Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурыкаў кажа пра ветлівасьць расейцаў


Аляксандар Сурыкаў, архіўнае фота
Аляксандар Сурыкаў, архіўнае фота

Хакейныя заўзятары з Расіі, у адрозьненьне ад футбольных, паводзяць сябе ветліва. Пра гэта заявіў расейскі пасол Аляксандар Сурыкаў журналістам 10 траўня пасьля цырымоніі адкрыцьця ў Менску Дома заўзятара зборнай Расеі па хакеі.

«Ніводнай праявы хуліганства не зафіксавана ні праваахоўнымі органамі Беларусі, ні консульствам», — падкрэсьліў ён.

Сурыкаў таксама адзначыў, што «ёсьць шмат рэчаў, якія дэманструюць брацтва Беларусі і Расеі».

«Спорт стаіць на адным зь першых месцаў. Я не адрозьніваю беларускіх і расійскіх заўзятараў. Яны падтрымліваюць і зборную Расеі, і зборную Беларусі», — сказаў ён.

У сваю чаргу прэзыдэнт Фэдэрацыі хакею Расеі Ўладзіслаў Трацяк падкрэсьліў, што спорт і палітыку нельга зьмешваць: «Палітыкі ад гэтага нічога ня выйграюць, а спартоўцы толькі прайграюць, бо яны рыхтуюцца да спаборніцтваў усё сваё жыцьцё».

Ён заявіў, што «сапраўды былі людзі, якія заклікалі да байкоту як Алімпіяды ў Сочы, так і чэмпіянату сьвету па хакеі ў Беларусі». Але, падкрэсьліў ён, Міжнародная фэдэрацыя хакею сказала, «што хакей у Беларусі павінен быць».

Адзін з расейскіх заўзятараў, вядомы дрэсіроўшчык Эдгард Запашны, выказаў падзяку беларускім арганізатарам чэмпіянату за «высокі узровень бясьпекі, спакой і сьвята ў горадзе», паведамляе БелаПАН.

Тым часам СМІ са спасылкай на відавочцаў паведамілі, што нецьвярозыя расейскія заўзятары 9 траўня вывесілі на агароджы пасольства Грузіі ў Беларусі некалькі расейскіх сьцягоў.

Пры гэтым паведамляецца, што супрацоўнікі міліцыі, якія ахоўваюць грузінскую дыпмісію, не перашкаджалі вывешваньню сьцягоў, праўда, яны не дазволілі расіянам зьняць з флагштока грузінскі сьцяг.
XS
SM
MD
LG