Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што афіцыйны Менск ня будзе блякаваць падпісаньне дамовы аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу. «На саміце ў Астане 29 траўня мы ня будзем блякаваць падпісаньне дамовы», — сказаў 9 траўня журналістам кіраўнік Беларусі.

Ён адзначыў, што падчас візыту ў Маскву амаль усе двухбаковыя пытаньні, якія мелі інтарэс для Беларусі, былі ўрэгуляваныя.

За свой подпіс пад дамовай Лукашэнка атрымае два мільярды даляраў расейскага крэдыту і яшчэ паўтара мільярда ў наступным годзе праз нафтавае мыта, — падкрэсьлівае кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук:

«Лукашэнка прымусіў Пуціна добра заплаціць за фармальны подпіс. Подпіс пад дамовай дазваляе Лукашэнку працягваць тую палітыку, якую ён праводзіў і раней. Гэта — магчымасьці кантрабанды, магчымасьць павялічэньня квотаў, якія засталіся, і г.д.

За той год-паўтара, што ён атрымаў, Лукашэнка будзе прыдумляць новыя схемы, каб і надалей і яшчэ больш цягнуць грошай з Крамля. У кантэксьце ўкраінска-расейскага канфлікту ён дамагаўся дадатковых грошай. І ён іх дамогся.

Раней Лукашэнка казаў, што не падпіша гэты дакумэнт. Цяпер высьвятляецца, што гэта была частка барацьбы за пашырэньне фінансавай дапамогі з Расеі. І ён выканаў сваю задачу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG