Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канадзкі заўзятар: Было б добра «накідаць» расейцам за Ўкраіну


Заўзятары з Канады Скоці і Джымі
Заўзятары з Канады Скоці і Джымі

«Ці не баяліся вы ехаць у Беларусь?» З такім пытаньнем карэспандэнт Свабоды Алег Грузьдзіловіч зьвярнуўся да замежных заўзятараў хакею, якіх сустрэў на вуліцах сьвяточнага Менску ў дзень адкрыцьця чэмпіянату сьвету.

Ці не баяліся замежнікі ехаць у Беларусь, у якой кіруе аўтарытарны рэжым? Збольшага адказы на гэтае пытаньне, якое я задаваў сёньня ў цэнтры Менску, былі аднолькавыя, розьніліся толькі ўдакладненьні.

Група хакейных заўзятараў са Славаччыны. Спадар не назваўся:

«Не, я не баяўся. У мяне няма прычын баяцца. Што я ведаю пра беларускі рэжым? Я чуў шмат дрэнных рэчаў пра гэта, але што да сытуацыі — цяпер тут, напярэдадні чэмпіянату, яна дастаткова добрая. Ці чуў я пра прэвэнтыўна арыштаваных актывістаў? Не, ня чуў. А навошта іх арыштавалі? Не, мы тут адчуваем сябе добра».

Міраслаў: «Не, я не баюся. Тут усё выглядае добра. Мы нічога не баімся. Спадзяюся, гэта будзе і ў наступныя тыдні. Ня ведаю, што тут будзе пасьля чэмпіянату, бо мы ня маем шмат інфармацыі. Але цяпер мы адчуваем сябе ў бясьпецы. Спадзяюся, гэтак будзе і далей, ня толькі гэтыя два тыдні».

Юрый: «Пра сытуацыю ў Беларусі мы ведаем толькі, што тут аўтакратычны прэзыдэнт, ведаем, што краіна досыць ізаляваная. Ну і ўсё. Цяпер тут о-кей».




Паводле славакаў, у Менску яны знайшлі прыстанак у студэнцкім інтэрнаце, пераробленым пад танны гатэль. Начлег ім абыходзіцца ў 30 эўра на чалавека. На пабытовыя ўмовы — душ, прыбіральня — славацкія заўзятары ня скардзіліся.

Швайцарац Маркус таксама прыехаў у Беларусь без пачуцьця насьцярогі:
«Не, я абсалютна не баяўся ехаць у Беларусь. Мы тут бачым людзей, якія адкрытыя да іншых краін і хочуць быць шчасьлівымі. Што да палітычнага рэжыму ў вас, то гэта цяжка вызначыць з нашага боку. Я ведаю містэра Лукашэнку як чалавека, які хоча даць працу кожнаму ў вашай краіне, але я не перакананы, што кожны зь ім згодны. Гэта цяжка вызначыць з пункту гледжаньня дэмакратыі ў Швайцарыі».


Маркус ведае, што ў Беларусі ёсьць палітычныя вязьні, але зьдзівіўся, што яшчэ ўчора тут прэвэнтыўна арыштавалі некалькі палітычных актывістаў. Жыве Маркус у гатэлі комплексу «Журавінка» ў складзе групы з 8 швайцарцаў. Кожны зь іх плаціць за дзень па 120 эўра.

Скоці і Джымі прыехалі ў Менск з Новага Сьвету заўзець за сваіх — за канадцаў. Нават прывезьлі з сабой кавалак шэрага мэталу ў выглядзе кляновага ліста — сувэнір пераможцам чэмпіянату. Пакуль Джымі атрымліваў грошы ў банкамаце, за абодвух адказваў на пытаньне Свабоды Скоці.

«Не, мы зусім не баяліся. Я маю на ўвазе, што лёгка было прыяжджаць бязь візы — з квітком. Чаму было гэтым не скарыстацца? Я ведаю некалькі чалавек зь Менску, гэта мае сябры. Я вялікі аматар хакею, і для мяне гэта выдатна — быць тут. Калі шчыра, я ня вельмі разьбіраюся ў палітычным становішчы тут, але чуў пра арыштаваных, пра змаганьне з дыктатурай. Гэта было яшчэ да таго, як мы набылі квіткі».

Скоці і Джымі зь сябрамі жывуць у цэнтры гораду ў прыватнай чатырохпакаёўцы, якая абыходзіцца ім у 150 даляраў за дзень. Скоці сказаў, што яны вельмі мараць стаць чэмпіёнамі сьвету, а яшчэ было б добра «накідаць» расейцам за Ўкраіну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG