Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што афіцыйны Менск падпіша дамову аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу.

«На саміце ў Астане мы ня будзем блякаваць падпісаньне дамовы», — сказаў ён 9 траўня журналістам. Лукашэнка таксама паведаміў, што падчас візыту ў Маскву амаль усе двухбаковыя пытаньні ўдалося ўрэгуляваць.

Пасьля ўскладаньня вянкоў да манумэнту Перамогі кіраўнік Беларусі сустрэўся з журналістамі, якія ўваходзяць у так званы прэзыдэнцкі пул. Ён паведаміў, што ўжо ў траўні Расея перавядзе Беларусі крэдыт у памеры 2 мільярды даляраў для папаўненьня золатавалютных рэзэрваў.

«Думаю, праз тыдзень гэтае пытаньне мы вырашым практычна», — заявіў Лукашэнка.

Яшчэ адна навіна: у 2015 годзе палова мыта ад экспарту нафтапрадуктаў, вырабленых з расейскай нафты, будзе заставацца ў бюджэце Беларусі. Гэта азначае, што ў наступным годзе бюджэт папоўніцца прыкладна на паўтара мільярда даляраў.

Такім чынам, за свой подпіс пад дамовай Лукашэнка атрымае тры з паловай мільярды даляраў, — падкрэсьлівае кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук:

«Лукашэнка прымусіў Пуціна добра заплаціць за фармальны подпіс. Подпіс пад дамовай дазваляе Лукашэнку працягваць тую палітыку, якую ён праводзіў і раней. Гэта — магчымасьці кантрабанды, магчымасьць павелічэньня квотаў, якія засталіся, і г.д.

За той год-паўтара, што ён атрымаў, Лукашэнка будзе прыдумляць новыя схемы, каб і надалей і яшчэ больш цягнуць грошы з Крамля. У кантэксьце ўкраінска-расейскага канфлікту ён дамагаўся дадатковых грошай. І ён іх дамогся.

Раней Лукашэнка казаў, што не падпіша гэты дакумэнт. Цяпер высьвятляецца, што гэта была частка барацьбы за пашырэньне фінансавай дапамогі з Расеі. І ён выканаў сваю задачу».

Эканаміст Леў Марголін кажа, што быў упэўнены — Крэмль знойдзе сродак, каб Лукашэнка падпісаў дамову аб стварэньні Эўразійскага саюзу. Такім сродкам і сталі нафтавыя прэфэрэнцыі:
Леў Марголін

Леў Марголін

«Я разумею Расею. Яшчэ невядома, як ім адгукнецца гэтая вайна ва Ўкраіне. І тыя санкцыі, якія паступова становяцца больш дзейнымі.

Яшчэ год таму ішла гаворка пра тое, што, пачынаючы з 2015 году, пасьля падпісаньня дамовы аб Эўразійскім саюзе, нафтавае мыта будзе наагул адмененае. Але цяпер мы бачым, што Расея не адважылася адмяніць яго адразу. І калі сытуацыя для расейскай эканомікі будзе пагаршацца, то ня выключана, што гэтыя 50% застануцца і на 2016 год. А можа нават, беларуская доля мыта і скароціцца. Нездарма ж Расея заявіла, што ўсе абмежаваньні і выключэньні будуць зьнятыя толькі з 2025 году. І нават паўтара мільярда цяпер робяцца балючымі для Расеі».

А выступаючы на сьвяткаваньні Дня Перамогі, Аляксандар Лукашэнка, не называючы канкрэтных прозьвішчаў і краін, гаварыў пра «некаторых палітыкаў», якія «дзеля сваіх палітычных і геастратэгічных амбіцыяў ажыцьцяўляюць мэтанакіраваную дзейнасьць па дэстабілізацыі палітычнай абстаноўкі ў сувэрэнных дзяржавах»:

«Балюча гаварыць пра тое, што адной з „гарачых кропак“ стала блізкая нам Украіна. Над братэрскай краінай згусьціліся хмары грамадзянскай вайны. І брат падняў руку на брата. Чаго б нам гэта ні каштавала, мы мусім гэта спыніць», — адзначыў Лукашэнка..

У сьвяточным шэсьці наперадзе калёны ішоў Аляксандар Лукашэнка з малодшым сынам Мікалаем. Старэйшых сыноў побач не было. На штрыфелі пінжака ў Лукашэнкі не было ніякай стужкі — ні георгіеўскай, ні чырвона-зялёнай. А ў Мікалая была начэпленая стужка колераў афіцыйнага беларускага сьцяга.
XS
SM
MD
LG