Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі амбасадар з «тутэйшых» можа пачаць працу ў Казахстане


Джордж Крол
Джордж Крол

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама ўнёс у Сэнат кандыдатуру Джорджа Крола на пасаду амбасадара ў Казахстане. Пра гэта паведамляюць мэдыі Казахстану.



Яны нагадваюць, што крэсла амбасадара Злучаных Штатаў у Астане застаецца вакантным ад кастрычніка 2013 году. Пакуль дыпмісію тут ачольвае Часовы павераны.

Джордж Крол добра вядомы і ў Беларусі. Цягам 2003–2006 гадоў ён працаваў тут амбасадарам ЗША.

«Можа, ня ўсе памятаюць, але спадар Крол працаваў у Беларусі двойчы, — кажа міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. — Спачатку ён быў намесьнікам амбасадара. А другі раз ён прыехаў у Менск ужо кіраўніком амбасады.

І ён паказаў сябе вельмі актыўным чалавекам, які па-сапраўднаму любіць усё беларускае. Ён размаўляў па-беларуску, зь яго дапамогай ажыцьцявіўся не адзін культурніцкі праект нацыянальнага адраджэньня. Менавіта з дапамогай амбасадара Крола на тэрыторыі амбасады ўсталявалі помнік нацыянальнаму герою Беларусі, Польшчы і ЗША, ганароваму грамадзяніну Францыі, кіраўніку вызвольнага паўстаньня 1794 году Тадэвушу Касьцюшку».

Разьвітваючыся зь Беларусьсю ў 2006 годзе, Джордж Крол усклаў кветкі каля мэмарыяльнага знаку ў Курапатах, на плошчы Перамогі, а таксама да магіл Васіля Быкава й Уладзімера Караткевіча. Тады ў эксклюзіўным інтэрвію Свабодзе ён сказаў:

«У маёй душы Беларусь — як другая радзіма».

І сапраўды, пасьля гэтага Джордж Крол, згадваючы Беларусь, шчыра прызнаваўся: «Маё сэрца ў Беларусі, нягледзячы на тое, дзе я працую».

Цяпер спадар Крол — амбасадар ЗША ва Ўзбэкістане.

«У дыпляматычнай практыцы такое перамяшчэньне па гарызанталі бывае даволі рэдка. Але гэта сьведчаньне ягонай эфэктыўнай і пасьпяховай працы ў Ташкенце. І магчымае прызначэньне пасьпяховага дыплямата ў Астану, на мой погляд, сьведчыць пра тое, якое значэньне сёньня надаюць Злучаныя Штаты Казахстану і якую ролю выконвае Казахстан у Цэнтральнаазіяцкім рэгіёне», — адзначае Раман Якаўлеўскі.

Джордж Крол нарадзіўся ў 1956 годзе ў горадзе Пітсбург, штат Пэнсільванія. Але ў размове з нашым радыё ён казаў: «Мой радавод паходзіць з Рэчы Паспалітай, я тутэйшы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG