Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Харкаве да рэфэрэндуму 11 траўня не гатовыя


Праверка дакумэнтаў на блёкпосьце ля Харкава

Праверка дакумэнтаў на блёкпосьце ля Харкава

У Харкаве ня будзе рэфэрэндуму па пытаньні фэдэралізацыі 11 траўня, заявіў сябра каардынацыйнай рады руху «Паўднёвы Ўсход» Юры Апухцін. Яго словы перадало ў пятніцу агенцтва «Інтэрфакс-Украіна».

Апухцін спаслаўся на тое, што праводзіць рэфэрэндум актывісты не гатовыя. «Мы не ўзгаднілі пытаньні, якія будуць агульныя для Харкава, Луганску і Данецку. На жаль, разышліся ў фармулёўках», — сказаў Апухцін.
Паводле яго, на рэфэрэндум плянавалася вынесьці пытаньні аб фэдэралізацыі Ўкраіны, аб стварэньні Паўднёва-Ўсходняй аўтаноміі і дзяржаўным статусе расейскай мовы. Апытваць людзей хацелі «на вуліцах і плошчах».

Днём раней стала вядома, што сэпаратысты ў Луганску і Данецку ад правядзеньня рэфэрэндуму 11 траўня вырашылі не адмаўляцца. Перанесьці рэфэрэндум на больш позьні тэрмін прыхільнікаў фэдэралізацыі заклікаў у сераду прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, які заявіў аб неабходнасьці дыялёгу паміж уладамі ў Кіеве і паўднёвым усходам Украіны.
У пятніцу, камэнтуючы дзеяньні супрацоўнікаў сілавых структур у Марыюпалі, адзін зь лідэраў самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Міраслаў Рудэнка сказаў, што дыялёг з Кіевам цяпер не магчымы.
XS
SM
MD
LG