Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Працяг гістарычнага цыклю паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных юбілею Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004-х і ў 2009 годзе.

2007 год яшчэ раз засьведчыў, што прафэсія журналіста застаецца адной з самых небясьпечных у сьвеце. У гэтым годзе двое нашых калегаў з Ірацкай службы нашага радыё — Хамаіл Халаф і Назар Абдульвахід ар-Рады — былі забітыя ў Багдадзе.
Джэф Гедмін

Джэф Гедмін

Адбылася зьмена ў кіраўніцтве радыё. У сакавіку заступіў на сваю пасаду цяперашні прэзыдэнт Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа Джэфры Гедмін.

Адбыліся і некаторыя іншыя перамены ў кіраўніцтве. У кастрычніку дырэктар Беларускай Службы Аляксандар Лукашук пачаў выконваць абавязкі галоўнага рэдактара Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа. Заняцьце нашым калегам гэтай высокай пасады мы бясспрэчна таксама можам лічыць адным з дасягненьняў Беларускай службы. За час яго амаль паўгадовай адсутнасьці абавязкі дырэктара службы выконваў Ян Максімюк.

У канцы 2007-га я спытаўся ў Аляксандра Лукашука, які быў 2007 год для беларускай «Свабоды»:


«Галоўная якасьць радыёжурналіста — гэта здольнасьць казаць коратка. Але пра цэлы год? Ну, хіба так: гэта быў год слухачоў. Яны становяцца голасам Свабоды — іх званкі, СМС, фота, відэа, камэнтары складаюць ці не самую жывую частку эфіру і інтэрнэту Свабоды».

***

Паводле статыстыкі, найбольшую цікавасьць слухачоў і наведнікаў сайту прыцягнула асьвятленьне жывых падзеяў — перадусім масавых акцыяў апазыцыі — Дня Волі, Дзядоў, восеньскіх маршаў. Гэтыя падзеі шырока асьвятляліся ў радыёэфіры і на сайце. У 2007-м мы далей разьвівалі комплекснае асьвятленьне ўсімі магчымымі сродкамі — онлайн-рэпартажы, фотагалерэі, відэафрагмэнты, аўдыёрэпартажы на сайце па-за эфірным часам, аўдыёслайды. Апошняе было тады навінкай і ўяўляе сабой спалучэньне радыёрэпартажу і слайд-шоў.


Так зь месца падзеяў перадавала Ганна Соўсь і яе голас наведнікі сайту svaboda.org маглі пачуць адразу, амаль што ў рэальным часе, задоўга да нашай вечаровай радыёпраграмы.

На працягу 2006-2007 гадоў на хвалях Свабоды гучала перадача “Ў што я веру”. Пра свае жыцьцёвыя арыентыры расказвалі самыя розныя людзі. Вось у што верыць старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Зянон Пазьняк:


***
Год 2007 у сьвеце

Да Эўразьвязу далучаюцца Баўгарыя і Румынія. — У выніку беларуска-расейскай газавай спрэчкі перапыняюцца пастаўкі расейскага газу ў Польшчу, Нямеччыну і Ўкраіну. — Фірма Эпл выпускае прыладу мабільнай камунікацыі «iPhone». — У Таліне выбухаюць беспарадкі расейскамоўных дэманстрантаў з прычыны пераносу помніка Бронзавага салдата. — Расейская зарубежная праваслаўная царква аб’ядноўваецца з царквой Маскоўскага патрыярхату. — Дзевяць краінаў Усходняй Эўропы далучаюцца да Шэнгенскай зоны. — Былая прэм’ер-міністар Пакістану Бэназір Бгута пасьля вяртаньня з эміграцыі забітая падчас перадвыбарчага мітынгу. — Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры атрымала брытанская пісьменьніца Дорыс Лесінг.

***

Беларуская служба была першай на Радыё Свабода, хто выкарыстоўваў шырокі мультымэдыйны падыход да асьвятленьня жывых падзеяў, і ў 2007 годзе мы атрымалі прыз Радыё Свабода за Выдатнае дасягненьне ў мультымэдыйнай канвэргенцыі ў намінацыі «Найлепшы камандны праект канвэргенцыі». Калі перакласьці гэта на нармальную мову — за наватарскі сынтэз усіх наяўных радыё- і інтэрнэт сродкаў.
Уручэньне ўзнагароды

Уручэньне ўзнагароды



***

Наступнае наша дасягненьне зноў сьведчыла пра тое, што Радыё Свабода — ужо ня толькі радыё, гэта больш чым радыё. Гаворка пра нашу кніжную сэрыю «Бібліятэка Свабоды ХХІ стагодзьдзе». У 2007-м у сэрыі выйшлі тры кнігі — «Імёны Свабоды» Уладзімера Арлова, «Сямейны альбом» Вінцэся Мудрова і зборнік «Плошча», прысьвечаны менскім падзеям вясны 2006 году.


Нагадаю, што ўсе кнігі сэрыі «Бібілятэка Свабоды ХХІ стагодзьдзе» можна спампаваць у фармаце ПДФ з нашага сайту svaboda.org .

***

І яшчэ адзін выдавецкі праект, гэтым разам мультымэдыйны, а ня кніжны, хоць гаворка йдзе пра літаратуру. Творы 50 аўтараў «Начной чытанкі» — літаратурнай рубрыкі праграмы «Начная Свабода» — у аўтарскім чытаньні выйшлі на адмысловым кампакт-дыску разам зь біяграфіямі і фатаздымкамі творцаў. Так свой верш у нашай «Начной чытанцы» чытаў Рыгор Барадулін:


А зараз - яшчэ адзін тэкст з цыклю “Ў што я веру”. Гаворыць адзін з патрыярхаў беларускай эміграцыі, дырэктар Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўт Кіпель:


***
2007 ГОД У БЕЛАРУСІ

Урад скасоўвае сацыяльныя льготы для вялікай групы насельніцтва. — Расея падвышае болей чым ўдвая цэны на энэрганосьбіты для Беларусі. — Адбываюцца суды над актывістамі незарэгістраванага ў Беларусі «Маладога фронту». — ЗША ўводзяць санкцыі супраць канцэрну «Белфнафтахім». — З уваходам краінаў Усходняй Эўропы ў Шэнгенскую зону цана на візы для грамадзянаў Беларусі павялічваецца да 60 эўра і ўскладняецца парадак яе атрыманьня. — Адбываюцца акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. — Пачынае замежнае вяшчаньне на Беларусь незалежны спадарожнікавы тэлеканал «Белсат».

***

Аляксандар Лукашук назваў 2007 год годам слухача. І сапраўды, мы паспрабавалі максымальна выкарыстаць фактар зваротнай сувязі. Да традыцыйных відаў сувязі — лістоў і званкоў на Свабоду, тады дадаліся і пачалі ўсё шырэй выкарыстоўвацца лісты электроннай поштай, СМС-паведамленьні, а таксама — камэнтары да нашых матэрыялаў на сайце. У канцы 2007 году ўзровень зваротнай сувязі дасягнуў, можна сказаць, апагею — ад таго часу і дагэтуль кожны тыдзень з намі супрацоўнічае грамадзкі рэдактар, якога мы абіраем сярод нашых случахоў. Грамадзкі рэдактар абірае тэмы для асьвятленьня, сочыць за нашымі матэрыяламі і камэнтуе іх на працягу тыдня, а ў пятніцу цэлая паўгадзіна нашага эфіру фармуецца цалкам на прапановах грамадзкага рэдактара.


***

Ірына Казуліна нярэдка гучала ў нашым эфіры — часта з нагоды турэмнага зьняволеньня яе мужа, Аляксандра Казуліна. Сям’і Казуліных быў прысьвечаны адмысловы выпуск перадачы «Адзін дзень у сям’і палітвязьня», якая гучала на нашых хвалях на працягу 2007 году.


У гасьцях у сям’і палітвязьня Аляксандра Казуліна ў студзені 2007-га пабывала Ганна Соўсь.

***

На працягу ўсяго году актыўна разьвіваўся наш сайт — svaboda.org. Пра некаторыя навінкі я ўжо казаў. Адзначу асобна наш летні фатаконкурс «Мая Беларусь», на які было даслана больш за тысячу фатаздымкаў, лепшыя зь якіх рэгулярна зьяўляліся на сайце і адмыслова аглядаліся фатографам Валерам Дранчуком.

І вось пад канец году — 10 сьнежня — адбылася важная падзея. Нагадаю, што 10 сьнежня 1998 году, у Міжнародны дзень правоў чалавека пачаў працаваць сайт Беларускай службы Радыё Свабода — адзін зь першых сярод службаў нашага радыё. І вось 9-ю гадавіну — 10 сьнежня 2007-га мы адзначылі пераходам на новы дызайн. Гэта была ўжо чацьвёртая вэрсія сайту svaboda.org, якая існуе і дагэтуль.

***

На вялікі жаль радасьць з усіх нашых дасягненьняў, пра якія я расказваў, ня мог з намі разьдзяліць наш наймаладзейшы калега Ўладзя Каткоўскі, які за некалькі гадоў працы на Радыё сам нямала прычыніўся да нашых посьпехаў. 25 траўня 2007 году, праспаўшы адзінаццаць месяцаў у глыбокай коме пасьля аўтамабільнай аварыі, ён прачнуўся, але ня ў нашым, а ў нейкім іншым сьвеце. Уладзя Каткоўскі навучыў нас адной надзвычайна важнай рэчы — паўнацэнна жыць і шукаць шчасьця кожны дзень, кожную хвіліну, кожны момант нашага жыцьця, не адкладаючы на пасьля. Чаго мы і жадаем усім слухачам «Свабоды».
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
XS
SM
MD
LG