь Разанаў, Міхал Анемпадыстаў, Джэці, Віктар Жыбуль, Вальжына Морт, Сяргей Прылуцкі, Андрэй Хадановіч».

І на завяршэньне — пытаньне да дырэктара Беларускай службуы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука. Што чакаць слухачам у Новым Годзе?

«2009 год будзе годам важных пераменаў у Беларусі — эканамічных, палітычных, міжнародных. Будзе мяняцца таксама і Свабода. Будуць новыя перадачы, конкурсы, кнігі, кампакт дыскі, новыя аўтары, новыя героі і новыя праблемы. Свабода будзе імкнуцца ня толькі своечасова інфармаваць вас пра самыя сьвежыя падзеі, але і апэратыўна аналізаваць іх, тлумачыць, шукаць адказы на самыя важныя пытаньні жыцьця. І мы вельмі разьлічваем на вашую дапамогу, параду, удзел у дыскусіях. Званіце, пішыце, дасылайце камэнтары, фота, відэа. Чакаем вашых парадаў і прапановаў. Гэта — ваша Свабода, шаноўныя калегі».

Гэтыя словы дырэктара беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука надалей застаюцца актуальнымі, а я на гэтым з вамі разьвітваюся... Заставайцеся са Свабодай!
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG