Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скрадзеная перамога – так некалі Васіль Быкаў назваў свае адчуваньні ад юбілейных сьвяткаваньняў 9 траўня.

Саму перамогу, сам дзень 9 траўня 1945 году ён называў самым шчасьлівым і самым важным днём свайго жыцьця.

А потым – а потым народная ўлада зрабіла тое, што яна заўсёды рабіла з народным лёсам і народным дабром: скрала. Не саму Перамогу, яна застаецца ў гісторыі, а яе сэнс, яе зьмест для новых пакаленьняў, яе цану і яе мэту, яе сэрца – свабоду.

Улады ў Беларусі, яшчэ з часоў СССР, сьвяткуюць не Перамогу, а яе муляж – аднамерны і пагрозьлівы, прыстасаваны для адной задачы – асьвяціць уладу і яшчэ раз перамагчы яе верагодных праціўнікаў у краіне і за мяжой.

Гісторыя пры блізкім разглядзе, апроч удзячнасьці і радасьці перамогі, дае падставу для горычы і пакаяньня: мільёны і мільёны загінулі ня толькі ад рук пачварнага агрэсара, але і ад самой бяздарнай і бязьлітаснай савецкай улады, яе злачыннай перадваеннай унутранай і зьнешняй палітыкі, яе мэсіянства і бесчалавечнасьці. Перад Хатыньню была Катынь, перад нападам 22 чэрвеня 1941 – пакт Молатава-Рыбэнтропа 23 жніўня 1939, перад гераічнымі перамогамі сталінскіх маршалаў – расстрэлы іх таленавітых настаўнікаў і калег. У дадатак да крывавай вайны з агрэсарам на акупаваных тэрыторыях адбываліся грамадзянскія войны, вызваленьне краінаў цэнтральнай Эўропы прывяло да новага зьняволеньня іх народаў. Паваенны сьвет аказаўся пабудаваны на пагрозе новай вайны, і гэтая пагроза змарнавала такую колькасьць рэсурсаў, таленту і часу, што чалавецтва дагэтуль плаціць па яе рахунках – нават пасьля распаду імпэрыі, якая лічыць дзень 9 траўня галоўнай датай сваёй абкарнанай, як інвалід бяз ног, гісторыі.

Вайна заўсёды катастрофа. А гісторыя бяз поўнай праўды – заўсёды муляж. А ўсе муляжы некалі развальваюцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG