Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расмусэн: візыт Пуціна ў Крым — недарэчы


Візыт прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ў анэксаваны Крым — недарэчы. Пра гэта заявіў у Таліне генсакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн.

Расмусэн таксама адзначыў, што і цяпер ён ня бачыць адводу Расеяй сваіх войскаў ад украінскай мяжы.

Міністэрства замежных спраў Украіны выказала рашучы пратэст у сувязі зь няўзгодненым з Украінай сёньняшнім прыездам прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ў Аўтаномную Рэспубліку Крым і горад Сэвастопаль, часова акупаваныя Расеяй.

Пра гэта гаворыцца ў заяве МЗС, якую цытуе «Ўкраінская праўда».

«Ва Ўкраіне расцэньваюць гэты крок як адкрытае ігнараваньне расейскім бокам дзейнага заканадаўства Ўкраіны, нормаў міжнароднага права, грубае парушэньне Расеяй сувэрэнітэту Ўкраіны, Статуту ААН і Рэзалюцыі ГА ААН „Тэрытарыяльная цэласнасьць Украіны“, а таксама Дамовы аб дружбе, супрацоўніцтве і партнэрстве паміж Украінай і Расейскай Фэдэрацыяй ад 1997 году. Гэтая правакацыя яшчэ раз пацьвярджае, што Расея сьвядома ідзе на далейшую эскаляцыю напружанасьці ва ўкраінска-расейскіх адносінах і не жадае рэгуляваць праблемныя пытаньні двухбаковых адносін дыпляматычным шляхам», — адзначае МЗС Украіны.

Пазафракцыйны народны дэпутат, кандыдат у прэзыдэнты Ўкраіны Пётар Парашэнка заявіў, што візыт прэзыдэнта Расеі Пуціна ў Севастопаль — грубае парушэньне міжнароднага права.

Пра гэта ён заявіў журналістам пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Польшчы Браніславам Камароўскім у Варшаве.

Раней канцлер ФРГ Ангела Мэркель скрытыкавала пляны Расеі наконт параду ў Крыме і ўдзелу ў гэтым Пуціна, перадае УНІАН.

У інтэрвію тэлекампаніі ARD Ангела Мэркель заявіла, што Германія і Эўразьвяз ніколі ня зьмірацца з расейскай анэксіяй Крыму.

«Мы ня можам працягваць весьці справы, як быццам нічога ня здарылася», — заявіла канцлер ФРГ.

Мэркель адзначыла, што ў пытаньні Крыму неабходна праяўляць цярпеньне.

Канцлер абвінаваціла Расею ў тым, што тая, анэксаваўшы Крым, зьняважыла самыя падваліны эўрапейскай палітыкі, якія старанна выбудоўваліся з 1945 году.

«Для Эўропы гэта ня толькі вельмі небясьпечна, гэта проста недапушчальна, бо ўсё, што мы старанна выбудоўвалі з 1945 году, можа быць вельмі хутка разбурана. Тут мы ня можам ісьці на кампрамісы, рэчы трэба называць сваімі імёнамі», — адзначыла Мэркель.

Адносна сытуацыі на астатняй частцы Ўкраіны яна адзначыла, што «прамежкавая мэта — забясьпечыць правядзеньне 25 траўня свабодных выбараў прэзыдэнта, у якіх зможа ўдзельнічаць як мага больш людзей».

Мэркель папярэдзіла, што калі з правядзеньнем выбараў ва Ўкраіне паўстануць праблемы, а спробы дэстабілізаваць сытуацыю тут будуць працягвацца, то ЭЗ увядзе супраць Расеі дадатковыя санкцыі.

Пуцін прыбыў сёньня ў Крым, каб адзначыць 69-ю гадавіну перамогі ў Другой усясьветнай вайне і паўдзельнічаць у ваенным парадзе.

Гэта першы візыт Пуціна на анэксаваны ім паўвостраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG