Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды прывядуць рэфэрэндумы сэпаратыстаў


Нягледзячы на заклік прэзыдэнта Пуціна адкласьці правядзеньне рэфэрэндумаў ва ўсходняй Украіне, сэпаратысты свае пляны на 11 траўня не адмяняюць. Што пра гэта вядома і чым гэта можа скончыцца?

Дзе будуць рэфэрэндумы праводзіцца


Яны будуць праходзіць у Данецкай і Луганскай абласьцях.

Абодва рэгіёны мяжуюць з Расеяй і сталі арэнай жорсткіх сутыкненьняў паміж прарасейскімі баевікамі і ўкраінскімі сіламі.

Галасаваньне арганізуецца выбарчымі камісіямі, якія сфармавалі самаабвешчаныя Данецкая народная рэспубліка і Луганская народная рэспубліка.

Раман Лягін, кіраўнік «выбарчай камісіі» ў Данецку, кажа, што плянуе выкарыстаць інфраструктуру, якую Кіеў арганізуе ў рэгіёне напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 25 траўня.

Ён лічыць, што яго камісія будзе спрыяць таму, каб нацыянальныя выбары праводзіліся толькі лякальна.

Якія пытаньні будуць задавацца


Выбаршчыкам будзе прапанавана адказаць «так» або «не» на адно пытаньне адносна свайго рэгіёну: «Ці падтрымліваеце вы акт дзяржаўнага сувэрэнітэту?» Няясна, аднак, ці азначае тэрмін «сувэрэнітэт» большае самакіраваньне ў межах Украіны або аддзяленьне ад Украіны. Выбарчыя бюлетэні друкуюцца на расейскай і ўкраінскай мовах.

Галасаваньне відавочна пройдзе па ўзоры аналягічнага рэфэрэндуму ў Крыме, які праклаў шлях для анэксіі паўвострава Расеяй.

Ці ёсьць прагноз вынікаў


Апытаньне, праведзенае ў мінулым месяцы кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялёгіі, паказала, што крыху больш за 10 працэнтаў рэспандэнтаў у Данецкай і Луганскай абласьцях падтрымліваюць аддзяленьне ад Украіны.

Ёсьць перасьцярогі, што, пры адсутнасьці назіральнікаў на месцах, выбаршчыкі будуць зманіпуляваныя, каб галасавалі «так».

Пры тым, што ня будзе ўстаноўлены парог мінімальнай яўкі выбаршчыкаў, сэпаратысты таксама маюць магчымасьць прэтэндаваць на перамогу, нават калі агульная яўка будзе нізкай.

Папярэднія вынікі, як чакаецца, будуць абвешчаныя 12 траўня, а канчатковыя вынікі на працягу тыдня.

Што адбудзецца, калі будзе абвешчаны вынік «за» сувэрэнітэт


Антыўрадавыя паўстанцы і іх прыхільнікі ва ўсходняй Украіне імкнуцца да большай незалежнасьці ад Кіева, але яны маюць розныя погляды на тое, як яе дасягнуць. Некаторыя хочуць больш аўтаноміі ў межах Украіны, іншыя выступаюць за стварэньне незалежнай дзяржавы ці далучэньне да Расеі.

Некаторыя прарасейскія палітыкі выказваюць прагноз, што самазваныя Данецкая і Луганская рэспублікі ў канчатковым выніку пашырацца ў адну вялікую аўтаномную вобласьць, якая будзе ахопліваць рускамоўны ўсход і поўдзень Украіны. Новая структура можа называцца Фэдэратыўная Рэспубліка Наваросія, хоць незразумела, ці будзе яна імкнуцца стаць часткай Расеі.

Хто можа прызнаць рэфэрэндумы


Улады Кіева ўжо заявілі, што рэфэрэндумы незаконныя.

Украінскі алігарх Пётр Парашэнка, вядучы кандыдат на маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах, адхіліў яго як «падман, накіраваны на паслабленьне ўкраінскай дзяржавы і падзел яе на часткі».

Кіеў прапануе свой уласны рэфэрэндум па дэцэнтралізацыі, але толькі ў выпадку, калі на ўсходзе Ўкраіны скончацца баявыя дзеяньні.

Расейская дзяржаўная Дума адмовілася даслаць на рэфэрэндумы сваіх назіральнікаў. Крэмль больш абачлівы ў сваёй падтрымцы сэпаратыстаў ва ўсходняй Украіне, чым у Крыме, дзе рэфэрэндум быў праведзены пад наглядам расейскіх войскаў. Прэзыдэнт Уладзімер Пуцін заявіў 7 траўня, што Данецкі і Луганскі рэгіёны павінны адкласьці правядзеньне падобных рэфэрэндумаў.

Расея публічна не абвяшчала пра намер анэксаваць усходнюю Ўкраіну. Але «станоўчае» галасаваньне на рэфэрэндуме можа паслужыць матывам для вайсковага ўмяшаньня Масквы ў «інтарэсах рускамоўных».

Пуцін заявіў таксама, што расейскія войскі, разьмешчаныя на мяжы з Украінай, вярнуліся на свае палігоны. Генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн аднак сказаў пасьля, што альянс не заўважыў такога руху.

Міжнародная супольнасьць будзе ігнараваць галасаваньне. Так, дзяржсакратар ЗША Джон Кэры ахарактарызаваў рэфэрэндумы як «надуманыя і фіктыўныя», кажучы што «ніводная цывілізаваная нацыя» не прызнае іх вынікі.

Пры сакавіцкім галасаваньні ў ААН амаль 100 краін падтрымалі Ўкраіну, асудзіўшы расейскую анэксію Крыму як незаконную. Толькі дзесяць краін (улучна зь Беларусяй) сталі на бок Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG