Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка нездарма езьдзіў у Маскву. Бо вярнуўся не з пустымі рукамі.

Кіраўнік Беларусі, у адрозьненьне ад прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева, ня мог сабе дазволіць праігнараваць маскоўскую тусоўку. Бо вельмі моцна патрэбная валюта, прычым тэрмінова.

Статус гэтай сустрэчы прэзыдэнтаў постсавецкіх краін ад самага пачатку быў незразумелы. Зьбіралі яе ў вялікай сьпешцы, апошнім момантам. Спачатку плянавалі, што гэта будзе саміт АДКБ. Потым, калі выявілася, што не прыедзе Назарбаеў, назвалі нефармальным самітам СНД.

Але ў Лукашэнкі быў у гэтым візыце свой інтарэс, вельмі прагматычны. Пасьля нядаўняга саміту Мытнага саюзу ў Менску прэзыдэнты «тройкі» дамовіліся, што спрэчнае пытаньне пра нафтавае мыта выносіцца за дужкі працэсу стварэньня Эўразійскага эканамічнага саюзу і пераносіцца на двухбаковы беларуска-расейскі ўзровень. Прычым, паводле прадстаўніка Беларусі ў Эўразійскай эканамічнай камісіі Сяргея Румаса, пытаньне павінна быць зьнята да вырашальнага саміту «тройкі» ў Астане 29 траўня. Гэтую ўмову, як можна зразумець, выставіў Менск. Таму ад гэтага візыту Лукашэнкі ў Маскву шмат што залежала.

Перамовы кіраўніка Беларусі з Уладзімерам Пуціным і Дзьмітрыем Мядзьведзевым скончыліся кампрамісам. Лукашэнка чарговы раз падтрымаў пазыцыю Расеі, паабяцаў падставіць ёй плячо. Ён заявіў, што падпіша дамову аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу без аніякіх умоваў.

Узамен Масква пагадзілася пайсьці насустрач Беларусі ў пытаньні нафтавага мыта. Наступным годам палова аб’ёму мыта за экспарт нафтапрадуктаў застанецца ў беларускім бюджэце (гэта каля 1,5 млрд даляраў), а ў 2016 годзе, як разьлічвае Лукашэнка, Беларусь атрымае ўсю суму.

Ня менш, а можа, нават больш важным вынікам перамоваў у Маскве стала рашэньне расейскага кіраўніцтва выдзеліць Беларусі крэдыт у памеры 2 млрд даляраў, прычым ужо цягам траўня. Што дало падставу Лукашэнку ўпэўнена казаць, што пасьля хакейнага чэмпіянату дэвальвацыі беларускага рубля ня будзе.

Выглядае, што Беларусь атрымае нават больш, чым меркавалася раней. Справа ў тым, што ў сьнежні мінулага году Пуцін паабяцаў выдзеліць Беларусі крэдыт у 2 млрд даляраў. Перад самым Новым годам было атрымана 440 млн. Таму ўсе экспэрты і мэдыі казалі, што бліжэйшымі месяцамі Масква выдзеліць астатнія 1,5 млрд. І вось высьвятляецца, што гэта крэдыт — на паўмільярда большы. Адкуль ён узяўся?

Яшчэ ў студзені фінансавыя экспэрты выказвалі гіпотэзу, што тыя пераднавагоднія 440 млн даляраў былі не дзяржаўным крэдытам РФ, а іх выдзеліў расейскі дзяржаўны банк ВТБ на камэрцыйных умовах. Можна меркаваць, што сёньняшняя інфармацыя пацьвярджае гэтую гіпотэзу.

У Лукашэнкі падчас сустрэчы з журналістамі прагучала загадкавая фраза пра «2,5 млрд даляраў, якія мы атрымліваем сёлета ад Расеі». То бок яшчэ нейкія паўмільярда. Магчыма, гаворка ідзе пра 440 млн крэдыту Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС, якія засталіся ад мінулага году. Або Лукашэнка палічыў тыя 440 млн даляраў, якія Беларусь атрымала перад Новым годам? Незразумела. Асабліва з улікам таго, што кіраўніку Беларусі ўласьціва лёгка маніпуляваць лічбамі.

Тады, у сьнежні мінулага году, калі зьявілася інфармацыя пра абяцаны Пуціным новы крэдыт, мэдыі шмат пісалі, што выдзяленьне гэтых грошай адбудзецца толькі тады, калі Беларусь пагодзіцца на рэалізацыю пяці сумесных беларуска-расейскіх праектаў. Кажучы інакш, перадасьць пад кантроль кампаніяў РФ МАЗ, завод колавых цягачоў, «Гродна-Азот» і іншыя прадпрыемствы. І толькі пасьля падпісаньня адпаведных пагадненьняў грошы з абяцанага крэдыту паступяць у Менск.

Але, мяркуючы па ўсім, сытуацыя за гэты час моцна зьмянілася. Цяпер пра рэалізацыю тых праектаў нічога не гаворыцца. Здаецца, Маскве не да таго. Зь іншага боку, Беларусь заплаціла за крэдыт дыпляматычнай падтрымкай Расеі, згодай разьмясьціць у сябе расейскія ваенныя самалёты. А падчас міжнароднага крызісу палітычная ляяльнасьць каштуе дорага.

Іншае пытаньне, ці хопіць гэтых расейскіх грошай хаця б да канца году, каб утрымаць фінансавы рынак ад абвалу?

09.05.2014 г.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG