Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На траіх больш ня вып’еш


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў
На Савецкай плошчы ў Горадні ў вялікім намёце менскага праваслаўнага манастыра з абразамі і мёдам учора раздавалі так званыя георгіеўскія стужкі. Там жа бадзяўся маладзён з блазенскай будзёнаўкай на патыліцы, двойчы зь ім сутыкнуўся. Людзей са стужкамі ня бачыў. Пасьля Горадню пачаў напаўняць «дым ацечаства» – з мангалаў, перамяшаны з пахам шашлыкоў… Калі паклаўся спаць, разбудзілі выбухі за вакном: быццам толькі што захапілі рэйхстаг і немагчыма было ніяк настраляцца ў начное неба.

9-га наслухаўся «Артиллеристы, Сталин дал приказ!», «Три танкиста, три весёлых друга», «Если завтра война, если завтра поход», на ю-тубе ўсё ёсьць, аказваецца, ня толькі The Rolling Stones. І што цікава: на два зацёртыя словы «славянскае братэрства» я атрымаў ад інтэрнэту шэраг карцінак. Першым быў нечаканы плякат: тры танкі, над кожным па сьцягу з Кіева, Масквы і Менску. «Разам мы непераможныя» – непераканаўча сьцьвярджаў надпіс. Але само гэтае «славянскае братэрства» таксама раптам зрабілася ўчорашнім днём, пакрылася іржой ці той закарэлай грачанай салдацкай кашай.

Цяпер уявіць пад адной танкавай вежай трох усходнеславянскіх танкістаў будзе недарэчнасьцю. На ўчорашнім плякаце танкі ашчацініліся рулямі пагрозна ў тры бакі. Зроблена на ўзор былінных асілкаў у памежным дазоры: Ільлі Мурамца з баявымі прыяцелямі. Памятаю, яны так і ўспрымаліся – сярэдні – украінец, малодшы, ясна, беларус. Наіўна, па-дзіцячаму ўспрымалася. Але па-сутнасьці так і было. Цяпер больш ня будзе. Дружба трох танкістаў скончылася.


Калі яшчэ ўкраінскія авіятары сядзелі ў аблозе на севастопальскім аэрадроме, яны ўспаміналі, што апошнімі часамі на Дзень перамогі рабілі ў Севастопалі агульны парад з расейцамі. Але зараз, маўляў, такога ўжо быць больш ня можа. Дакладна так. Бо й ніякай украінскай арміі болей няма ў Крыме. Хаця сама яна засталася там. Месяц таму паведамлялася, што на мацерык прыбыла больш за 2700 украінскіх вайскоўцаў, зь іх 923 афіцэры. Нікуды не паехала большасьць. У расейскую армію перайшло больш за 16 тысяч былых украінскіх ваяк і цывільнага таксама пэрсаналу: 2768 афіцэраў, 1302 прапаршчыкі.

З аднаго боку, ім мала плацілі, з другога – іх кінулі на саміх сябе, ніякай дапамогі з Кіеву не было, калі расейская армія блякавала вайсковыя часткі. З трэцяга – куды ім было ехаць? (Тым больш з такога райскага месца). Калі тут кватэры і расейцы адразу прапанавалі службу і ў першым парадку далі грамадзянства РФ. З чацьвёртага боку, як высьветлілася, прысяга Ўкраіне для іх нічога ня значыла. І тое, што расейцы пасьля захопу Крыму трымалі некалькі ўкраінскіх камандзіраў у турме, іх не ўсхвалявала, не абурыла, ня выклікала пратэсту. Напэўна такія ваякі, калі нешта здарыцца, могуць лёгка здрадзіць і расейцам. Хіба такое немагчыма? Ва ўсякім разе прыклад ператварэньня ўкраінскай крымскай арміі ў расейскую – матэрыял для падручнікаў.

Нялішне прыгадаць: падчас штурму авіябазы ў Бэльбеку, камандзіра – Юлія Мамчура выкралі расейцы. Пасьля вызваленьня ён расказаў, што тры з паловай дні трымалі ў адзіночнай камэры. Спачатку расейскія вайскоўцы, якія не прадстаўляліся, «спрабавалі пераканаць здрадзіць вайсковай прысязе народу Украіны» і перайсьці ў расейскую армію, «потым быў проста псыхалягічны ціск – не давалі спаць, стукалі прыкладамі ў дзьверы». Так расейцы рабілі з чужымі героямі.

Кожны можа ўспомніць сваю службу ў савецкай арміі. У нас быў цэлы ўзвод украінцаў, здаецца з Хмяльніцкай вобласьці. Іх ня сталі раскідаць. Так узводам і хадзілі, і песьня ў іх была свая, украінская, пра Марусю. Астатнія ўзводы былі амаль цалкам беларускія, і сьпявалі мы «Россия, берёзки-тополя, Россия, любимая моя!» Хаця адбывалася гэта ў Беларускай вайсковай акрузе. «Хахлы», калі шчыра, былі служакамі, імкнуліся хоць лычку-дзьве атрымаць, у прапаршчыкі, у старшыны ротаў стараліся трапіць. Зразумела, што ў савецкай арміі яны пасьля расейцаў сярод афіцэраў былі на другім месцы. Адзін знаёмы служыў увогуле на тэрыторыі Ўкраіны, успамінае, што прапаршчыкі і афіцэры да маёра на дзьве траціны былі ўкраінцамі.

Адным словам, яны сапраўды былі заўсёды ахвочымі да службы, да пагонаў. І тое, што сёньня мы ня ўбачылі ўкраінскага вайсковага гарту, было шокам і расчараваньнем. Што Ўкраіна ня здолела за сябе на сваёй жа тэрыторыі пастаяць…

Уражвае таксама гэтая гісторыя з саляной шахтай пад Славянскам, напоўненай у тым ліку архаічнай зброяй. Адразу пасьля анэксіі Крыму там паявіліся блёк-пасты самазванцаў, яшчэ быў сакавік. Гэта цалкам зразумела: яны рыхтавалі вялікую бучу, якая цяпер абярнулася вайной. Апроч больш сучаснай стралковай зброі, у шахце той будзёнаўскія шаблі часоў Першай коннай, кулямёты «максім», нават тачанкі (?!). Вось жа і сэпаратысты паставілі ля адной барыкады менавіта яго, «максім», каб тэлегрупы мелі што здымаць. Гэтая гісторыя па сымболіцы нагадвае задуму вядомага Кустурыцы. У ягоным «Андэграўндзе» ў падвале працягваюць кляпаць стралковую зброю, хоць вайна даўно закончылася. Карацей, у народзе драмала прага страляць. І гэтая несьвядомая прага ператварылася ў вялікую крывавую вайну, пасьля якой Югаславіі ня стала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG