Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэпаратысцкі рэфэрэндум ва Ўкраіне пачаўся датэрмінова


Так званы рэфэрэндум аб статусе Данецкай вобласьці, заплянаваны на 11 траўня, у дзьвюх акругах пачаўся датэрмінова.

Паводле Рамана Лягіна, старшыні выбаркаму, прызначанага самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікай, гэта робіцца ў сувязі з абвастрэньнем сытуацыі. Рэфэрэндум пачалі праводзіць у Марыюпалі:

«Мы кантралюем 22 тэрвыбаркамы да прэзыдэнцкіх выбараў, таму выбараў на Данбасе ня будзе», — заявіў Лягін у памяшканьні Данецкай аблдзяржадміністрацыі, захопленай сэпаратыстамі. Паводле яго слоў, прарасейскіх актывістаў падтрымлівае мясцовая міліцыя, а мясцовыя улады — не перашкаджаюць рыхтавацца да рэфэрэндуму 11 траўня.

«У нас ёсьць поўнае разуменьне з уладай, якая не перашкаджае рэфэрэндуму. Участкі будуць у школах. Гэта тычыцца ўсіх гарадоў Данецкай вобласьці», — сказаў Лягін.

Паводле яго слоў, сэпаратысты сфармавалі ўжо 53 тэрытарыяльныя камісіі для правядзеньня рэфэрэндуму. У нядзелю а 8 раніцы на Данбасе адкрыюцца 1527 участкаў.

Міжнародных назіральнікаў на «рэфэрэндуме» ня будзе — ніхто не захацеў прыехаць. Парог яўкі выбаршчыкаў не ўсталяваны — гэта значыць, арганізатары могуць лічыць яго сапраўдным пры любой яўцы.

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд 10 траўня заявілі , што лічаць незаконнымі рэфэрэндумы аб самавызначэньні рэгіёнаў Украіны, заплянаваныя на 11 траўня. Паводле Алянда, яны ня будуць мець юрыдычнай сілы. Мэркель таксама заклікала расейскага прэзыдэнта Пуціна больш рашуча садзейнічаць урэгуляваньню крызісу ва Ўкраіне.
XS
SM
MD
LG