Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША асудзілі хвалю гвалту з боку прарасейскіх сэпаратыстаў


Джэн Сакі

Джэн Сакі

Злучаныя Штаты асуджаюць хвалю гвалту прарасейскіх сэпаратыстаў у Марыюпалі і заклікаюць іх скласьці зброю. Пра гэта заявіла прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Джэн Сакі.

«Мы асуджаем выбух гвалту з боку прарасейскіх сэпаратыстаў у Марыюпалі, у выніку чаго загінула шмат людзей. Мы працягваем заклікаць узброеных людзей, хто парушае грамадзкі парадак, скласьці зброю і вызваліць грамадзкія месцы, чаго патрабуе ўкраінскае заканадаўства», — адзначае Сакі.

Міністар унутраных справаў Украіны Арсен Авакаў паведаміў у пятніцу аб 20 забітых і чатырох палонных нападніках, якія атакавалі гарадзкі аддзел міліцыі ў Марыюпалі, а таксама аб адным забітым сілавіку.

Па паведамленьні дэпартамэнту аховы здароўя Данецкай аблдзяржадміністрацыі, у Марыюпалі 9 траўня па стане на 20:00 загінулі 7 чалавек і 39 параненыя. Аб іх прыналежнасьці пакуль не паведамляюць.

Супрацьстаяньне ў Марыюпалі працягвалася ў пятніцу прыкладна з 10:30, сэпаратысты захапілі будынак гарадзкой ўправы міліцыі. Па паведамленьнях відавочцаў, будынак згарэў, таксама пашкоджаныя набліжаныя дамы.

XS
SM
MD
LG