Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На якой мове размаўлялі беларусы-франтавікі


Банэр на будынку Магілёўскага гарвыканкаму

Банэр на будынку Магілёўскага гарвыканкаму

У Беларусі на ўрачыстасьцях да Дня Перамогі дамінуе расейская мова. На ёй выступаюць, віншуюць, заклікаюць. Беларускую ж мову калі і ўжываюць, то зрэдку. А на якой мове гаварылі беларускія салдаты-навабранцы ды партызаны падчас вайны? На якой мове яны пісалі лісты з фронту? На гэтыя пытаньні адказваюць удзельнікі вайны ды цяперашняе пакаленьне беларусаў.

Магілёўская Алея Славы. На ёй двума радамі партрэты герояў Айчыннай вайны. Бальшыня — выхадцы зь беларускіх вёсак. Пытаньне, на якой мове гаварылі беларускія хлопцы і дзяўчаты, ідучы на вайну, мінакоў бянтэжыла. Разгублена яны гадалі, зыходзячы зь цяперашняй моўнай сытуацыі ў краіне.

«Калі яны былі з гораду, то гаварылі, хутчэй за ўсё, па-расейску, а калі зь сельскай мясцовасьці, то на трасянцы ці, можа, па-беларуску, — адказвае спадар сярэдняга веку. — У нас жа большасьць беларусаў на расейскай мове гавораць».

На пярэчаньне, што на пачатку саракавых гадоў хваля русыфікацыі не была такой татальнай, як цяпер, суразмоўнік рэагуе: «Ну чаму вы лічыце, што ў нас татальная русыфікацыя? Беларуская мова была, ёсьць і будзе. Проста ў нас хочаш — гавары на беларускай мове, а хочаш — на расейскай». Алея Славы ў Магілёве

Алея Славы ў Магілёве


Маладзейшыя магілёўцы прызнаваліся, што не зьвярталі раней асаблівай увагі на паходжаньне беларускіх герояў вайны і не задумваліся, якая мова былы для іх родная. Тое, што яны зь вёсак, станавілася для моладзі падказкай. Разважаньні былі падобныя — як, напрыклад, у гэтых двух маладзёнаў:

«На беларускай, вядома ж. Чаму? Ну...» — задумваецца хлопец і, не знаходзячы, што адказаць, зьвяртаецца да дзяўчыны па дапамогу: «Ну, ты падказвай», — кажа ён. Тая дапамагае: «Бо яны зь вёсак». А пасьля вайны, пытаюся, на якой мове гаварылі? — «На расейскай», — адказвае дзяўчына, але тут жа мяняе погляд: «Не, наагул па-беларуску!»

На Алеі Славы сустракаю жанчыну, якая яшчэ ў 1948 годзе дзяўчынай прыехала ў Магілёў на працу з Падмаскоўя. На тое ж пытаньне, пра родную мову беларускіх партызанаў і салдат-навабранцаў, яна адказвае адназначна: «Гаварылі яны па-беларуску».

Чаму так лічыце, пытаюся:

«Вось калі мы ў той час ішлі па горадзе, то ўсе прыслухоўваліся — на якой мове мы гаворым. Тут усе гаварылі на беларускай мове. А мы ня ведалі яе. Вось яны ішлі і вызначалі, што мы не беларусы».

На разьвітаньне жанчына дадала: «Беларусы ж любяць сваю мову». На сьвяточным парадзе беларускай мовы не было. Затое былі партрэты Сталіна

На сьвяточным парадзе беларускай мовы не было. Затое былі партрэты Сталіна


А на якой мове ліставаліся салдаты-беларусы з сваякамі і роднымі? З такім пытаньнем сёньня зьвярнуўся да вэтэранаў вайны, удзельнікаў сьвяточнага параду. Бальшыня бяз роздуму казалі, што на расейскай. Некаторыя ж заявілі, што іхнай мовай была беларуская.

«Ці прыгадаеце, — зьвяртаюся да ўдзельніцы вайны, — якімі былі ў лістах словы? Што пісалі?»

«Няхай жыве родная Беларусь», «Жадаем здароўя» найперш, вядома ж...» Вось так і пісалі беларускімі словамі«, — адказвае былая партызанка і крыху расчаравана адзначае: «Раней было больш словаў беларускіх у мове беларусаў, чым цяпер».
Да вайны ж я ў беларускай школе вучыўся. І па-беларуску пісаў. А вось пасьля вайны ўжо, то на расейскую мову перайшоў


Яшчэ адзін удзельнік вайны зазначыў: «Да вайны ж я ў беларускай школе вучыўся. І па-беларуску пісаў. А вось пасьля вайны ўжо, то на расейскую мову перайшоў. Але ўсё роўна я і цяпер газэты на беларускай мове выпісваю і чытаю».

Беларускага літаратара Фэлікса Шкірманкова вайна засьпела пятнаццацігадовым падлеткам у Глуску. Добраахвотнікам ён пайшоў у зьнішчальны батальён, а адтуль у партызаны. Кажа, што роднай мовай для яго была беларуская. Ведаў і расейскую. На пытаньне — «Ці варта лічыць беларускую мову мовай Перамогі?» — Фэлікс Уладзімеравіч адказвае адназначна: «Так».

«Гаворка, якая ўжывалася тады ў нашым асяродзьдзі, была беларускай. Ну, напрыклад, камандзір партызанскай брыгады Фёдар Сазонавіч Шляхтуноў размаўляў на беларускай мове. Агітацыйныя матэрыялы для насельніцтва выдаваліся на беларускай мове».

Суразмоўнік адзначае, што ў партызанах было шмат акружэнцаў зь іншых савецкіх краёў, пераважна расейцаў. Зь імі гаварылі па-расейску. Між сабой жа беларусы ў партызанах гаварылі па-беларуску.

У музэях захоўваецца багата партызанскіх газэт, адозваў да насельніцтва ды загадаў на беларускай мове. Празь сем дзясяткаў гадоў на ўрачыстасьцях да Дня Перамогі дамінуе расейская мова. Сьвяточнае афармленьне гарадзкіх вуліц Магілёва расейскамоўнае.

Зрэдку сустракаецца і беларушчына. На будынку Магілёўскага гарвыканкаму вывешаны вялізны банэр з надпісам «Мы перамаглі». У горадзе некалькі расьцяжак зь віншаваньнямі на беларускай мове. Расьцяжка зь віншаваньнямі

Расьцяжка зь віншаваньнямі

XS
SM
MD
LG