Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску 9 траўня адбылося традыцыйнае шэсьце вэтэранаў у гонар Дня перамогі. Аднак ня ўсе франтавікі змаглі ўзяць у ім удзел, а менчукі — пабачыць сьвята.


Дзень Перамогі 9 траўня пачынаўся ў менскіх мікрараёнах амаль бязьлюднымі вуліцамі — пра сьвята тут мала што нагадвае. Хіба што сьцяжкі колераў сьвятлафору — чырвоны, жоўты, зялёны. Грамадзкі транспарт паўпусты, рухаецца толькі да цэнтру гораду. Праспэкт Незалежнасьці перакрыты на ўчастку плошча Незалежнасьці — плошча Перамогі і аточаны міліцэйскімі машынамі на суседніх вуліцах. Станцыі мэтро «Плошча Перамогі» і «Кастрычніцкая» таксама закрытыя на час вэтэранскага шэсьця. Як зазвычай — былі перакрытыя вуліцы падчас руху картэжа Лукашэнкі. Праз гэта трапіць на сьвяточны парад удалося далёка ня ўсім:

Карэспандэнтка: «Мне падаецца, што вы ідзяце з параду, правільна?»
Спадарыня: «Не, на парадзе мы не былі — вельмі цяжка было трапіць».

Спадарыня: «Вядома, усё было прыгожа, балёнікі, кветкі, усё гэта...»

Карэспандэнтка: «Ці падабаецца, як сьвяткуецца гэты дзень?»
Спадарыня: «Музыкі мала. Вось усё скончылася, а народ чагосьці чакае. Мне падаецца, што трэба было, каб нейкія канцэрты адбываліся, каб вось такія людзі, як мы, ва ўзросьце, маглі паглядзець, падняць настрой. Крыху недадумана».

Спадарыня: «Магчыма, каб лепшая арганізацыя была, прапановы якія, то і людзі б на іх адгукнуліся»
.

Карэспандэнтка: «Вы зь сям’ёй на плошчы Перамогі. З параду, на парад — куды?»
Спадар: «Спазьніліся на парад — заторы былі, хоць і вельмі хацелі».

Карэспандэнтка: «І што зараз — прагуляецеся, а далей?»
Спадарыня: «Паедзем працаваць, бо як бы там ні было, а вясна і... працаваць трэба».

Атрыбутаў Дня Перамогі вобмаль нават на галоўным праспэкце сталіцы: месца, дзе традыцыйна вывешваюць буйны сьвяточны плякат — фасад пэдунівэрсытэту імя Танка — цяпер упрыгожвае хакейны талісман: ушлемаваны зубр. У вітрынах некаторых крамаў — плякаты зь безасабовымі лёзунгамі «С праздником» і «Са сьвятам», зрэдку — «С Днем победы». Ужо на бліжэйшых ад праспэкту вуліцах і таго няма. Георгіеўскіх стужак на аўтамабілях — адзінкі, таксама зрэдку яны відаць на вопратцы ці заплечніках у людзей.



Карэспандэнтка: «Як адзначаеце сьвята?»
Юнак: «Дзень Перамогі — гэта заўсёды хораша. Сьвяткуем у сям’і і зь сябрамі».

Карэспандэнтка: «А на парад ходзіце?»
Юнак: «Не, не пасьпеў».

Карэспандэнтка: «А георгіеўская стужка адкуль у вас?»
Юнак: «Гэта зь мінулага году. Я быў валянтэрам, раздаваў стужкі і ўсіх віншаваў».

Карэспандэнтка: «А што яна азначае, ведаеце?»
Юнак: «Ой... Не ўзгадаю... Героям давалі».

Менчукі звыклі масава сьвяткаваць зь півам ды іншымі напоямі пад парасонамі каля буфэтаў на колах. Але гэтым разам у цэнтры гораду такога няма. З праспэкту люд масава рушыць у паркі, адкуль ідзе дым шашлыкоў. Летнія кавярні запоўненыя збольшага хакейнымі заўзятарамі, перадусім расейскімі, якія ходзяць па горадзе ў вопратцы зь дзяржаўнай расейскай сымболікай і нават са сваімі сьцягамі. Расейцы ахвотна дзеляцца ўражаньнямі:
Юнак: «Па-першае, віншуем усіх вэтэранаў — нашых, беларускіх — усіх нашых савецкіх вэтэранаў з гэтым сьвятам».

Юнак: «Мы нават ішлі ў калёне, апошнімі, праўда. Затрымаліся, бо духі ў заплечніку знайшлі, то не пускалі».

Юначка: «Можа, таму, што ў мяне заплечнік быў вялікі, і яго проста вось так вытрасьлі ўвесь».

Юнак: «У нас гэта робяць праваахоўныя органы ў спэцыяльнай форме міліцэйскай. А тут... Ну, зразумела, што гэта ня проста людзі стаяць праз кожны мэтар уздоўж дарогі... Зь іншага боку, міліцыя вачэй не мазоліць... Але было ўсё вельмі прыгожа, усё спадабалася»
.


Сярод удзельнікаў сьвяткаваньня Дня Перамогі менш за ўсё было галоўных герояў сьвяткаваньня — вэтэранаў. Тых, хто прайшоў парадным шэсьцем на чале з кіраўніком краіны, пасадзілі ў спэцыяльныя аўтобусы. Былы франтавік, які на сьвяце Дня Перамогі сустрэўся толькі адзін, на ўрачыстай частцы ня быў:

Карэспандэнтка: «Віншую вас са сьвятам. У вас вельмі шмат мэдалёў, ордэнаў — пэўна, за ўсю вайну?»
Вэтэран: «Так, заваяваў».

Карэспандэнтка: «Ці былі на парадзе?»
Вэтэран: «Не, ня быў. Мне 89 гадоў, пайду, дрэнна стане — павалюся. Вырашыў, што не пайду».

Карэспандэнтка: «Ці адчуваеце павагу, шанаваньне, ці лёгка жывецца вэтэрану?»
Вэтэран: «Так, адчуваю і з боку народу, і з боку дзяржавы падтрымку вэтэранаў».

Карэспандэнтка: «Як сёньня будзеце сьвяткаваць гэты дзень?»
Вэтэран: «Пайду ў парк, спаткаюся з маім сябрам — разам служылі — паразмаўляем, як нам палепшыць нашае жыцьцё».

Афіцыйны дзяржаўны Дзень Перамогі ня стаў сьвятам і для многіх іншых людзей, хто перажыў і памятае апошнюю ўсясьветную вайну. Бабуля, якая разам зь іншымі прадавала сьціплыя букеты нарцысаў і тульпанаў за некалькі мэтраў ад абэліску на плошчы Перамогі, выказала гэткія ўражаньні ад сьвята:

Карэспандэнтка: «Ці добра сёньня купляюць вашы кветкі?»
Спадарыня: «Ня вельмі. І ганяюць міліцыянты, не прызнаюць гэтага сьвята. А нас называюць бандытамі. Банда, кажуць. «Ваша банда нам надакучыла».

Карэспандэнтка: «Што вы пра гэта думаеце?»
Спадарыня: «Ну што я думаю... Я — дзіця вайны, мой тата загінуў у 1945 годзе, у самым канцы вайны. Што я бачыла ў сваім жыцьці, як вы думаеце? А цяпер я тут ад добрага жыцьця сяджу? Увогуле памянялася ўсё: пакаленьні, узровень культуры, каштоўнасьці — я гэтага не разумею, гэта выклікае толькі боль. Гэтае сьвята — са сьлязьмі на вачах».

Па традыцыі з нагоды Дня Перамогі ўвечары ў Менску адбудзецца сьвяточны салют.
XS
SM
MD
LG