Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нерашучы» чалавек-выклік


У Анатоля Кудраўца быў герой, які злоўжываў выразам «вабшчэткі». За гэта героя так і празвалі – Вабшчэткі. Урэшце і сам аўтар асацыяваўся ў маім уяўленьні з гэтым выразам.

Кудравец выглядаў чалавекам, першай характарыстыкай для якога прасілася слова «нерашучы». Нават нейкі звышнерашучы і ад гэтага ўспрымаўся як вельмі беларускі. Ён і быў вельмі беларускім. Маю на ўвазе ня толькі чалавечую прыроду, але найперш нацыянальную сьвядомасьць.

Калі ў 1987 годзе завяршалася мая трохгадовая «ссылка» ў Гомель (прымусовае разьмеркаваньне пасьля ўнівэрсытэту), я хадзіў па менскіх рэдакцыях у пошуках працы і меў першую нагоду пераканацца, што зьнешні выгляд Кудраўца, тая яго нерашучасьць, стоадсоткава не адпавядае ўнутранай сутнасьці і ўчынкам гэтага чалавека. Якраз ён, галоўны рэдактар «Нёмана», і ўзяў мяне рэдактарам у аддзел крытыкі. Магчыма, гэта быў самы прафэсійны на той час (зь цяперашнім увогуле няма параўнаньня) калектыў рэдактараў, які стаў для мяне найвышэйшай школай, лепшай за якую проста не існавала. Я не перабольшваю, бо пад апекай Алы Сямёнавай, Генадзя Бубнава, Уладзімера Жыжэнкі і самога Кудраўца бясконца дзівіўся сам сабе, як раскрываецца мой патэнцыял, пра які ніколі й не здагадваўся.

Рэдактар ня можа нічога зьмяняць у аўтарскім тэксьце, падмяняючы сабой аўтара, бязь ведама аўтара, не пераканаўшы аўтара, – абвяргаў Кудравец звычайную практыку тагачасных дый сёньняшніх рэдакцый. Зь іншага боку, і аўтар мусіў пераканаць рэдактара ў сваёй рацыі. Працаваць так было, вядома, цяжэй, але і задавальненьне ад уласнае працы выходзіла непараўнальнае. А галоўнае – на парадак лепшае якасьці атрымліваўся прадукт.

Першы акт Кудраўцовай рашучасьці на маёй памяці – ён вярнуў кропкі над «ё» ў слове «Нёман» на вокладцы часопіса і на вулічнай шыльдзе рэдакцыі. Заўважце, што гэта быў яшчэ савецкі час (1987) і часопіс выходзіў па-расейску вялізным накладам, які разыходзіўся па ўсім СССР. Тыя кропкі над «ё», неабавязковыя ў расейскай мове, але абавязковыя ў беларускай, вярталі беларускай рацэ яе нескажоную назву. І гэта быў выклік. У пэўным сэнсе выклікам было й тое, што працоўнай мовай у рускамоўным часопісе за Кудраўцом была ўсталяваная беларуская – мова плянёрак, дачыненьняў міжсобку і з большасьцю аўтараў. «Нерашучы» Кудравец і сам быў чалавек-выклік. (Адна назва кнігі «Сьмерць нацыяналіста» чаго вартая.) Ён змагаўся з савецкай цэнзурай і партыйным начальствам, прычым настолькі эфэктыўна, што маланкі Галоўліту і ЦК да нас, супрацоўнікаў, амаль не даляталі. Мы пісалі тое, што думалі – востра, адкрыта і зусім не пад «дыктоўку партыі». Афіцыёз друкаваў пасквілі на нефармальны рух («Пена на хвалі перабудовы» і іншае), а ў нас зьбіраліся на круглыя сталы самі «адыёзныя» нефармалы. На круглым стале пра ахову помнікаў выступаў «адыёзны» Пазьняк. Самі гутаркі адбываліся ў кабінэце Кудраўца і запісваліся на магнітафон. Практычна кожны нумар «Нёмана» выходзіў з падобнай «бомбай».

Да мяне Кудравец ставіўся па-бацькоўску (дадалася тут і сугучнасьць прозьвішчаў) і адыграў вырашальную ролю ня толькі ў маім лёсе. У пераломныя для Беларусі часы ён быў адным з валадароў грамадзкіх настрояў. Магчыма, яго «нерашучая» зьнешнасьць уводзіла ў зман цэкоўскіх «смотрящих», чым Кудравец карыстаўся напоўніцу. Трэба сказаць, што і роля творчай інтэлігенцыі ў тыя часы была непараўнальная зь сёньняшняй. Яна, папросту кажучы, была.

Цяпер Анатоль Кудравец сышоў у гісторыю – у сваю і нашу яркую, прыгожую і вартую навукі гісторыю, якая толькі пачынае складацца – у тым ліку зь ягоных твораў і ягоных учынкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG