Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 12 траўня: хакей, Мова ці кава, дзень мэдсёстраў


На адкрытых занятках «Мова ці кава»

На адкрытых занятках «Мова ці кава»

Падзеі гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ

У Менску пройдзе беларуска-чэскі бізнэс-форум.

На сядзібе ТБМ у межах кампаніі «Будзьма беларусамі!» (а 18-й гадзіне) адбудзецца сустрэча зь Пятром Садоўскім. Тэма: «Наша нацыянальнае самавызначэньне: зьмена пакаленьняў – зьмена каштоўнасьцяў?».

У крэатыўнай прасторы «Цэх» а 19-й заняткі «Мова ці кава», на гэты раз будзе спроба правесьці гульню «Што? Дзе? Калі?» у спартовай вэрсіі па-беларуску.

Гульні хакейнага чэмпіянату: Чыжоўка-арэна – Францыя-Славаччына (16:45), Канада-Чэхія (20:45). Менск-Арэна – Швэйцарыя-Беларусь (16:45), Расея-ЗША (20:45).

Каля Палаца спорту ад паўдня – чарада канцэртаў, якая закончыцца позна ўначы дыскатэкай.

У Брусэлі зьбярэцца камітэт замежных спраў Эўразьвязу, каб абмеркаваць магчымае ўвядзеньне дадатковых санкцый адносна Масквы за анэксію Крыму. Да санкцыйнага сьпісу могуць дадаць імёны яшчэ прыкладна 15 чалавек, а таксама пяць кампаній, якія базуюцца ў Крыме.
ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ

1775 – у Горадні заснаваная Вышэйшая мэдычная акадэмія.

1833 – нарадзіўся Бэнэдыкт Дыбоўскі (маёнтак Адамарын, цяпер Маладзечанскі р-н), заоляг, прыродазнавец, лекар, публіцыст, удзельнік паўстаньня 1863–1864 гадоў.

1863 – каб пазьбегнуць палону, застрэліўся Баляслаў Кульчыцкі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863 году.

1935 – памер Юзэф Пілсудзкі, польскі дзяржаўны дзяяч.

1942 – зацьверджаны тэкст Прысягі беларускага партызана.

1954 – Беларуская ССР прынятая ў ЮНЕСКА – Арганізацыю Аб’яднаных Нацый у пытаньнях асьветы, навукі і культуры.

1993 – Беларусь устанавіла дыпляматычныя адносіны з Альбаніяй.

2011 – вядомы славацкі хакеіст, дэпутат Эўрапарлямэнту Пэтэр Шчастны ў інтэрвію Свабодзе заявіў, што трэба адабраць шайбу ў Лукашэнкі. Кампанія байкоту чэмпіянату – 2014, аднак, не зьмяніла рашэньня Міжнароднай фэдэрацыі хакею.
ЁСЬЦЬ НАГОДА

Міжнародны дзень мэдсёстраў.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

«Я, грамадзянін Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, верны сын гераічнага беларускага народа, прысягаю, што не пашкадую ні сіл, ні самога жыцьця для справы вызваленьня майго народа ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і катаў і не складу зброі да таго часу, пакуль родная беларуская зямля ня будзе ачышчана ад нямецка-фашысцкай погані. (...)

Я клянуся, што хутчэй загіну ў жорсткім баі з ворагам, чым аддам сябе, сваю сям’ю і беларускі народ у рабства крываваму фашызму.

Словы маёй сьвяшчэннай клятвы, сказанай перад маімі таварышамі і партызанамі, я замацоўваю уласнаручным подпісам, – і ад гэтай клятвы не адступлю ніколі.

Калі ж па сваёй слабасьці, баязьлівасьці, або па злой волі я парушу сваю прысягу і здраджу інтарэсам народа, няхай памру я ганебнай сьмерцю ад рук сваіх таварышаў».

З Прысягі беларускага партызана

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG