Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: Дзень Перамогі з гарматамі і георгіеўскімі стужачкамі


Гарматы на плошчы Леніна

Гарматы на плошчы Леніна

У Гомелі дэмакратычныя актывісты 9 траўня ўзялі ўдзел у сьвяткаваньні 69-й гадавіны Перамогі.

Пасьля афіцыйнага шэсьця і мітынгу прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, партыі левых «Справядлівы сьвет» ды некаторых іншых грамадзкіх структураў усклалі вянкі й кветкі да помніка воіну-вызваліцелю на плошчы Працы.
Вянкі да вечнага агню ад партыі левых Справядлівы сьвет

Вянкі да вечнага агню ад партыі левых Справядлівы сьвет



Сустаршыня палітрады АГП Васіль Палякоў апавёў, што азначае гэты дзень для дэмакратычных актывістаў:

«Для дэмакратаў дзень Перамогі — гэта сьвята яднаньня народаў Эўропы. Гэта сьвята тых людзей, шараговых байцоў, якія паклалі свае жыцьці ў змаганьні за мірнае неба, за тое, каб не гарэлі іхнія хаты, каб не рабавалі іхнія сем’і, дзяцей. Гэта ня сьвята генэралаў і генэралісімусаў, якія спачатку сумесна з фашыстоўцамі праводзілі парады ў Берасьці, Гародні, Пінску, пусьцілі іх ажно да Масквы, а потым выкарыстоўвалі шараговых байцоў як гарматнае мяса. Гэтае сьвята павінна нагадваць людзям, што ў ХХI стагодзьдзі не павінна быць войнаў, не павінна быць аншлюсаў, не павінна быць грубага ваеннага ўмяшаньня ў справы суседніх дзяржаваў».
Ля вечнага агню Васіль Палякоў

Ля вечнага агню Васіль Палякоў



Былы малалетні вязень фашыстоўскага лягера сьмерці, сябра «Справядлівага сьвету» Ўладзімер Мышак, чый родны брат загінуў пры вызваленьні Гомельшчыны, вельмі ўзрушаны тым, што ва Ўкраіне суседняя Расея праз сваіх спэцагентаў падбухторвае сэпаратыстаў:
Уладзімер Мышак

Уладзімер Мышак

«У сьне такога не прадбачылі — фашызм зноў вярнуўся. Думалі, што фашызм назаўсёды перамаглі. А ён усё-ткі ва Ўкраіну вярнуўся ды некаторыя іншыя рэспублікі былога Савецкага Саюзу. Гэта страшна: фашызм уваскрос».

Супрацоўнікі крамы «Кніга» прадавалі на вуліцы Савецкай георгіеўскія стужкі па 2500 рублёў штука.

На штрыфелі пінжака вэтэрана вайны Георгія Яфіменкі таксама была прымацавана такая ж чорна-памаранчавая стужка — побач з баявымі і працоўнымі ўзнагародамі:
Георгі Яфіменка

Георгі Яфіменка

«Наш БРСМ, хтосьці ўчора зь іх выступіў, сказаў, што нельга насіць гэтыя стужачкі. Іх ва Ўкраіне сэпаратысты носяць — дык нельга быць сэпаратыстамі».

На плошчы Леніна была разгорнута выстава сапраўдных баявых гармат буйных калібраў, прывезеных сюды з ваеннага музэю. І невядома, куды тыя гарматы былі нацэленыя — ці то на захад, ці то на аблвыканкам.
XS
SM
MD
LG